Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АМАПавец зьмяніў паказаньні. Журналістку «Новага часу» зноў будуць судзіць за акцыю, на якой яе не было


Журналістка Дзіяна Серадзюк у Першамайскім раённым судзе Менску 10 студзеня 2020 году

Супраць журналісткі газэты «Новы Час» Дыяны Серадзюк складзены новы адміністрацыйны пратакол. Журналістку зноў абвінавачваюць ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі 20 сьнежня. паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.

На папярэднім судовым паседжаньні супрацоўнік АМАП Віталь Івашка сьцьвярджаў, што бачыў Серадзюк на акцыі 20 сьнежня на Кастрычніцкай плошчы ў Менску, з 18:00 да 18:30. Паводле АМАПаўца, журналістка стаяла «недзе каля ялінкі» зь бел-чырвона-белым сьцягам і выкрыквала лёзунгі.

Дыяна Серадзюк на судзе распавяла, што была ў час акцыі ў знаёмай у іншай частцы гораду. Гэта пацьвердзіў ейны муж і тая знаёмая, у якой гасьціла журналістка.

Пасьля гэтага судзьдзя Максім Трусевіч адправіў справу на дапрацоўку.

У выніку супрацоўнікі міліцыі склалі супраць журналісткі новы пратакол. У сваім новым рапарце супрацоўнік міліцыі, які даваў у судзе расьпіску аб адказнасьці за дачу заведама ілжывых тлумачэньняў, паведамляе, што бачыў Дзіяну Серадзюк на акцыі з 21:00 да 21:30.

Новы судовы працэс супраць журналісткі «Новага часу» пройдзе ў судзе Першамайскага раёна Менску 27 студзеня ў 11:00.

Серадзюк ужо раней судзілі за ўдзел у «несанкцыянаваным мерапрыемстве», якое яна асьвятляла для «Новага часу»: акцыі з ускладаньнем караблікаў ля расейскай амбасады ў Менску 27 лістапада 2018 году. На судзе супраць журналісткі паводле таго ж артыкулу 23.34 КаАП у 2017 годзе сьведкі прызналіся: супрацоўнікі міліцыі прынесьлі ім гатовы пратакол і прымусілі падпісаць, паабяцаўшы, што нікуды іх выклікаць ня будуць.

Закон аб СМІ дае журналісту права прысутнічаць «у раёнах узброеных канфліктаў ці надзвычайных сытуацый, на масавых мерапрыемствах, у месцах іншых грамадзка важных падзей і перадаваць адтуль інфармацыю».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG