Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Наш завод прыбытковы». Работнікі магілёўскага «Мажэліту» выступілі супраць звальненьня кіраўніка


Дырэктар «Мажэліта» Вікенці Ермалёнак на цырымоніі занясеньня на абласную Дошку гонару за дасягненьні заводу ў 2015 годзе
Дырэктар «Мажэліта» Вікенці Ермалёнак на цырымоніі занясеньня на абласную Дошку гонару за дасягненьні заводу ў 2015 годзе

У Магілёве калектыў ААТ «Мажэліт» бароніць ад звальненьня шматгадовага кіраўніка Вікенція Ермалёнка. Зварот у яго падтрымку падпісалі больш за 200 чалавек. Назіральная рада не падтрымала прызначэньня новага дырэктара, сьцьвярджаюць у таварыстве.

Што адбываецца на прадпрыемстве?

Акцыянэрнае таварыства «Мажэліт» — найбуйнейшы вытворца жэлятыну на постсавецкай прасторы. На прадпрыемстве працуе 374 чалавекі. Больш за палову акцыяў належаць работнікам, 48,8% дзяржаве.

У кампаніі кажуць, што пра намер звольніць Вікенція Ермалёнка і прызначыць новага кіраўніка даведаліся з пастановы дзяржаўнага абʼяднаньня «Мясамалпрам». Зь яе вынікае, што Ёрмалёнак меўся пакінуць пасаду з 13 студзеня, а на наступны дзень да выкананьня абавязкаў дырэктара прыступіць Генадзь Чорны. Тым часам зь цяперашнім кіраўніком працоўны кантракт падпісаны да 2021 году.

«Звальненьне адбываецца з парушэньнем нормаў працоўнага заканадаўства, і іншых нарматыўных актаў, — кажа адзін з акцыянэраў таварыства, які пажадаў застацца неназваным. — Так, яму 66 гадоў, але ён можа яшчэ кіраваць. Ён узначальвае прадпрыемства 30 гадоў».

Паводле суразмоўцы, Вікенці Ермалёнак напісаў заяву на звальненьне з 20 студзеня, а калектыў зьвярнуўся да яго з хадайніцтвам не сыходзіць. Хто ініцыяваў звальненьне, на прадпрыемстве ня ведаюць.

«Зьмена кіраўніка цягне за сабою дэстабілізацыю сытуацыі на прадпрыемстве»

У звароце калектыву ў Адміністрацыю прэзыдэнта, Міністэрства сельскай гаспадаркі, а таксама да кіраўнікоў вобласьці і гораду гаворыцца, што падставаў для зьмены дырэктара прадпрыемства няма. «Мажэліт» дае прыбытак, там своечасова выплочваецца заробак.

«Наш завод прыбытковы, гэта адно зь нешматлікіх прадпрыемстваў, якое мае грошы», — тлумачаць на заводзе.


На думку работнікаў, зьмена кіраўніка выклікае «дэстабілізацыю, напружанасьць і няўпэўненасьць у заўтрашнім дні».

Кіраўнік прадпрыемства: «Мяне папрасілі»

Сам Вікенці Ермалёнак устрымліваецца камэнтаваць сытуацыю, а пра сваё звальненьне кажа, што «яго папрасілі».

У адміністрацыі паведамілі, што Ермалёнак вырашыў звольніцца, каб не канфліктаваць з уладаю.

Цяпер на «Мажэліце» мадэрнізуюць вытворчасьць — у гэта ўклалі блізу 2 мільёнаў даляраў.

Паводле статуту, пытаньні звальненьня кіраўніка вырашае назіральная рада. Інтарэсы дзяржавы ў ёй прадстаўленыя 4 галасамі абʼяднаньня «Мясамалхарч». На момант выхаду гэтай публікацыі нам не ўдалося пагаварыць з кіраўніком гэтага абʼяднаньня.

На 15 студзеня заплянаваны сход працоўнага калектыву, на якім маюць абмеркаваць сытуацыю.

Публікацыя падрыхтавана пры выкарыстаньні інфармацыі БелаПАН.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG