Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывіста, які размаляваў рукі помніка Пушкіна, не адправілі ў Навінкі


Піліп Шаўроў
Піліп Шаўроў

Піліпу Шаўрову, які абмаляваў помнік Пушкіну, без тлумачэньня прычыны адклалі экспэртызу ў Навінках. Пра гэта Свабодзе паведаміла жонка актывіста Вольга Шаўрова.

Піліпа 27 студзеня павінны былі перавесьці з «Валадаркі» для праходжаньня экспэртызы ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтар псыхічнага здароўя ў Навінках.

«Гэта ў іх стандартная працэдура для абвінавачаных у хуліганстве, казала мне сьледчая. А цяпер высьвятляецца, што экспэртызу адклалі, Піліпа пакінулі ў ізалятары. Чаму і калі што зьменіцца, нічога ня кажуць», — сказала Вольга Шаўрова.

19 студзеня Піліп Шаўроў прыйшоў у міліцыю і павініўся, што гэта ён напярэдадні пафарбаваў чырвоным кісьці рук помніка Пушкіну, што каля менскага гатэля «Беларусь». На актывіста «Маладога фронту» завялі крымінальную справу аб хуліганстве, яму пагражае да 3 гадоў зьняволеньня. У афіцыйнай інфармацыі зь менскай міліцыі сьцьвярджаецца, што матыў учынку Піліпа Шаўрова невядомы.

Вольга Шаўрова таксама кажа, што дагэтуль ня ведае, чаму яе муж вырашыў гэтак абысьціся менавіта з помнікам Пушкіну. Вольгу выклікалі ў Сьледчы камітэт на допыт, але яна адмовілася даваць паказаньні на мужа.

Ужо тыдзень Піліпа Шаўрова трымаюць у менскім СІЗА на вуліцы Валадарскага. Што вядома пра ўмовы, у якіх знаходзіцца актывіст?

«Інфармацыі пра гэта ў мяне няма. Днямі зь Піліпам бачыўся адвакат, але нічога не расказаў. Піліп прасіў перадаць харчы і адзеньне, што я адразу зрабіла. Яшчэ прасіў канвэрты, бо зьбіраецца адпраўляць лісты сябрам. Дарэчы, перадаў, што ў мінулы чацьвер ужо з „Валадаркі“ напісаў і адправіў мне ліст, але я дагэтуль ліста не атрымала. І яшчэ адвакат перадаў ад Піліпа, што пакуль заявы для прэсы ў яго няма», — сказала жонка актывіста.

На сайце molamola.by ідзе збор сродкаў на перадачы Піліпу Шаўрову, адваката для яго і падтрымку ягонай сямʼі.

Што здарылася?

17 студзеня стала вядома, што нехта пафарбаваў чырвонай фарбай рукі помніка Аляксандру Пушкіну, што каля гатэля «Беларусь» у Менску.

Помнік Аляксандру Пушкіну ў Менску
Помнік Аляксандру Пушкіну ў Менску

Амбасада Расеі выступіла з адмысловай заявай, а Сьледчы камітэт Беларусі завёў крымінальную справу аб пашкоджаньні помніка. У першай палове 20 студзеня стала вядома, што ў нанясеньні фарбы на помнік Пушкіну прызнаўся актывіст «Маладога фронту» Піліп Шаўроў, які 19 студзеня сам прыйшоў у міліцыю. Матывы ўчынку актывіста пакуль невядомыя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG