Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маладачанскі завод падаў у суд на «Рэгіянальную газэту» за фота мыла на вяроўцы


Маладачанскі завод парашковай мэталюргіі праз суд запатрабаваў ад «Рэгіянальнай газеты» абвяржэньня матэрыялу пра мыла на вяроўцы і публічнага прабачэньня. Як піша газэта ў прэс-рэлізе, першае паседжаньне пройдзе 16 студзеня ў Менскім абласным эканамічным судзе.

У кастрычніку 2019 году газэта апублікавала фота ад чытача, на якім відаць кавалкі гаспадарчага мыла, прывязаныя вяроўкамі да ракавінаў. Сьцьвярджалася, што фота зробленае ў прыбіральні заводу, а мыла прывязваюць, «каб ня скралі».

Дырэктар заводу Алег Тапалаў пазьней заявіў газэце, што фота «зрабіў нейкі правакатар»: фота сапраўды зрабілі ў прыбіральні заводу, але мыла там, казаў ён, не прывязвалі вяроўкамі.

«На пытаньне карэспандэнта, ці абыходзіць дырэктар туалеты кожны дзень, таму ён мог і ня ведаць, што нехта прывязвае мыла, Тапалаў нічога не адказаў. Але адзначыў, што звольніў бы любога работніка, які прывязвае мыла», — пісала «Рэгіянальная газета», пасьля таго як карэспандэнту паказалі тую самую прыбіральню зь непрывязаным мылам.

Як сьцьвярджае газэта, цяпер завод патрабуе абвяржэньня і выбачэньняў, бо, «на думку кіраўніцтва прадпрыемства, зьвесткі, якія былі апублікаваныя, не адпавядаюць рэчаіснасьці і могуць адмоўна адбіцца на фінансавых выніках прадпрыемства». У выданьні ж лічаць, што матэрыял ня ўтрымлівае зьвестак, якія б зьнеслаўлялі пазоўніка або не адпавядалі рэчаіснасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG