Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскага амбасадара выклікалі ў МЗС Польшчы за выказваньні Пуціна


Амбасадар Сяргей Андрэеў

Амбасадар Расеі ў Варшаве Сяргей Андрэеў у пятніцу быў выкліканы ў Міністэрства замежных справаў Польшчы ў сувязі з апошнімі крытычнымі заявамі прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна на адрас Польшчы ў кантэксьце абставінаў пачатку Другой сусьветнай вайны.

Намесьнік міністра замежных справаў Польшчы Марцін Пшыдач адзначыў, што ўлады краіны перадалі расейскаму амбасадару рашучы пратэст супраць «гістарычных інсіынуацый» Пуціна і іншых расійскіх кіраўнікоў. Паводле намесьніка міністра, апошнія заявы з Масквы заснаваныя на «сталінскім гістарычным наратыве» і прапагандзе таталітарызму.

МЗС Польшчы раней выступіў з заявай, у якой гаворыцца, што апошнія цьверджаньні Пуціна перакрэсьліваюць супольную працу расейскіх і польскіх гісторыкаў у справе выяўленьня гістарычных фактаў, а таксама намаганьні папярэднікаў Пуціна — Міхаіла Гарбачова і Барыса Ельцына, якія прызналі адказнасьць СССР за разьвязаньне Другой сусьветнай вайны. У заяве падкрэсьліваецца, што СССР у 1939 годзе быў саюзьнікам гітлераўскай Нямеччыны, а Польшча — яе ахвярай.

Расейскі амбасадар па выніках гутаркі ў МЗС Польшчы сказаў, што яна была «жорсткая, але цалкам карэктная». Ён прызнаў, што гаворка ішла пра выступы Пуціна, і пры гэтым сказаў, што Расея «нікому не дазволіць чытаць ёй натацыі».

  • Пуцін апошнімі днямі некалькі разоў выказаўся на тэму пачатку Другой сусьветнай вайны, палітыкі Польшчы і СССР у перадваенныя гады, так званага пакту Молатава — Рыбэнтропа. Ён узьняў гэтую тэму на прэс-канфэрэнцыі, затым на саміце СНД і на калегіі Міністэрства абароны Расеі. Пуцін, у прыватнасьці, абвінаваціў Польшчу ў супрацоўніцтве зь Нямеччынай пры падзеле Чэхаславаччыны, назваў польскага амбасадара ў Бэрліне «антысэміцкай свіньнёй» і фактычна апраўдаў савецкае ўварваньне ў Польшчу ў верасьні 1939 году, паўтарыўшы тэзісы савецкай прапаганды пра тое, што польскі ўрад тады фактычна не кіраваў краінай. Выказваньні Пуціна выклікалі рэзкую рэакцыю Польшчы і спрэчкі ў расейскім грамадзтве.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG