Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскі прэм’ер-міністар абвінаваціў Пуціна ў хлусьні


Матэвуш Маравецкі; Уладзімір Пуцін

Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі заявіў, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін «шмат разоў хлусіў пра Польшчу, і заўсёды рабіў гэта наўмысна».

Гэтае сьцьвярджэньне ўтрымліваецца ў заяве Маравецкага, апублікаванай на афіцыйным сайце кіраўніка польскага ўраду 29 сьнежня. Хлусьня з расейскага боку звычайна паступае ў тых выпадках, калі «расейскія ўлады адчуваюць міжнародны ціск, зьвязаны зь іх дзейнасьцю», лічыць польскі прэм’ер-міністар.

У сваёй заяве Маравецкі падкрэсьліў, што Польшча першай пацярпела ад агрэсіі нацысцкай Нямеччыны і была першай краінай, «якая змагалася за абарону свабоднай Эўропы». Пры гэтым, дадаў ён, без суўдзелу тагачаснага кіраўніка СССР Іосіфа Сталіна ў разьдзеле Польшчы і без прыродных рэсурсаў, якія Сталін пастаўляў Гітлеру, нацысцкай Нямеччыне не ўдалося б узяць Эўропу пад свой кантроль. «Дзякуючы Сталіну Гітлер мог беспакарана заваёўваць новыя краіны і адпраўляць габрэяў у гета», — напісаў польскі прэм’ер-міністар.

Заява Маравецкага, найбольш верагодна, зьвязаная са словамі Пуціна, сказанымі падчас яго прэс-канфэрэнцыі 19 сьнежня. Тады кіраўнік расейскай дзяржавы заявіў, што Польшча «сама паўдзельнічала ў разьдзеле Чэхаславаччыны», а савецкія войскі ўвайшлі ў Польшчу пасьля таго, як «польскі ўрад страціў кантроль над сваімі ўзброенымі сіламі і над тым, што адбываецца на тэрыторыі краіны».

Пазьней Пуцін у рэзкіх выразах адазваўся аб амбасадары Польшчы ў нацысцкай Нямеччыне Юзэфу Ліпскім, які, паводле кіраўніка Расеі, падтрымліваў ідэю Гітлера выслаць габрэяў у Афрыку. «Сволач, сьвіньня антысэміцкая — па-іншаму сказаць нельга», — адзначыў Пуцін у адносінах да Ліпскага.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG