Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З кім змагаецца дзяржава, калі змагаецца з прастытуцыяй


«Справа кожнага грамадзяніна — самастойна абіраць для сябе нейкую форму існаваньня альбо заробку», — кажа кіраўнік Галоўнага ўпраўленьня па наркагандлі і супрацьдзеяньні гандлю людзьмі крымінальнай міліцыі МУС Генадзь Казакевіч. І дадае, што неістотна, за колькі, але чалавек прадаецца, бо заўжды ўзьнікае маральна-этычны бок гэтай сумнеўнай «працы».

Паводле Казакевіча, усяго ў Беларусі ў прастытуцыю ўцягнута 2500-3000 чалавек, а за 2019 год да адміністрацыйнай адказнасьці за заняткі прастытуцыяй прыцягнулі ў тым ліку і каля 100 мужчын, якія прадавалі сваё цела.

Адсылкі да маралі, калі ідзе гаворка пра законы — зьява двухсэнсоўная. Напрыклад, прастытуцыю ў Беларусі рэгулююць, спасылаючыся акурат на маральныя нормы, толькі злом чамусьці аказваецца продаж уласнага цела, а не набыцьцё чужога.

Добрая навіна ў тым, што легалізоўваць прастытуцыю ў нас не плянуюць, а кепская — што караць так званых кліентаў таксама не зьбіраюцца. Такім чынам, чалавек, які набывае права на згвалтаваньне, у вачах дзяржавы застаецца добрым і прыстойным грамадзянінам.

Больш за тое, калі ён не прыменіць фізычную агрэсію, гэты сэкс і згвалтаваньнем фармальна лічыцца ня будзе. Але як яшчэ, як не гвалтаўніком, можна назваць чалавека, што займаецца сэксам з тым, хто яго не хоча?

Даволі часта гучыць ідэя, нібыта прастытуцыя — гэта такая ж праца, як і ўсе астатнія, бо ўсе мы ў пэўнай ступені прадаем сябе, свой час і свае сілы за грошы. Можна яшчэ спасылацца на цяжкую працу на заводзе і кепскую аплату працы прыбіральніц. Якая, нібыта, розьніца, чым працаваць — рукамі ці геніталіямі.

Але ж розьніца хоць бы ў тым, што людзі, уцягнутыя ў прастытуцыю, масава пакутуюць на посттраўматычны сындром (паводле розных крыніц — ад 40% да 68%). Гэта той сындром, зь якім сутыкаюцца людзі, якія перажылі вайну, пабывалі закладнікамі тэрарыстаў ці трапілі ў іншыя жудасныя акалічнасьці. Але тую ж вайсковую службу ў гарачых кропках наўрад ці камусьці прыйдзе да галавы называць проста працай.

Былі на вайне? Героі! Пацярпелі ў тэрарыстычным акце? Пакутнікі! Прадавалі сваё цела? Ды проста працавалі! І займаліся амаральшчынай, між іншым.

Але вось што цікава: Казакевіч бачыць амаральнасьць у тым, што маці, якая прыводзіць дзіця ў садок ці школу, можа аказацца прастытуткай. Ці суседка, зь якой умоўная я вітаюся зранку. І ён патэтычна запытваецца, ці гатовыя мы да гэтага.

Калі пытаюцца, адкажу. Мне будзе вельмі непрыемна і балюча ведаць, што мая суседка прадае сябе, і я, магчыма, нават разгублюся, калі даведаюся пра гэта. Я ўвогуле часта губляюся, калі даведваюся, што нехта знаходзіцца ў цяжкай жыцьцёвай сытуацыі. Але Генадзь Казакевіч намякае на тое, ці не будзе мне агідна ведаць «такое» пра кагосьці з навакольных. Быць уцягнутай у прастытуцыю — гэта ж такі сорам!

Але не, сорам — гэта купляць людзей. Я не гатовая да таго, што мой сусед акажацца чалавекам, які набывае права гвалтаваць. І да таго, што кіроўца тралейбуса акажацца садыстам, які зьбівае жонку, я таксама не гатовая. І зусім не гатовая да таго, што прадавачка з суседняй крамы прымушае дзяцей прасіць на каленях прабачэньня за праліты суп. Ці ня хоча шаноўная міліцыя дабіцца, каб быў нарэшце прыняты закон аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту? А заадно і пачаць караць «кліентаў прастытутак»?

«Прастытуткі нясуць толькі адміністрацыйную адказнасьць. Але мы сыстэмна зьнішчаем арганізаваную структуру», — кажа Казакевіч.

Але не, вы не зьнішчаеце злачынную структуру. Вы страляеце па закладніках.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG