Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чыя інваліднасьць не замінае садзіць у турму


Парадокс гуманнасьці: мужчыну, які два месяцы хаваў сына ў Расеі, ня сталі караць за зьбіцьцё цяпер ўжо былой жонкі, бо ў яго інваліднасьць другой групы. Якая, што праўда, не замінала яму ні жанчыну біць, ні таемна вывозіць сына ў Расею.

Тое, што інваліднасьць можа разглядацца як зьмякчальны фактар у крымінальных справах — някепская практыка сама па сабе. Але ж д’ябал, як водзіцца, у дэталях.

Лёгіка дзяржавы (і гуманнага стаўленьня) такая: чалавек з інваліднасьцю мае асаблівыя патрэбы праз свой фізычны і псыхічны стан, а ва ўмовах пазбаўленьня волі няма магчымасьці задаволіць гэтыя патрэбы, таму даваць такому чалавеку рэальны тэрмін — негуманна. Але ж у выпадку з Вітальдам Якімчыкам судзьдзя вырашыў, што яго варта цалкам вызваліць ад крымінальнай адказнасьці. Хворае сэрца нібыта дазваляе біць былую жонку і не баяцца наступстваў.

Такі падыход негуманны для пацярпелай, але рэч ня толькі ў гэтым. Якімовіча вызвалілі ад адказнасьці не праз хваробу, а галоўным чынам праз тое, што хатні гвалт дагэтуль ня лічыцца ў Беларусі сапраўдным злачынствам.

У іншых выпадках інваліднасьць не становіцца нагодай для закрыцьця крымінальных справаў. У 2015 годзе мужчына з другой групай інваліднасьці быў асуджаны на 9 гадоў калёніі строгага рэжыму, бо ў ягонай кватэры знайшлі менш за грам наркотыкаў (марыхуана і спайс), пусты пакет ад сумесяў для паленьня і чэк на аплату наркотыка. У 2016 годзе ў Добрушы мужчына, які перасоўваецца на вазку, кінуў камень у кабіну машыніста, бо цягнік не дазваляў яму хутка праехаць да прыбіральні. Вырак — адзін год пазбаўленьня волі.

Кепскі стан здароўя спрацоўвае, калі суд лічыць супрацьпраўнае дзеяньне недастаткова сур’ёзным, і ўпарта ігнаруецца, калі злачынства аказваецца ў сьпісе тых, на якія дзяржава не заплюшчвае вочы.

З ужываньнем і распаўсюдам наркатычных сродкаў у нас змагаюцца актыўна, так што праблемы са здароўем падсуднага ня сталі перашкодай для судзьдзі, каб даць таму рэальнае пазбаўленьне волі. Пашкоджаны цягнік і напалоханы машыніст — таксама сур’ёзная справа, вартая сапраўднага пакараньня. А са зьбітай жонкай усё інакш — Вітальда Якімовіча ня толькі не адправілі сядзець два месяцы, як прасіла пацярпелая, але ня сталі нават накладваць на яго штраф і патрабаваць выплаціць былой жонцы кампэнсацыю.

І калі адмову ад пазбаўленьня волі можна патлумачыць інваліднасьцю Якімовіча, дык што ня так з фінансавай адказнасьцю? Як хворае сэрца замінае яму выплаціць кампэнсацыю? Яшчэ месяц таму яно не замінала яму хаваць сына ў іншай краіне!

Разьвязка гэтай гісторыі — чарговы плявок у твар усім, хто дабіваецца таго, каб закон аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту быў нарэшце прыняты ў Беларусі. І пакуль нашыя праціўнікі сьцьвярджаюць, што існуючых законаў дастаткова, рэальнасьць дае моцную поўху — і асобнага закону няма, і агульныя не працуюць. І зьменаў блізкім часам чакаць ня варта — старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па нацыянальнай бясьпецы Алег Белаконеў заяўляе, што ініцыяваньне законапраекту, які «рэгулюе такія праваадносіны, у цяперашні час лічым немэтазгодным».

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG