Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь асьцярожна падтрымала ЗША у іх канфлікце з Іранам


Пахаваньне генэрала Касэма Сулеймані ў іранскім горадзе Керман, 7 студзеня 2020
Пахаваньне генэрала Касэма Сулеймані ў іранскім горадзе Керман, 7 студзеня 2020

Напружанасьць паміж ЗША і Іранам пасьля забойства генэрала Касэма Сулеймані выклікала зусім розную рэакцыю Беларусі і Расеі.

Сьцісла:

  • Расея падтрымлівае Іран, але Беларусь займае іншую пазыцыю.
  • Тэлефонная размова міністра замежных спраў Беларусі Ўладзімера Макея зь дзяржаўным сакратаром ЗША Майкам Пампэо сьведчыць пра дыпляматычную падтрымку, якую Беларусь выказвае Злучаным Штатам у іх канфлікце зь Іранам.
  • Часы, калі Беларусь сябравала з Іранам і востра канфліктавала з ЗША прайшлі.
  • ЗША цяпер актыўна падтрымліваюць незалежнасьць Беларусі, і афіцыйны Менск гэта цэніць.

Расея ў амэрыкана-іранскім канфлікце фактычна падтрымлівае Тэгеран. РФ разам з Кітаем заблякавалі заяву Рады Бясьпекі ААН па асуджэньні атакі на амэрыканскую амбасаду ў Іраку, якая адбылася 31 сьнежня. Міністэрства абароны Расеі ўсяляк расхвальвае забітага Касэма Сулеймані, расейскія дзяржаўныя мэдыі асуджаюць ЗША. І гэта зразумела, бо падчас вайны ў Сырыі РФ і Іран былі саюзьнікамі. А ў ЗША Масква бачыць непрымірымага ворага.

Беларусь рэагуе інакш. Беларускія дзяржаўныя мэдыі імкнуцца захоўваць нэўтралітэт у канфлікце Вашынгтону і Ірану. І на гэтым тле выдзяляецца тэлефонная размова міністра замежных спраў Беларусі Ўладзімера Макея зь дзяржаўным сакратаром ЗША Майкам Пампэо 6 студзеня.

З сайту МЗС Беларусі незразумела, хто каму патэлефанаваў. Але сам факт размовы міністра з асобай, адказнай за замежную палітыку ЗША ў момант вострага канфлікту Злучаных Штатаў з Іранам, даволі паказальны. Макей мог бы дзеля раўнавагі патэлефанаваць у Тэгеран. Але не.

Другі момант. Паводле інфармацыі МЗС Беларусі, «зь беларускага боку пацьверджана гатоўнасьць прыняць Дзяржаўнага сакратара ЗША зь візытам у ўзаемапрымальныя даты, адзначана важнасьць адкрытага абмену думкамі па пытаньнях разьвіцьця двухбаковых адносінаў, сытуацыі ў рэгіёне і сьвеце ў цэлым». То бок, беларускае пасланьне ў Вашынгтон такое: мы вас чакаем.

І самае галоўнае. Падчас тэлефоннай размовы Ўладзімер Макей «выказаў асуджэньне любых дзеяньняў, якія парушаюць прадугледжаныя Венскай канвэнцыяй аб дыпляматычных зносінах прывілеі і імунітэты дыпляматычных прадстаўніцтваў».

Нагадаю, што ракетны удар ЗША, у выніку якога быў забіты Касэм Сулеймані, стаў адказам на атакі на амэрыканскую амбасаду ў Іраку. І Макей, асуджаючы «любыя дзеяньні» супраць «дыпляматычных прадстаўніцтваў», фактычна салідарызуецца з пазыцыяй Вашынгтону. У гэтым кроку выявілася прынцыповае адрозьненьне ад пазыцыі Расеі, якая ў ААН адмовілася асудзіць атаку на амэрыканскую амбасаду ў Іраку.

Цяперашняя пазыцыя афіцыйнага Менску паказвае, як моцна памянялася замежная палітыка Беларусі. У 1990-2000-я гады беларускае кіраўніцтва праводзіла жорсткі антыамэрыканскі курс. Лукашэнка тады бег наперадзе паравоза і ўвесь час асуджаў Расею за ляяльнасьць да Захаду і ЗША.

І наадварот, з Іранам тады сябравалі. Зьявіўся нават нейкі антыамэрыканскі саюз краін-ізгояў: Беларусь, Іран, Вэнэсуэла, Куба і інш. Тады Беларусь нават спрабавала распрацоўваць нафтавыя радовішчы ў Іране, але беспасьпяхова.

Аднак часы мяняюцца. Беларусь выйшла з міжнароднай ізаляцыі, пачаўся працэс нармалізацыі адносін з Захадам. У выпадку чаго, Іран наўрад ці стане абараняць незалежнасьць Беларусі.

А вось ЗША ўсяляк падкрэсьліваюць падтрымку беларускага сувэрэнітэту. Пра гэта казалі падчас мінулагодніх візытаў у Менск дарадцы прэзыдэнта ЗША па нацыянальнай бясьпецы Джон Болтана і намесьніка дзяржсакратара Дэйвіда Гэйла. Плянаваны візыт Пампэо ў Менску, паводле прэс-рэлізу Дзяржаўнага дэпартамэнту Злучаных Штатаў, меўся «падкрэсьліць прыхільнасьць ЗША да сувэрэннай, незалежнай, стабільнай і квітнеючай Беларусі». Камэнтуючы тэлефонную размову з Макеем, прэсавая сакратарка Дзярждэпартамэнту ЗША Морган Артагус заявіла: «Дзяржсакратар высока ацаніў падтрымку Беларусі ў асуджэньні нападу на амбасаду ЗША ў Багдадзе. Сакратар Пампэо пацьвердзіў моцную прыхільнасьць ЗША да сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Беларусі».

Для Беларусі якраз цяпер, падчас вострага крызысу ў адносінах з Расеяй, такая пазыцыя ЗША вельмі важная. У гэтым сэнсе жэст афіцыйнага Менску цалкам лягічны і прагматычны.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG