Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ірану забаранілі праводзіць міжнародныя футбольныя матчы


Зборная Ірану гуляе дома супраць зборнай Кітаю, архіўнае фота

Іранскім футбольным камандам забаранілі гуляць міжнародныя матчы на тэрыторыі Ірану. Такое рашэньне прыняла Азіяцкая фэдэрацыя футболу (АФФ).

Іранскія футбольныя ўлады паведамілі, што атрымалі ліст з АФФ, але не патлумачылі, ці зьвязаная забарона з тым, што ў Іране 8 студзеня зьбілі ўкраінскі самалёт і загінулі 176 чалавек. АФФ таксама не адказала на просьбы журналістаў пра камэнтар.

Самалёт разьбіўся 8 студзеня, адразу пасьля ўзьлёту з аэрапорта Тэгеран.

Іран першапачаткова сьцьвярджаў, што катастрофа стала вынікам адмовы рухавіка, але 11 студзеня – у тым ліку пасьля зьяўленьня запісаў, якія паказваюць зьбіцьцё самалёта – улады Ірану прызналі, што «Боінг» быў выпадкова зьбіты.

Крушэньне ўкраінскага самалёту ў Іране. Што трэба ведаць

  • Самалёт Boeing 737-800 NG (рэйс PS752, рэгістрацыйны нумар UR-PSR) вылецеў каля 6:10 8 студзеня маршрутам Тэгеран — Кіеў, зьнік з радараў празь некалькі хвілінаў пасьля ўзьлёту.
  • Усе на борце загінулі. На борце было 167 пасажыраў, а таксама 9 чальцоў экіпажу. Авіякампанія МАУ апублікавала сьпісы загінулых пасажыраў і чальцоў экіпажу.
  • Сярод загінулых у катастрофе было найбольш грамадзян Ірану (82 чалавекі) і Канады (63 чалавекі), а таксама 11 грамадзян Украіны (2 пасажыры і 9 чальцоў экіпажу), 10 грамадзян Швэцыі, 4 — Аўганістану, 3 — Нямеччыны і 3 — Вялікай Брытаніі, паведаміў міністар замежных спраў Украіны Вадзім Прыстайка.
  • Самалёт быў выраблены ў 2016 годзе, атрыманы МАУ непасрэдна з заводу Boeing, апошні раз прайшоў плянавае тэхнічнае абслугоўваньне 6 студзеня 2020 году. МАУ заяўляе, што гарантуе спраўнасьць сваіх самалётаў і высокую кваліфікацыю пілётаў.
  • Паводле першай рэакцыі іранскага боку, самалёт разьбіўся з тэхнічных прычынаў, якія прывялі да аварыі рухавіка.
  • 11 студзеня, праз 3 дні пасьля катастрофы, прэзыдэнт Ірана Хасан Роўхані прызнаў, што іранскія вайскоўцы па памылцы зьбілі пасажырскі Boeing 737 «Міжнародных авіяліній Украіны». Ён распарадзіўся знайсьці вінаватых у гэтай трагедыі.
  • Камандуючы ваенна-касьмічнымі сіламі Ірана Амір Алі Хаджызадэ паведаміў, што апэратар супрацьпаветранай абароны Ірану самастойна вырашыў выпусьціць крылатую ракету па самалёце, ня здолеўшы звязацца з камандаваньнем.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG