Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Дзярждэпартамэнце ЗША сочаць за разьвіцьцём падзеяў у Расеі


Морган Артэйгас

Афіцыйная прадстаўніца Дзярждэпартамэнту ЗША Морган Артэйгас пракамэнтавала інфармацыю аб адстаўцы расейскага прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьведзева, падкрэсьліўшы, што Злучаныя Штаты застаюцца на баку расійскіх грамадзян.

«У мяне пакуль няма канкрэтнай заявы з гэтай нагоды, акрамя таго, што мы паінфармаваныя і сочым за тым, што адбываецца. Магу сказаць, што мы — на баку расейскіх грамадзян», — сказала Артэйгас у этэры расейскага каналу замежнага вяшчаньня RTVI. Яна нагадала, што прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп неаднаразова казаў пра зацікаўленасьць у паляпшэньні дачыненьняў Вашынгтону і Масквы.

Паводле Артэйгас, адносіны паміж дзьвюма краінамі могуць палепшыцца, калі расейскія лідэры «захочуць зьмяніць варожыя паводзіны», якія, як яна нагадала, выявілася пры ўмяшаньні Расеі ў амэрыканскія прэзыдэнцкія выбары. «Мы спадзяемся, што хто б ні стаяў ля ўлады ў Расеі, яны ўлічаць наша патрабаваньне пераменаў у зьнешняй палітыцы», — дадала Артэйгас.

Расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін у чацьвер падпісаў указ аб прызначэньні прэм’ер-міністрам РФ былога кіраўніка Фэдэральнай падатковай службы Міхаіла Мішусьціна, неўзабаве пасьля таго, як яго кандыдатуру падтрымаў парлямэнт.

Прызначэньне Мішусьціна стала часткай маштабнай рэформы расейскай палітычнай сыстэмы, пра якую Пуцін абвясьціў у сераду, што прывяло да адстаўкі Мядзьведзева і ягонага ўраду.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG