Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Косава і Сэрбія адновяць авіязносіны праз 22 гады перапынку


Самалёт авіякампаніі Air Serbia, ілюстрацыйнае фота

Прадстаўнікі Сэрбіі і часткова прызнанай Рэспублікі Косава 20 студзеня падпісалі ў амбасадзе Злучаных Штатаў у Нямеччыне пагадненьне аб пачатку наўпроставых камэрцыйных пералётаў, піша Reuters.

Калі менавіта пачнуцца пералёты, дакладна невядома. Але плянуецца, што лятаць будзе кампанія Eurowings — лаўкостэр, якім валодае Lufthansa.

Адлегласьць ад Прышціны да Бялграду — прыблізна 350 км напрасткі (як ад Менску да Горадні) або 467 км па трасе (крыху больш, чым ад Менску да Рыгі).

Пералёты прыпынілі ў 1998 годзе — тады ў Косаве (яшчэ частцы Югаславіі) пачалася вайна між этнічнымі альбанцамі і сэрбскімі ўзброенымі сіламі.

Югаславія страціла кантроль над Косавам пасьля бамбаваньняў войскаў кіраўніка Югаславіі Слабадана Мілошавіча сіламі NATO ў 1999 годзе. У косаўскім канфлікце загінулі больш за 13 тысяч чалавек.

Рэспубліка Косава абвясьціла незалежнасьць у 2008 годзе, але Сэрбія па-ранейшаму лічыць Косава і Метохію аўтаномным краем. Незалежнасьць прызнала сотня краінаў (Беларусь, Расея і Ўкраіна не прызнаюць; большасьць краінаў Эўразьвязу і ЗША прызнаюць). Цяпер у Косаве знаходзіцца каля 4000 міратворцаў NATO.

Угода была падпісаная пры мэдыяцыі ЗША. Прэзыдэнт Косава Хашым Тачы адзначыў унёсак дарадцы прэзыдэнта ЗША ў нацыянальнай бясьпецы Робэрта О’Браена і амбасадара Штатаў у Нямеччыне Рычарда Грэнэла. Апошні ў Twitter назваў угоду Сэрбіі і Косава «гістарычнай перамогай», да якой прывёў прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп.

Два гады таму, калі між Косава і Сэрбіяй спрабавалі аднавіць чыгуначныя зносіны, зь Бялграду запусьцілі цягнік, разфарбаваны ў колеры сэрбскага сьцяга, са словамі «Косава — гэта Сэрбія» на 21 мове.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG