Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка пра канфлікт з Расеяй: «Я не хачу быць апошнім прэзыдэнтам Беларусі»

абноўлена

Аляксандар Лукашэнка, лістапад 2019
Аляксандар Лукашэнка, лістапад 2019

Аляксандар Лукашэнка 24 студзеня, знаходзячыся ў Шклове, пракамэнтаваў канфлікт з Расеяй наконт паставак нафты ў Беларусь.

Што сказаў Лукашэнка?

  • «Расія пачала падатковы манэўр спэцыяльна, каб націснуць на Беларусь. Для чаго яны вырашылі націснуць — здагадайцеся самі...», — цытуе Лукашэнку «Пул первого».
  • «Нязгода і канфлікт з Расеяй адбыліся праз тое, што ад нас запатрабавалі плаціць за нафту па цэнах, вышэйшых за сусьветныя».
  • «Гэта [Расея] сапраўды наш галоўны саюзьнік. Можа адумаюцца і вярнуцца да нармалёвых адносінаў. Мы хочам працаваць зь імі, але на роўных умовах».
  • «Я не хачу быць апошнім прэзыдэнтам Беларусі. Пачэсна быць першым, але апошнім быць я не хачу».
  • «У нас ёсьць свая краіна. Мы сувэрэнныя і незалежныя. Мы сваімі мазгамі і рукамі, што маглі, зарабілі, будуем сваю краіны. І мы ня можам быць часткай якой-небудзь краіны. Я не магу вам здрадзіць і растварыць Беларусь, хай нават у нашай братэрскай Расеі», — цытуе Лукашэнку БелТА.

Што важна ведаць пра расейскі падатковы манэўр

Нафтавы падатковы манэўр у Расеі — паступовая замена спагнаньня экспартнага мыта падаткам на здабычу карысных выкапняў (ПЗКВ). Экспартнае мыта будзе зьмяншацца адначасова з павелічэньнем ПЗКВ.

  • Расея пачала рэалізацыю падатковага манэўра зь 2019 году.
  • Да канца 2018 году экспарт сырой нафты ў Расеі абкладаўся экспартным мытам у памеры 30% ад цаны. Мыта не спаганялася з паставак на ўнутрырасейскі рынак і ў межах квоты ў Беларусь.
  • У 2017-2018 гадах квота на пастаўкі бязмытнай расейскай нафты для Беларусі складала 24 млн тон (18 млн тон перапрацоўвалі беларускаія НПЗ, 6 млн тон ішлі на рээкспарт).
  • Беларусь мела права абкладаць экспартным мытам свае нафтапрадукты, вырабленыя з расейскай бязмытнай нафты, якія прадавала ў трэція краіны. Беларускае мыта ішло ў беларускі бюджэт.

Страты і кампэнсацыя

  • У сьнежні 2018 г. у адміністрацыі Лукашэнкі сьцьвярджалі, што за 3 апошнія гады Беларусь недаатрымала $3,6 млрд, а за наступныя 4 гады недаатрымае $11 млрд пры найгоршым разьвіцьці падзей.
  • Паводле падлікаў рэйтынгавага агенцтва Fitch, наўпроставыя страты беларускай эканомікі складуць $10,6 млрд цягам 2019–2024 гг.
  • Дырэктар дасьледніцкага цэнтру ІПМ Аляксандар Чубрык падлічыў, што страты для бюджэту Беларусі ў 2019 годзе склалі $272,3 млн. ​
  • У кастрычніку 2018 Расея абяцала пералічыць у бюджэт Беларусі каля $405 млн у якасьці аплаты экспартнага мыта за нафту. Пазьней у кампэнсацыі адмовілі.
  • 18 сьнежня 2019 расейскі партал РБК паведаміў са спасылкай на свае крыніцы, што Расея кампэнсуе Беларусі страты ад манэўра праз зваротны акцыз для беларускіх НПЗ. Суму субсыдыяў ацанілі ў $1,5 млрд. Афіцыйнага пацьвярджэньня гэтай інфармацыі не было.

Кароткая гісторыя нафтагазавых канфліктаў Беларусі і Расеі

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG