Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што азначаюць новыя прызначэньні «сілавікоў»?


Андрэй Раўкоў, архіўнае фота

Пра тое, што Станіслаў Зась з 1 студзеня 2020 году стане генэральным сакратаром АДКБ і, значыць, пакіне пасаду дзяржаўнага сакратара Савету бясьпекі (СБ) Беларусі, было вядома даўно. Але мінула больш як палова студзеня, а Лукашэнка ўсё ня мог вызначыцца наконт ягонага пераемніка.

Калі паслухаць разважаньні кіраўніка Беларусі, то з кандыдатам на пасаду дзяржсакратара СБ ён вызначыўся даўно. Гэта Андрэй Раўкоў. Але гэтае перамяшчэньне цягнула за сабой цэлы ланцуг іншых кадравых зьменаў, і якраз з гэтым выйшла замінка. Па словах Лукашэнкі, якраз кандыдаты на пасады міністра абароны і начальніка Генштабу разглядаліся некалькі месяцаў.

Пасьля прызначэньня кіраўніком Адміністрацыі прэзыдэнта намесьніка старшыні КДБ Ігара Сяргеенкі можна было чакаць, што на чале СБ стане вылучэнец КДБ. І такім чынам замацуецца трэнд на палітычную замарозку краіны.

Але не. Сакратаром СБ прызначаны кадравы вайсковец. Дарэчы, хоць гэтую пасаду займаў і выхадзец з КДБ (Урал Латыпаў), і памежнік (Генадзь Нявыглас), але ўсё ж у абсалютнай большасьці кіраўнікамі СБ былі менавіта вайскоўцы. Сам Лукашэнка патлумачыў гэта тым, што «армія — ключавы элемэнт сілавога блёку». Гэта значыць, што кіраўніцтва дзяржавы ставіць вонкавую абарону на першае месца. Бо, як сказаў Лукашэнка, «час няпросты», а «вайсковая арганізацыя не цярпіць нявызначанасьці».

Чаму менавіта Андрэй Раўкоў быў прызначаны на пасаду дзяржсакратара СБ? Здаецца, у статусе міністра абароны ён быў на сваім месцы. Раўкоў правёў у войску шэраг рэформаў, зрабіў яго больш сучасным, адаптаваным да новых вонкавых небясьпек. Нягледзячы на скандалы зь «дзедаўшчынай», Лукашэнка ў цэлым быў ім задаволены.

Справа ў тым, што Лукашэнка кіруецца прынцыпам, паводле якога кіраўнік сілавога ведамства не павінен доўгі час займаць сваю пасаду. Бо расьце яго палітычная вага, ён набірае аўтарытэт, а пад яго камандаваньнем — людзі са зброяй. А гэта патэнцыйная небясьпека для аўтарытарнага лідэра. Таму пэрыядычна адбываецца ратацыя. Раўкоў быў міністрам абароны з 2014 году. Больш за пяць гадоў — гэта зашмат. А ў статусе дзяржсакратара СБ ён ня можа аддаваць наўпрост загад войску. (У гэтым сэнсе доўгае знаходжаньне на пасадзе старшыні КДБ Валерыя Вакульчыка — з 2012 году — трохі выпадае з агульнага правіла).

Новы міністар абароны Віктар Хрэнін — этнічны беларус. Першапачатковую вайсковую адукацыю атрымліваў у Расеі фактычна яшчэ ў часы СССР. А працягваў яе ў Вайсковай акадэміі Беларусі.

А вось новы начальнік Генэральнага штабу Ўзброеных Сіл Беларусі Аляксандар Вальфовіч нарадзіўся ў Казані, у 2008 годзе скончыў Вайсковую акадэмію Расейскай Фэдэрацыі. Ці мае гэта нейкае значэньне? Магчыма, што і не. Проста факт біяграфіі.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG