Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дабрабыт для абраных


Наста Захарэвіч
Наста Захарэвіч

Ня ўсе мэты ўстойлівага разьвіцьця аднолькава важныя для беларусак і беларусаў. Гэта лягічна, бо ў любым сьпісе дабротаў мы ўсе абіраем для сябе найбольш і найменш жаданыя. Але ж убачыць разьмеркаваньне прыярытэтаў дужа цікава, хоць вынік і прадказальны — найбольш актуальнымі мэтамі фокус-групы палічылі здароўе і дабрабыт, найменш актуальнай стала гендэрная роўнасьць.

Гэтае дасьледаваньне SATIO CIVITTA Group чарговы раз паказвае, што людзі часта ўспрымаюць гендэрныя праблемы як нешта другаснае і нявартае ўвагі. І пры гэтым яны ня бачаць, што гендэрная няроўнасьць замінае і здароўю, і дабрабыту, і эканамічнаму росту, і правасудзьдзю (апошні два пункты таксама апынуліся ў топе паводле актуальнасьці).

Дарэчы, у сьпісе мэтаў гендэрная роўнасьць зусім крыху адстала паводле актуальнасьці ад агульнага зьмяншэньня няроўнасьці. Але ж чым больш у грамадзтве няроўнасьці, тым павольней яно разьвіваецца.

Дасьледаваньні паказваюць, што гендэрная роўнасьць добра ўплывае на эканоміку — рост жаночай занятасьці прыводзіць да значнага павышэньня дабрабыту. Паводле Міжнароднага валютнага фонду, ад скарачэньня гендэрнага разрыву ва ўдзеле ў працоўнай сіле расьце колькасьць рынкавай прадукцыі. Банкі, у чыіх радах дырэктараў большая доля жанчын, аказваюцца больш устойлівымі ў стрэсавых сытуацыях.

Так званы гендэрны фактар уплывае і на колькасьць гвалту (асабліва хатняга) ў грамадзтве. Фінансавая залежнасьць жанчын, нярэдка абумоўленая гендэрнымі стэрэатыпамі і «шкляной стольлю», часам становіцца апраўданьнем агрэсіі для мужчын, зь якімі яны жывуць. Фізычны і псыхалягічны гвалт прыводзіць ня толькі да пакутаў жанчын, але і да дадатковай нагрузкі на эканоміку — яны часова альбо назаўжды страчваюць працаздольнасьць, больш карыстаюцца мэдычнымі паслугамі, перастаюць плаціць падаткі. Дасягненьне гендэрнай роўнасьці дазволіць жанчынам хутчэй выходзіць зь небясьпечных стасункаў.

Такім чынам, называць гендэрную роўнасьць няважнай ці неактуальнай мэтай — проста недальнабачна, бо ад яе наўпрост залежыць дасягненьне іншых мэтаў, безумоўна ня менш істотных.

А што будзе, калі імкнуцца да добрай адукацыі, мэдыцыны, справядлівых судоў і эфэктыўных інстытутаў, але ігнараваць прынцып роўнасьці (у тым ліку гендэрнай)? Тады мы атрымліваем суды, лякарні і школы, дзе стаўленьне да чалавека адрозьніваецца ў залежнасьці ад сацыяльнага статусу, палітычных поглядаў і полу.

Гэта акурат тая сыстэма, якую мы маем цяпер. У судах грамадзянскім актывісткам і актывістам выпісваюць вялізныя штрафы за іх палітычную пазыцыю, у школы дзяцей часам прымаюць з умовай, што бацькі набудуць у кабінэт кампутар альбо яшчэ неяк падтрымаюць установу, у паліклініках і лякарнях скаргі жанчын на самаадчуваньне пэрыядычна недаацэньваюць.

Жанчыны з прыкметамі сардэчнай недастатковасьці маюць менш шанцаў на своечасовае паўнавартаснае абсьледаваньне, чым мужчыны, і ў гэтага фэномену нават ёсьць свая назва — сындром Ентл. А яшчэ жанчыны, у якіх ёсьць муж і дзеці, часта адкладваюць зварот да доктара, пакуль ня выканаюць усе хатнія абавязкі, і гэта таксама наступства гендэрных стэрэатыпаў. Гэтая і іншыя асаблівасьці мэдычнай дапамогі жанчынам былі апісаныя ў мэтааналізе 43 тэматычных дасьледваньняў у 2015 годзе.

Наступствы гендэрнай няроўнасьці — гэта ня проста чыесьці абстрактныя крыўды, а вельмі нават вымяральныя зьявы: страты дзяржаўнага бюджэту, няўстойлівасьць прыватных кампаній, сьмерці ў выніку несвоечасовай дыягностыкі сур’ёзных захворваньняў.

І калі мы кажам пра неабходнасьць эканамічнага росту краіны, трэба ўзгадваць пра сьпіс забароненых для жанчын прафэсій і закрытасьць для дзяўчат пэўных навучальных спэцыяльнасьцяў. Калі кажам пра праблемы ў сфэры адукацыі, трэба памятаць пра тое, што хлопчыкаў у школах па-ранейшаму вучаць тэхнічнай працы, а дзяўчатак — абслугоўваючай. А калі хочам лепшага дабрабыту, трэба ўзгадваць, што жанчыны ў Беларусі зарабляюць на 27,3% менш за мужчын.

Немагчыма імкнуцца да агульнага дабра і пры гэтым ігнараваць гендэрную і агульную сацыяльную няроўнасьць. Не, ну чыста тэхнічна гэта магчыма, канечне, але што атрымаецца ў фінале? Новая каставае грамадзтва — ня надта ўдалая ідэя для эўрапейскай краіны ХХІ стагодзьдзя.

Зразумейце правільна: мяне, канечне, радуе, што людзі так хвалююцца пра агульны дабрабыт, якасную адукацыю і справядлівыя суды. Але ж вельмі хочацца, каб пры гэтым мелі на ўвазе ўсё грамадзтва, а ня толькі найбольш «удачлівую» яго частку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG