Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп: Мы пацьвярджаем нашую прыхільнасьць барацьбе з атрутай антысэмітызму


Дональд Трамп

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп выступіў з заявай з нагоды Міжнароднага дня памяці ахвяраў Галакосту. Паводле яго ў гэты дзень у сьвеце прыгадваюць «мільёны душаў, загіблых у выніку жахлівых злачынстваў, учыненых нацысцкім рэжымам».

«Мы таксама пацьвярджаем нашую непахісную прыхільнасьць барацьбе з агіднай атрутай антысэмітызму, дзе б і як бы ён ні выяўляўся» — гаворыцца ў заяве прэзыдэнта ЗША.

Па словах Трампа сёлета Міжнародны дзень памяці ахвяр Галакосту асабліва важны, паколькі адзначаецца 75-я гадавіна вызваленьня лягеру Асьвенцім. «Аплакваючы тых, хто стаў ахвярай гвалту і катаваньняў або быў забіты ў Асьвенціме і іншых канцэнтрацыйных лягерах і лягерах сьмерці, мы таксама ўшаноўваем герояў, што рызыкавалі, а нярэдка і ахвяравалі, сваім жыцьцём, каб дапамагчы вызваліць лягеры. Іх ахвяры дапамаглі сілам свабоды атрымаць верх і зрабіць так, каб гэтыя зьверствы ніколі не паўтарыліся», — гаворыцца ў заяве.

«На жаль, да гэтага часу ёсьць габрэйскія мужчыны, жанчыны і дзеці, якія сутыкаюцца з перасьледам і дыскрымінацыяй сёньня — дадаў Трамп. — У мэтах барацьбы з антысэмітызмам у ЗША ў сьнежні 2019 году я выдаў указ, які дапаможа процідзейнічаць расісцкай і антысэміцкай дыскрымінацыі. Мы ніколі ня будзем цярпець антысэмітызм і дадзеная мера падмацуе намаганьні маёй адміністрацыі па стварэньні культуры павагі, у якой глыбока шануецца годнасьць кожнага чалавечага жыцьця».

«У гэты дзень мы заклікаем сьвет паразважаць і пастарацца гарантаваць, што мы будзем адзіныя ў барацьбе з нецярпімасьцю і прыгнётам людзей любой расы, любой рэлігійнай ці этнічнай прыналежнасьці. Для таго, каб гэтыя жудасныя злачынствы супраць Бога і чалавецтва ніколі не паўтарыліся, мы павінныя рашуча ўзьняцца на барацьбу са злом і рэпрэсіўнымі рэжымамі з дапамогай дэмакратыі, справядлівасьці і спагады, якія ёсьць у сэрцах усіх амэрыканцаў», — рэзюмаваў Дональд Трамп.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG