Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму беларуская мова перамагае ў інтэрнэце


У апытанцы на сайце дзяржаўнага тэлеканалу ОНТ, у якой тэлекампанія, сярод іншага, папрасіла выказацца наконт мовы магчымага сэрыяла беларускай вытворчасьці, пераканаўча перамагае беларуская мова.

  • «На русском языке 1624
  • На беларускай мове 3984»

Апытанка — пра канкрэтны праект, але гэта ўжо дэталі. Думаю, за беларускую мову прагаласавалі б хоць па якой тэме. Дзеля прынцыпу і пазнакі сваёй волі.

Асабіста я зайшоў на старонку з апытанкай пасьля таго, як пяты раз сустрэў у фэйсбуку перапост інфармацыі з заклікам галасаваць за беларускую мову. Для мяне відавочна, што мала хто з маіх рэальных знаёмых ці фрэндаў у сацсетках верыць, што беларуская дзяржаўная тэлевізія можа стварыць якасны сэрыял. Як і многія, я прагаласаваў, каб зрабіць прамоцыю свайму перакананьню — беларуская мова павінна разьвівацца, а не выкарыстоўвацца паводле рэшткавага прынцыпу.

Асноўны аргумэнт беларусаскептыкаў, а тым больш беларусафобаў, базуецца на словах «большасьць» і «меншасьць». Маўляў, большасьць гаворыць па-расейску. У такіх дыскусіях можна іранізаваць з трасянкі і беларускай вэрсіі расейскай мовы. А можна задаць апанэнту пытаньне: ці гатовы ён змагацца за сваю расейскую мову? Ладзіць пікеты, распачынаць цяжбы ў дзяржаўных установах? Аб’ядноўвацца ў грамадзкія арганізацыі ды ініцыятывы? А ўсё разам, з гледзішча сучаснай улады, — «палітызаваць» пытаньне расейскай мовы?

Я сумняюся, што для большасьці беларусаў расейская мова мае нейкае дадатковае значэньне, апроч функцыянальнага. Нездарма большасьць беларусаў падчас перапісаў насельніцтва трывала называе беларускую мову роднай. Для кагосьці яна і праўда мова пры нараджэньні, але для ўсіх прыхільных — гэта мова ня толькі і ня столькі функцыяналу, колькі эмоцыі. «Роднае — сваё беларускае». Як згадкі дзяцінства, як краявід, у якім гадаваўся.

У нашым выпадку «большасьць» і «меншасьць» трэба разглядаць з гледзішча якасьці. Беларускай літаратурнай мовай карыстаюцца, альбо маральна падтрымліваюць яе, людзі з актыўнай грамадзянскай пазыцыяй. І шырэй — з актыўнай чалавечай пазыцыяй.

За перавод абвестак у электрычках на беларускую мову подпісы зьбіраюць, а на хоць які акт дэбеларусізацыі — не. Дык чаму ў сеціве беларуская мова прысутнічае актыўна, а ў рэальным жыцьці — не? Мяркую, вінаватая ўся тая самая часава і маральна састарэлая фармулёўка: беларуская мова — «мова апазыцыі». Фармулёўка, карані якой месьцяцца яшчэ ў царскіх, а пасьля сталінскіх часах. Мясцовае ў калёніі — як апазыцыйнае палітыцы мэтраполіі. А ад 1994 году — як апазыцыйнае першаму прэзыдэнту.

Дэпалітызацыя беларускай мовы выведзе яе на якасна новы ўзровень. Галоўнае — не забывацца пра слова «якасьць». Беларуская мова будзе аўтаматычна прыцягваць да сябе новых карыстальнікаў, толькі калі будзе падтрымліваць звышпрафэсійныя і звышсэнсоўныя прадукты ды ініцыятывы.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG