Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лукашэнка пра гэта не падумаў». Экспэрт тлумачыць, як праверка баяздольнасьці беларускага войска супала зь візытам Пампэо


Ілюстрацыйнае фота

Раптоўная праверка баяздольнасьці беларускага войска пачалася празь дзесяць дзён пасьля прызначэньня новага міністра абароны Віктара Хрэніна.

Пра пачатак праверкі Міністэрства абароны Беларусі паведаміла 30 студзеня. Паводле інфармацыі, разьмешчанай на афіцыйным сайце ведамства, праверка будзе працягвацца тры дні — па 1 лютага ўключна. Яна супадае зь візытам у Менск дзяржсакратара ЗША Майка Пампэо. А таксама з чарговым абвастрэньнем беларуска-расейскіх адносін. 31 студзеня беларускія ўлады афіцыйна паведамілі пра падвышэньне падатку на транзыт нафты праз тэрыторыю краіны. Ці можна назваць гэта простым супадзеньнем?


«Такія праверкі — гэта звычайная справа, — кажа ў размове са Свабодай вайсковы экспэрт Аляксандар Алесін. — Па-мойму, у лістападзе 2019 году была аналягічная праверка. Не радзей як адзін раз на год яна праводзіцца, каб вызначыць ступень гатоўнасьці да выхаду ў зададзены раён пэўных відаў войскаў. Так павялося яшчэ з савецкага часу, што новы военачальнік, у дадзеным выпадку новы міністар абароны, заяўляе пра сябе тым, што праводзіць такія вучэньні».

На думку экспэрта, за супадзеньнем праверкі ў беларускай арміі зь візытам дзяржсакратара ЗША ў Менск ня варта шукаць кансьпіралёгіі. Па словах Аляксандра Алесіна, гэта сьведчыць хутчэй пра адсутнасьць каардынацыі ў дзеяньнях розных галін беларускай улады.

«Я думаю, што ніякай сувязі тут няма, — перакананы Алесін. — Нават, магчыма, калі б падумалі, то ня сталі б сумяшчаць гэтыя два мерапрыемствы. Верагодна, дыпляматычнае ведамства і вайсковае працуюць асобна, кожнае па сваіх плянах. А прэзыдэнт Лукашэнка пра гэта не падумаў».


Пра ход праверкі вядома няшмат. «Дзеяньні войскаў пройдуць на палігонах і асобных участках мясцовасьці, — гаворыцца ў афіцыйным паведамленьні Мінабароны. — Улічваючы спэцыфіку задач, якія выконваюцца, войскам трэба будзе дзейнічаць у розных умовах — пераадольваць водныя перашкоды, адпрацоўваць вучэбна-баявыя задачы днём і ноччу як у лясных масівах, так і ў населеных пунктах».

Па словах вайсковага экспэрта Аляксандра Алесіна, раптоўная праверка звычайна закранае часткі, найбольш падрыхтаваныя да рэальных баявых дзеяньняў.

«Гэта часткі павышанай баявой гатоўнасьці, тэхніка якіх не патрэбуе зьняцьця з захоўваньня на складах, — кажа Аляксандар Алесін. — У савецкі час, хоць такія вучэньні і лічыліся раптоўнымі, за дзень да іх пачатку камандзіраў папярэджвалі. Цяпер, я думаю, такой практыкі няма. Салдат падымаюць па трывозе, выдаюць баявую тэхніку і зброю. Затым адбываецца выхад у зададзены раён. Альбо на тэхніцы, альбо на чыгуначным транспарце — гэта больш складаны варыянт. Правядзеньне батальённых альбо брыгадных вучэньняў. Магчыма, баявыя стрэльбы. Затым вяртаньне ў месца дысьлякацыі».

Атрымаць камэнтар у Міністэрстве абароны пакуль не ўдалося.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG