Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка да прэзыдэнцкіх выбараў анансаваў Усебеларускі народны сход


Ілюстрацыйнае фота

У часе размовы са старшынём Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаілам Ордам Аляксандар Лукашэнка паведаміў, што ў 2020 годзе мае прайсьці Ўсебеларускі народны сход.

Лукашэнка сказаў Орду, што хоча ўзяць асабісты ўдзел у будучым зьезьдзе ФПБ:

«Тым больш, такі палітычна важны год: прэзыдэнцкія выбары, зьезд народу Беларусі — Усебеларускі народны сход, які выпрацуе стратэгію на пэрспэктыву. Прафсаюзы тут павінны выканаць сваю ролю», — перадае словы Лукашэнкі ягоная прэс-служба.

Калі менавіта пройдзе сход, невядома. Але трэці і чацьвёрты сходы (усяго іх было пяць) праходзілі за два тыдні да выбараў. Самы першы Ўсебеларускі сход прайшоў у 1996 годзе за месяц да рэфэрэндуму, на які выносілася пытаньне пашырэньня паўнамоцтваў Лукашэнкі. Другі — за чатыры месяцы да прэзыдэнцкіх выбараў, а пяты — ажно праз восем месяцаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.

Апошнія чатыры сходы праходзілі ў менскім Палацы рэспублікі. Чатыры зь пяці сходаў (акрамя другога) працягваліся два дні.

На такіх сходах, дзе прадстаўленыя ўрад, парлямэнт, кіраўнікі органаў мясцовай улады, Лукашэнка фактычна зацьвярджае сваю перадвыбарчую праграму і праграму разьвіцьця Беларусі на пяць гадоў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG