Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутатка Васілевіч і бізнэсовец Цяцерын: рэстаран «Лебядзіны» наведваюць сябры Лукашэнкі


Дэпутатка Марыя Васілевіч у рэстаране «Лебядзіны»

Старшыню Беларускай тэніснай фэдэрацыі і бізнэсоўца Сяргея Цяцерына і дэпутатку Марыю Васілевіч карэспандэнты Свабоды заўважылі ўвечары 13 студзеня ў рэстаране «Лебядзіны».

Адным зь першых наведнікаў рэстарацыі, яшчэ да афіцыйнага адкрыцьця 11 студзеня, быў Аляксандар Лукашэнка.

Сяргей Цяцерын (зьлева) у рэстаране «Лебядзіны».
Сяргей Цяцерын (зьлева) у рэстаране «Лебядзіны».

Старшыня Беларускай тэніснай фэдэрацыі Сяргей Цяцерын часта зьяўляецца побач з Аляксандрам Лукашэнкам. Напрыклад, на зборы ўраджаю ў прэзыдэнцкай гаспадарцы. Як і многія людзі з бліжэйшага кола Аляксандра Лукашэнкі, Цяцерын мае буйны бізнэс. Ён заснавальнік і дырэктар холдынгу «БелГлобалСтарт» і іншых кампаній, а таксама саўладальнік ТНТ-International.

22-гадовая Марыя Васілевіч — цяпер дэпутатка Палаты прадстаўнікоў, а раней — пераможца конкурсу «Міс Беларусь». Марыю Васілевіч некалькі разоў заўважалі побач з Лукашэнкам: яна ўдзельнічала ў працоўных паездках кіраўніка краіны, яны сядзелі побач на хакеі, на «Славянскім базары», танцавалі на балі.

Чым вядомы рэстаран «Лебядзіны»?

Рэстаран знаходзіцца ў заказьніку «Лебядзіны», практычна на самым беразе. Дзеля будаўніцтва тэрыторыю заказьніка скарацілі, прычым з парушэньнямі. Заказьнік вядомы тым, што там гнездаваліся рэдкія для Беларусі віды птушак. Эколягі непакоіліся, што будаўніцтва пашкодзіць унікальнаму прыроднаму асяродзьдзю.

Старонка з мэню
Старонка з мэню

У інтэр’еры рэстарацыі ёсьць выявы птушак, а ў мэню — боршч з качкай і шырокі выбар вінаў. Самае дарагое каштуе 3000 рублёў.

У рэстаране не сказалі, каму канкрэтна ён належыць. Прозьвішча генэральнага дырэктара таксама не назвалі.

Пару дзён таму рэстаран апынуўся ў цэнтры чарговага скандалу. Ягоная піяршчыца Вікторыя Мароз апублікавала ў Instagram «гісторыю» са здымкам качынай дзюбы, у якой ляжыць тартар з сырога мяса, з подпісам: «Хто там наконт птушак бедаваў, а?». Сёньня намесьніца генэральнага дырэктара «Лебядзінага» сказала Свабодзе, што Мароз больш не супрацоўнічае з рэстаранам.

Як будавалі «Лебядзіны»

За апошнія гады ад тэрыторыі заказьніка «Лебядзіны» каля Менску адрэзалі пад будаўніцтва 8 га зямлі з агульных 51,5 га.

У лістападзе на тэрыторыі, якая ўваходзіла ў заказьнік, здалі ў эксплюатацыю рэстаран «Лебядзіны», што збудавала кампанія «Тапас».

Уладальнік кампаніі «Тапас» — форвард хакейнай каманды прэзыдэнта Павал Белы. Зямельныя ўчасткі «Тапас» атрымаў без аўкцыёну, далі яму і розныя льготы.

Будоўлю рэстарацыі прызнавалі незаконнай, але пракуратура Менску ня ўбачыла падставаў, каб прымаць меры пракурорскага рэагаваньня на парушэньне закону.

Летась забудоўніка аштрафавалі за работы без дазволу, але ўказам Лукашэнкі ад 5 сьнежня 2018 году № 468 у генплян Менску тэрмінова ўнесьлі зьмены — будоўлю выключылі з зоны прыродных тэрыторыяў пад асаблівай аховай.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG