Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра тое, чаго не паспрабаваў зразумець Краўцэвіч. Адказ Фядуты


Аляксандар Фядута
Аляксандар Фядута

Канешне, найлепшы варыянт для палеміста — падмяніць тэзу свайго апанэнта і пасьля спрачацца не зь ім, а з тым, што сам і прыдумаў. Менавіта так паступіў спадар Краўцэвіч. Вымушаны адказаць, піша Аляксандар Фядута.

На пачатку Алесь Канстанцінавіч шчыра прызнаецца, што не зразумеў «пасажаў» у маім блогу на сайце «Белсату» наконт «дрэннага прыклада» для нашай намэнклятуры.

Цытую паважанага гісторыка:

«Бо аказваецца, „пашыраныя паўнамоцтвы — а значыць, і зона адказнасьці, і фінансавыя магчымасьці — ніжняга ўзроўню ўлады ў Расеі“ стануць вельмі дрэнным прыкладам для беларускай сыстэмы ўлады. Пройдзе, маўляў, паўтара-два гады і масы беларускіх чыноўнікаў ніжэйшага зьвяна праз параўнаньне свайго становішча з расейскімі ўвальюцца ў шэрагі незадаволеных меншымі за расейскія пэнсіямі вайскоўцаў і міліцэйскіх пэнсіянэраў. Тады Расеі ня будзе патрэбы замяняць іх расейцамі, а „прасьцей плаціць нашым, хто пасьпее перафарбавацца“ (пэўна, пасьля расейскай акупацыі?)».

Алесь Канстанцінавіч, а дарэмна Вы скасавалі кантэкст, у якім пра гэта ідзе размова. Я ж не выпадкова напісаў: «Нездарма кажуць, што ваенныя пэнсіянэры і пэнсіянэры сілавых структур надзвычай незадаволеныя сваім становішчам у Беларусі. Яны проста параўноўваюць сваё становішча са становішчам аналягічных катэгорый расейскіх грамадзянаў. Параўнаньне не на іх карысьць». Пра гэта Вам шмат чаго могуць распавесьці сацыёлягі. Гэта — найбольш прарасейскі арыентаваная частка нашага грамадзтва. А праз паўтары-два гады да іх далучыцца і мясцовая намэнклятура. Бо даведайцеся, напрыклад, колькі атрымліваюць працаўнікі сельрады альбо нават райвыканкама ў малым раёне. Ня так шмат. У Расеі — больш. І магчымасьцяў у іх больш.

Але ж у адрозьненьні ад вайсковых пэнсіянэраў менавіта намэнклятура ніжэйшага ўзроўню кантралюе працэс выбараў. І калі пачнецца транзыт улады ўжо ў нас, баюся, што шмат хто зь іх, глядзячы на Расею, паспрабуе падтрымаць кандыдата, які будзе адстойваць яе інтарэсы. Вы лічыце, што такой небясьпекі ня існуе? Існуе. Яна не ў Расеі — яна ў рэальнай сучаснай Беларусі, а не ў часах Міндоўга альбо Вітаўта.

І другі тэзіс. Спадар Краўцэвіч абрубіў абзац, які цалкам выглядае наступным чынам: «Сябры мае, мы чужыя на гэтым сьвяце жыцьця. Цяпер ужо зусім. Беларусь ня ўдзельнічае ў гэтым сцэнары, для яе роля не прадугледжаная. Хіба што ў ролі баксёрскай грушы, на якой прэм’ер, прызначаны Пуціным Уладзімірам Уладзіміравічам, зможа адпрацоўваць удар. Як сам Пуцін Уладзімір Уладзіміравіч адпрацоўваў удар на Чачэніі. Не, абстрэльваць нас ня будуць. Але біць будуць балюча. Эканамічна».

Дзякуй Богу, Алесь Канстанцінавіч чытаў Ільфа і Пятрова і цытаты здольны ўбачыць. Але ж справа не ў цытаце. Яго засмуціў сказ: «Беларусь не ўдзельнічае ў гэтым сцэнары, для яе роля не прадугледжаная». Зь яго шаноўны прафэсар робіць выснову: «Згадваецца іншае вядомае выслоўе, таксама трохі перайначанае: „Каб стаць беларусам, трэба па кроплі выціснуць з сябе расейца“».

Мне выціскаць з сябе няма каго. Усё зразумела: калі ёсьць сцэнар, у якім хоць нешта залежыць ад нас, зь ім мажліва змагацца. Як апошні год спрабаваў рабіць Лукашэнка. Добра, дрэнна, своечасова альбо спазьніўшыся — але рабіў. А вось зараз той сцэнар сышоў. Застаецца іншы. Дзе аніякай мажлівасьці змагацца ня будзе. Бо будзе выключна эканамічны ціск з боку Расеі, без палітычных патрабаваньняў. І — што рабіць будзем? Да каго бегчы? Да Захаду? Ну, дык Захад скажа: плаціце, хлопцы, за тую нафту і той газ, колькі мы плацім. Слушна скажа. А Беларусь да гэтага падрыхтаваная? Нашая эканоміка? Нашая сацыяльная сфэра?

І што адбудзецца ў той момант, калі пачнецца транзыт улады ўжо ў нас? Тыя намэнклятуршчыкі, пра якіх я згадваю вышэй, — што яны будуць рабіць?

Што будзе рабіць паважаны Алесь Канстанцінавіч — здагадваюся. Не здарма ён піша: «І „сьвята жыцьця“ для вельмі многіх нашых суайчыньнікаў адбываецца не за ўсходняй мяжой, а ў цалкам процілеглым кірунку». Для мяне «сьвята жыцьця» — не за ўсходняй мяжой і не ў процілеглым кірунку.

Прабачце, вымушаны працытаваць расейскую паэтку:

Я была тогда с моим народом Там, где мой народ, к несчастью, был.

Я жыву ў той Беларусі, якая рэальна існуе, сярод рэальных людзей, настроі якіх адчуваю. Нават у Менску ня ўсё так проста, як лічыць прафэсар Краўцэвіч. І я разумею тую небясьпеку — цалкам іншую, да якой, паўтаруся, мы не падрыхтаваныя, — якая ствараецца цяпер — менавіта ва ўмовах рэальнай Беларусі. Калі Вы не пажадалі зразумець майго папярэджаньня, Алесь Канстанцінавіч, — шкада.

І — апошняе. Прывяду першы абзац з тэксту Алеся Краўцэвіча:

«Істотныя зьмены ў вышэйшай уладзе недэмакратычных краінаў пры ўсёй іх важнасьці для грамадзтва, звычайна адбываюцца нечакана для грамадзянаў. Вось як у Расеі 15 студзеня, калі некаранаваны цар, а па сучаснаму, прэзыдэнт Уладзімір Пуцін абвясьціў пра хуткія зьмены ў Канстытуцыі, скіраваныя на абмежаваньне прэзыдэнцкай улады».

Спадар Алесь, Вы сур’ёзна лічыце, што размова ідзе пра абмежаваньне прэзыдэнцкай улады, а не пра пашырэньне паўнамоцтваў Уладзіміра Пуціна? Прабачце, але ж, кажучы Вашымі словамі, «і сьмешна і сумна».

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG