Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прапанавалі супрацу, пагражалі крымінальнай справай». Адміна суполкі «Это Минск, детка!» выклікалі ў міліцыю


Яўген Малахоўскі

Адміністратара групы «Это Минск, детка!» Яўгена Малахоўскага выклікалі ў Галоўнае ўпраўленьне па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй МУС праз тэлефон. Яму прапанавалі супрацоўнічаць і прасілі не пісаць на палітычныя тэмы.

У суполцы «Это Минск, детка!» цяпер больш за 80 тысяч удзельнікаў. У ёй публікуюцца навіны пра беларускую сталіцу, а таксама інфармацыя палітычнага і сацыяльнага характару. Асьвятлялі адміны суполкі і пратэсты супраць інтэграцыі з Расеяй, якія праходзілі ў Менску.

Выклікалі праз тэлефон

13 студзеня аднаго з адміністратараў суполкі, Яўгена Малахоўскага, праз тэлефон выклікалі ў ГУБАЗіК.

Вось што ён расказаў пра выклік:

«13 студзеня каля 11:00 мне патэлефанаваў невядомы і выклікаў на допыт у ГУБАЗіК — Галоўнае ўпраўленьне па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй МУС Рэспублікі Беларусь. На маю прапанову даслаць мне позву чалавек адказаў, што зьявіцца да іх ва ўпраўленьне было, хутчэй, у маіх інтарэсах у сувязі з сур’ёзнасьцю справы, якую трэба абмеркаваць», — распавёў Яўген.

Яўген Малахоўскі
Яўген Малахоўскі

Перад тым як зайсьці ў будынак ГУБАЗіКУ, ён пакінуў свой тэлефон у машыне.

«Я накіраваўся ў кабінэт, дзе мяне чакалі чацьвёра — тры супрацоўнікі ГУБАЗіК і адзін, па ўсім відаць, супрацоўнік іншага ведамства, бо ён ведаў пра мяне ўсё і наогул паводзіў сябе на допыце як гаспадар, а пасьля размовы са мной проста сышоў. Падчас допыту ён прапанаваў мне супрацоўнічаць, а менавіта:

  • выдаць яму імёны іншых адміністратараў суполкі „Это Минск, детка!“;
  • расказаць, якія функцыі выконвае кожны зь іх, якіх поглядаў яны прытрымліваюцца, якія мэты ставяць перад сабой і г.д.»

«Ад супрацы адмовіўся»

На ўсе прапановы Яўген, па ягоных словах, адказаў адмоўна. Пасьля гэтага адзін з супрацоўнікаў пачаў гаварыць, што нібыта «на версе» пачаўся «рух» і ёсьць верагоднасьць, што будзе ўзбуджана крымінальная справа за распальваньне міжнацыянальнай варожасьці.

«Я адмовіўся ад якога-небудзь супрацоўніцтва і заявіў, што не лічу інфармацыю, якая публікуецца ў сацсетках, распальваньнем міжнацыянальнай варожасьці. Далей адзін з супрацоўнікаў прапанаваў мне напісаць тлумачальную. Побач са мной сеў опэрупаўнаважаны і пачаў задаваць пытаньні, каму належыць паблік „Это Минск, детка!“, якая мэта яго дзейнасьці, колькі адміністратараў ім кіруюць, на якія тэмы выходзяць публікацыі групы, хто мог дасылаць палітычныя пасты», — расказвае Яўген.

Ён прыгадвае, што мужчына, падобны да супрацоўніка спэцслужбаў, сказаў, што яны нібыта «адкрытыя для супрацоўніцтва» і ён, Яўген, заўсёды можа зьвязацца зь імі і «быць у бясьпецы».

У канцы размовы Яўгену далі дакумэнт, у якім афіцыйна папярэдзілі аб недапушчальнасьці ўдзелу ў несанкцыянаваных акцыях і распальваньні міжнацыянальнай варожасьці.

«Хутка выбары»

Гэты выклік у міліцыю і ціск на яго Яўген зьвязвае з набліжэньнем прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі.

«Напярэдадні прэзыдэнцкай кампаніі ў Беларусі разгортваецца новая хваля барацьбы з блогерамі, адміністратарамі супольнасьцяў у сацыяльных сетках, незалежнымі журналістамі і г.д. Супрацоўнікі сілавых ведамстваў выклікаюць іх на допыты, дзе ня толькі пагражаюць узбуджэньнем супраць іх крымінальных спраў, але і спрабуюць вэрбаваць пад выглядам „супрацоўніцтва“», — мяркуе Яўген.

Свабода зьвязалася зь некалькімі адміністратарамі буйных паблікаў «Укантакце». Яны кажуць, што пакуль іх у міліцыю не выклікалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG