Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі амбасадар: Польшча ў даўгу перад СССР за вызваленьне ад фашызму


Расейскі амбасадар у Польшчы Сяргей Андрэеў
Расейскі амбасадар у Польшчы Сяргей Андрэеў

Амбасадар Расеі ў Польшчы Сяргей Андрэеў заявіў 27 студзеня, што сёньняшняя Польшча існуе дзякуючы перамозе Савецкага Саюзу ў Другой сусьветнай вайне, паведаміла агенцтва ТАСС.

«Калі б не было гэтай перамогі, не было б ні Польшчы, ні палякаў на гэтай зямлі. Вядома, які лёс быў падрыхтаваны гэтай краіне і яе народу. Калі ўжо казаць пра даўгі, то гэта Польшча ў неаплатным даўгу і перад Расеяй, і перад іншымі дзяржавамі былога Савецкага Саюзу», — сказаў Андрэеў журналістам у польскім горадзе Асьвенцім перад урачыстым адзначэньнем 75-годзьдзя вызваленьня нацысцкага лягеру сьмерці Аўшвіц-Біркенаў.

У апошнім часе Масква і Варшава абмяняліся рэзкімі заявамі наконт ацэнкі сваёй ролі ў разьвязаньні Другой сусьветнай вайны.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін сказаў на прэс-канфэрэнцыі ў сьнежні, што Польшча «сама паўдзельнічала ў разьдзеле Чэхаславаччыны» ў 1938 годзе, а савецкія войскі ўвайшлі ў Польшчу ў 1939 годзе пасьля таго, як «польскі ўрад страціў кантроль над сваімі ўзброенымі сіламі і над тым, што адбываецца на тэрыторыі краіны».

Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі адказаў на словы Пуціна заявай, што Пуцін «шмат разоў хлусіў пра Польшчу, і заўсёды рабіў гэта наўмысна». Маравецкі падкрэсьліў, што без суўдзелу тагачаснага кіраўніка СССР Іосіфа Сталіна ў разьдзеле Польшчы ў 1939 годзе і без прыродных рэсурсаў, якія Сталін пастаўляў Гітлеру, нацысцкай Нямеччыне не ўдалося б узяць Эўропу пад свой кантроль. «Дзякуючы Сталіну Гітлер мог беспакарана заваёўваць новыя краіны і адпраўляць габрэяў у гета», — адзначыў польскі прэм’ер-міністар.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG