Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці пойдзе Лукашэнка шляхам Назарбаева і Пуціна?


Нурсултан Назарбаеў, Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін
Нурсултан Назарбаеў, Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін

Прапановы па зьмене Канстытуцыі Расеі, вылучаныя Ўладзімірам Пуціным — спроба вырашыць цяжка вырашальную ў аўтарытарных сыстэмах праблему пераемнасьці ўлады. Раней падобную схему рэалізаваў лідэр Казахстану Нурсултан Назарбаеў. Уяўляецца, што і Аляксандар Лукашэнка пойдзе тым жа шляхам.

Сьцісла:

  • Абставіны менш пільна прымушаюць Лукашэнку вырашаць праблему пераемнасьці ўлады, чым Назарбаева і Пуціна.
  • У аўтарытарнай сыстэме зьмена першай асобы спараджае небясьпеку вайны ўсіх супраць усіх.
  • «Квадратура кола» аўтарытарнай сыстэмы — як сысьці не сыходзячы, стварыўшы ролі «старэйшага» і «малодшага» цароў.

Пры гэтым варта адзначыць, што абставіны прыціскаюць беларускага кіраўніка ў меншай ступені, чым яго казахстанскага і расейскага калегаў. Назарбаеў, калі сыходзіў з пасады прэзыдэнта, меў вельмі сталы век, Пуцін з уласных меркаваньняў не хацеў здымаць абмежаваньне ў два тэрміны для прэзыдэнта.

Лукашэнка маладзейшы за Назарбаева, абмежаваньне на тэрміны прэзыдэнцтва ў Беларусі было зьнятае яшчэ ў 2004 годзе. Здавалася б, абірайся, пакуль здароўя хапае. Тым ня менш праблема стаіць і перад Лукашэнкам. Праблема не як кіраваць далей, а што будзе пасьля яго.

Воля да ўлады аўтарытарнага кіраўніка прымушае яго заставацца на чале дзяржавы як мага даўжэй. Але досьвед падказвае, што калі не забясьпечыць пераемнасьць, можа пачацца вайна ўсіх супраць усіх, хаос, бязладзьдзе.

«Старэйшы» і «малодшы» цары

Таму вырашэньне праблемы бачыцца і Назарбаеву, і Пуціну ў тым, каб адначасна сысьці і не сыходзіць, вызваліць сакральную пасаду прэзыдэнта, але заняць новую, штучную пасаду «старэйшага цара». І пры гэтым каб фармальную пасаду прэзыдэнта заняла іншая асоба, каб новы чалавек прывучаўся да ўладных абавязкаў і паўнамоцтваў, хай сабе і абмежаваных да часу рэальнага адыходу ад улады сапраўднага кіраўніка.

І што вельмі важна — каб грамадзтва, кіроўная эліта прызвычайвалася да асобы «малодшага цара», да думкі, што пасьля канчатковага сыходу «бацькі нацыі» «малодшы цар» аўтаматычна стане адзіным.

Такая схема дазваляе аўтарытарнаму кіраўніку правесьці своеасаблівы кастынг пераемнікаў. Бо ня факт, што прызначаны «малодшы цар» будзе эфэктыўна выконваць свае абавязкі. «Старэйшы цар» хацеў бы захаваць за сабой магчымасьць памяняць пераемніка, калі той прадэманструе няздольнасьць несьці цяжар улады.

Вось Пуцін у 2008 годзе зрабіў Мядзьведзева такім «малодшым царом». А ў 2012 годзе перагледзіў свой выбар. Не туды вядзе, ня цягне. У 2008 годзе Пуціну давялося памяняць фатэль у Крамлі на фатэль прэм’ера, узваліўшы на сябе безьліч нецікавых яму гаспадарчых клопатаў.

Досьвед — і ўласны, ня вельмі ўдалы, і суседзкі, казахстанскі, больш прывабны — схіліў цяперашняга гаспадара Крамля да больш зручнай схемы: ён — кіраўнік Дзяржаўнай рады, «вярхоўны рэгулятар», «бацька нацыі» (пасада такая). Высока сядзіць, далёка глядзіць, ён — канчатковая інстанцыя вырашэньня ключавых дзяржаўных пытаньняў. Ну а пры ім (пад ім) — прэзыдэнт.

З дэмакратыяй, з падзелам улады, гэта мае мала агульнага, нават менш, чым цяперашняя расейская сыстэма. Але аўтарытарныя ўладары наагул рэдка натхняюцца дэмакратычнымі каштоўнасьцямі.

Ад Пілсудзкага да Лі Куан Ю

Старшыня Дзяржаўнай рады — не адзіны магчыма варыянт рэалізацыі функцыі «вярхоўнага рэгулятара». Займаў Язэп Пілсудзкі пэўны час дзіўную пасаду «начальніка дзяржавы», быў Франціска Франка каўдзільо, правадыром, лідэры Кітаю Дэн Сяопін і Сінгапуру Лі Куан Ю, нават сышоўшы з фармальных пасадаў, шмат у чым захоўвалі кантроль над уладай у сваіх краінах.

Ці будзе Лукашэнка капіяваць схему, якой скарыстаўся Назарбаеў і спрабуе скарыстацца Пуцін? Калі казаць пра юрыдычную рэалізацыю — неабавязкова. Калі па сутнасьці — так, менавіта канструкцыю са «старэйшым» і «малодшым» царамі ён і створыць.

Пры гэтым уяўляецца малаімаверным, што «малодшым царом» зробяць прэмʼера. Як той казаў, звычка — другая натура. А звычка ў Беларусі за апошнія 25 гадоў такая, што прэмʼер — гэта выканаўца загадаў (і капрызаў) прэзыдэнта. Зламаць гэтую завядзёнку наўрад ці магчыма, нават калі кіраўніком ураду будзе прызначаны сын Лукашэнкі.

А тады ніякай падрыхтоўкі да пераходу ўлады не адбудзецца. Адпаведна і пераемнасьць улады ня будзе гарантаваная.

А справа менавіта ў гэтым, а не ў захаваньні ўлады да сьмерці і не ў перадачы яе сынам. Паводле дзейнай Канстытуцыі ўладу Лукашэнка можа захаваць да скону без ніякіх дадатковых юрыдычных трукаў. Перадача ўлады сынам для яго не самамэта, гледзячы па ўсім, ён зусім не ўпэўнены, што яны гэтую ўладу здольныя ўтрымаць, калі ён канчаткова сыйдзе.

Таму Лукашэнка зараз і вырашае галаваломку, квадратуру кола, як сысьці не сыходзячы, як не дапусьціць абрынаньня сыстэмы пасьля яго сыходу ў хаос і забурэньні. Ці ў дэмакратыю. Што для яго — сынонім хаосу і забурэньняў.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG