Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзіцячая рэанімацыя строгага рэжыму


Гадамі ідуць спрэчкі аб тым, ці трэба пускаць бацькоў у рэанімацыю да дзяцей. Беларускія санітарныя нормы супраць навуковых дасьледаваньняў, нежаданьне адказваць на пытаньні родных супраць гуманізму. І іншая рэч, калі ў рэанімацыю хоча прыйсьці старшыня Сьледчага камітэту, бо ў яго заплянавана акцыя «Нашы дзеці». Дзеля хвалебнага артыкулу на БелТА можна забыцца і на страх інфэкцый, і проста на здаровы сэнс.

Калі ў пачатку года ў Стоўпцах хлопец забіў настаўніцу, ён параніў і іншых людзей. Так дзесяцікласьнік Улад аказаўся на апэрацыйным стале, а потым у рэанімацыі. І вось што казала пра гэта ягоная маці: «Пасьля таго, як усё гэта адбылося, нас нават не хацелі пускаць да сына. Упрошвалі дактароў дазволіць прайсьці ў рэанімацыю, хоць бы глянуць на дзіця. Пусьцілі на некалькі хвілін».

Калі маленькаму сыну Вікторыі Апанасёнак выдалілі сьпіннамазгавую грыжу, яе ў Менскай лякарні зусім не пускалі ў рэанімацыю. Валянціну Томашаву таксама не пускалі ў рэанімацыю да дачкі, а вось брата дзяўчынкі чамусьці пусьцілі.

Безумоўна, бываюць сытуацыі, калі да чалавека ў лякарню небясьпечна пускаць кагосьці «з вуліцы», бо арганізм зусім слабы. Але я шмат разоў чула ад знаёмых гісторыі, як дактары не пускаюць у рэанімацыю, бо «не паложана», «нам няма калі вамі займацца» ці «няма на што там глядзець».

Ды што ўжо там, мне і самой даводзілася ўгаворваць дактароў пусьціць мяне ў рэанімацыю да бацькі. З дарослымі працуюць тыя ж самыя аргументы, што і зь дзецьмі, таму мой посьпех пры чарговым угаворванні залежаў на 10% ад татавага стану і на 90% — ад настрою доктара.

І як жа прыкра чытаць, што ў межах нейкай дабрачыннай акцыі ў дзіцячую рэанімацыю без праблем пускаюць чалавека са Сьледчага камітэту! Староньняга дарослага, чый прыход зь віншаваньнямі ў дзіцячую рэанімацыю выглядае як зьдзек з бацькоў, якіх альбо не пускаюць туды ўвогуле, альбо пускаюць на кароткі час.

Дарэчы, на фатаздымках прадстаўнік сьледчага камітэта чамусьці ня ў тапках і не ў бахілах. Магчыма, на ягоным абутку, гэтак жа як і на вопратцы сьвятароў, не бывае бактэрый? Ну бо як яшчэ гэта ўсё патлумачыць...

І ў гэтым крывадушным стаўленьні да наведваньня дзяцей у рэанімацыі выдатна бачна, як непасьлядоўна дзяржава клапоціцца пра дзяцей. Верагодна, сам па сабе прадстаўнік СК ходзіць у рэанімацыю да незнаёмых дзяцей з самымі добрымі намерамі, але перш чым нешта рабіць, варта ўсё ж думаць.

Навагодняя дзіцячая дабрачыннасьць — увогуле складаная тэма. Цяжка тлумачыць дарослым людзям, якія вераць у «лепш рабіць хоць штосьці, чым не рабіць нічога», што закідваць тыя ж дамы-інтэрнаты безьліччу цукерак два разы на год — гэта кепская ідэя. І дзяржава, ініцыюючы ў розных арганізацыях такія салодкія выезды ў дзіцячыя дамы, толькі пагаршае сітуацыю. Але ж фармальна ўсё цудоўна — у нас шмат дабрачынных акцый, мы дужа клапоцімся пра дзяцей!

А тое, што гэтым дзецям патрэбны зусім іншы клопат — бацькі ў рэанімацыі і сацыялізацыя па-за межамі дому-інтэрнату — дык гэта ўжо нюансы. І ўвогуле за падарункі трэба быць удзячнымі, а прычыненаму дабру — шчыра радавацца. І пакуль наведваньні бацькамі дзяцей застаюцца своеасаблівай шэрай зонай (адзінага правіла для ўсёй краіны няма, некаторыя дактары ўхваляюць гэтую ідэю, а іншыя выступаюць супраць), староньнім людзям у межах дабрачынных акцый даюць бесьперашкодны доступ.

Незнаёмы мужчына ў пагонах — гэта акурат тое, чаго так не хапае дзецям у рэанімацыйных аддзяленьнях. Мамы і таты могуць замінаць дактарам і задаюць зашмат пытаньняў, а вось чалавек са Сьледчага камітэту — самае тое! Усе імгненна ідуць на папраўку.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG