Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дырэктар Мастацкага музэю абураны абвінавачаньнямі мастачкі Зоі Луцэвіч


Уладзімер Пракапцоў, архіўнае фота
Уладзімер Пракапцоў, архіўнае фота

Дырэктар Нацыянальнага мастацкага музэю Ўладзімер Пракапцоў адказаў на пост у фэйсбуку мастачкі Зоі Луцэвіч, якая абвінаваціла адміністрацыю Музэю, што яе прымусілі заплаціць за экскурсію, на якую яна сама сабрала людзей і сама правяла.

Спадар Пракапцоў кажа, што людзі звонку ня могуць праводзіць экскурсіі без узгадненьня з адміністрацыяй музэю.

У музэі цяпер праходзіць пэрсанальная выстава мастачкі Зоі Літвінавай «Знакі творчай волі». Сама спадарыня Літвінава хварэе, а Зоя Луцэвіч запрасіла ў суботу, 11 студзеня, каля 100 чалавек на экскурсію па выставе. Людзі самі купілі квіткі, а пасьля экскурсіі музэйныя працаўнікі папрасілі мастачку таксама заплаціць за квіток. Гэта яе абурыла. Кажа Зоя Луцэвіч і пра асабістыя крыўды. Яна мяркуе, што ў музэі ніколі ня будзе пэрсанальных выставаў ні яе, ні яе маці, мастачкі Сьвятланы Катковай.

Свабода выслухала другі бок — дырэктара музэю Ўладзімера Пракапцова.

Дырэктар Нацыянальнага мастацкага музэю Ўладзімер Пракапцоў паведаміў, што на сайце музэю ёсьць афіцыйны камэнтар.

У інтэрвію Свабодзе Ўладзімер Пракапцоў засяродзіў увагу на тым, што экскурсія мастачкі Зоі Луцэвіч і мастацтвазнаўцы Натальлі Царык не была ўзгодненая ні з куратарам выставы, ні з дырэкцыяй музэю.

«Зоя Луцэвіч зрабіла неэтычны крок — яна самастойна прывяла людзей у музэй, што зьяўляецца парушэньнем Кодэксу аб культуры, пункту 2 артыкула 186. Людзі з боку ня могуць праводзіць экскурсіі, для гэтага ёсьць музэйныя работнікі. Калі мастак праводзіць выставу, заўсёды прысутнічае куратар ад музэю. А Луцэвіч наўмысна прывяла людзей у суботу, калі адміністрацыя не працуе», — кажа Ўладзімер Пракапцоў.

Зоя Луцэвіч таксама піша, што за грошы Зоі Літвінавай аплачаныя ўсе выдаткі на перавозку твораў, мантаж выставы, вонкавую рэкляму і нават фуршэт.

«Гэта няпраўда. Мы самі ўсё аплацілі, акрамя фуршэту. Але ж ня можа музэй аплачваць яшчэ і фуршэт! А зь сёньняшняга дня я наагул забараніў у музэі ладзіць фуршэты нават з фужэрам шампанскага», — кажа Ўладзімер Пракапцоў.

Ён таксама запэўніў, што 15 студзеня ў Нацыянальным мастацкім музэі плянуецца сустрэча з Зояй Літвінавай. Яна хварэе, і пакуль невядома, ці прыйдзе сама. Ва ўсякім разе, у гэты дзень куратар выставы Натальля Сяліцкая будзе праводзіць экскурсію па выставе.

Пункт 2 артыкула 186 Кодэксу аб культуры, на які спасылаецца дырэктар Мастацкага музэю Ўладзімер Пракапцоў, кажа: «Экскурсiйнае абслугоўваньне наведвальнiкаў музэяў ажыцьцяўляецца музэйнымі работнікамі, а таксама па ўзгадненьні з кіраўніком музэю экскурсаводамі і гідамі-перакладчыкамі, якія прайшлі прафэсійную атэстацыю, якая пацьвярджае іх кваліфікацыю, іншымі асобамі ў адпаведнасьці з заканадаўчымі актамі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG