Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка пракамэнтаваў адток мэдыкаў і абвінаваціў СМІ ў спрыяньні гэтаму


Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Пытаньне адтоку айчынных мэдыкаў разьдзімаецца ў СМІ, каб суседнія краіны змаглі больш актыўна перацягваць беларускіх спэцыялістаў, заявіў Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы са студэнтамі і выкладчыкамі мэдыцынскіх унівэрсытэтаў 13 сьнежня, паведамляе БелТА.

Паводле Лукашэнкі, праблема адтоку кадраў зь Беларусі цяпер «ужо занадта цяпер раскручваецца».

«Але вы-то ня бачыце, што пад гэтым вялікая палітыка. Куды едуць у асноўным? У Польшчу і Літву. І цяпер мусіруецца гэтае пытаньне, перш за ўсё ў апазыцыйных сродках масавай інфармацыі — яны ў Польшчы і Літве ўсе сядзяць. Чаму? Каб вас прыцягнуць туды. Шэнген, адзіная прастора — зь Літвы і Польшчы лекары ірванулі ў Нямеччыну, Францыю, Вялікую Брытанію зарабіць грошай. І там сёньня бяда. Вось яны і бударажаць наша грамадзтва, каб падштурхнуць вас да выезду», — заявіў Лукашэнка.

Ён адзначыў, што ня раз чуў аб праблеме дэфіцыту мэдыкаў у Беларусі.

«У свой час, пры іх лішку, практычна на траціну былі скарочаныя наборы ў мэдыцынскія ўнівэрсытэты. Адпаведна зьменшыліся і выпускі. Сёньня набор у гэтыя ВНУ павялічаны на 200 бюджэтных месцаў», — сказаў Лукашэнка.

Але, паводле Лукашэнкі, профільныя міністэрствы мусяць «зьвярнуць асаблівую ўвагу на фармаваньне колькасьці месцаў для навучаньня патрэбным спэцыяльнасьцям і прымаць рашэньне з улікам патрэбаў кожнага рэгіёну».

Лукашэнка дадаў, што мэдыцынскія ўнівэрсытэты ў Беларусі — лідэры ў разьмеркаваньні выпускнікоў, у тым ліку платнай формы навучаньня, і «нават іншаземцы жадаюць застацца і лячыць людзей у Беларусі».

У кастрычніку стала вядома, што Польшча плянуе спрасьціць правілы прыёму на працу лекараў з-за межаў Эўразьвязу. Адпаведны законапраект ужо паступіў у польскі парлямэнт.

Замежным лекарам ня трэба будзе праходзіць працэдуру пацьверджаньня дыплёма аб заканчэньні ВНУ. Дазвол на працу будзе выдаваць канкрэтны польскі шпіталь пасьля праходжаньня лекарам іспыту на права прафэсійнай дзейнасьці ў Польшчы. Без пацьверджаньня дыплёма лекары змогуць атрымліваць дазвол на працу максымум на пяць гадоў у канкрэтнай мэдыцынскай установе.

Байнэт адгукнуўся зайздрасьцю да сваіх дактароў, якія змогуць зарабляць па 4 тысячы эўра ў месяц, а польскіх лекараў абурыў спрошчаны прыём мэдыкаў зь Беларусі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG