Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На пінскай фабрыцы, якой 127 гадоў, спынілі вытворчасьць запалак


Запалкавая фабрыка «Пінскдрэў», 2012 год
Запалкавая фабрыка «Пінскдрэў», 2012 год

Холдынг «Пінскдрэў» больш ня будзе вырабляць запалак; найстарэйшую запалкавую фабрыку Беларусі перапрафілююць пад вытворчасьць крэслаў, паведамілі БелаПАН у канцэрне «Беллеспаперапрам», якому прадпрыемства падведамаснае.

Прычынай рашэньня закрыць фабрыку стала зьніжэньне попыту на запалкі як на ўнутраным, так і на вонкавым рынках, а таксама зношваньне абсталяваньня.

«Попыт на запалкі падаў штогод і дасягнуў свайго мінімуму. І цяпер утрымліваць будынкі, збудаваньні і абсталяваньне, разьлічаныя на вялікія аб’ёмы вытворчасьці, ужо нерэнтабэльна. Там яшчэ і вельмі вялікі знос абсталяваньня», — растлумачылі ў канцэрне «Беллеспаперапрам», дадаўшы, што з улікам падзеньня попыту «абсалютна нерацыянальна ўкладваць грошы ў мадэрнізацыю абсталяваньня».

Магутнасьці запалкавай фабрыкі ў Пінску дазвалялі вырабляць больш за 600 тысяч умоўных скрыняў запалак (умоўная скрыня роўная ў сярэднім 38 тысячам запалак, г. зн. скрыня ёмістасьцю ў 1000 пушак пры напаўненьні кожнай у сярэднім 38 запалкамі). Цяперашнія патрэбы ўнутранага рынку — каля 350 тысяч умоўных скрыняў, і гэты абʼём запалак плянуюць вырабляць на прадпрыемстве «Барысаўдрэў», дзе запалкавую вытворчасьць мадэрнізавалі.

Некалькі соцень работнікаў запалкавай фабрыкі ў Пінску перавялі ў iншае падразьдзяленьне холдынгу «Пінскдрэў», дзе працуе больш за шэсьць тысяч чалавек. Людзі не засталіся бяз працы, запэўнілі ў «Беллеспаперапраме».

На базе запалкавай фабрыкі ў Пінску пасьля перапрафіляваньня створаць вытворчасьць крэслаў.

  • Запалкавую фабрыку ў Пінску заснаваў у 1892 годзе аўстра-вугорскі капіталіст Луі Гершман. Спачатку большасьць працэсаў у выпуску запалак рабілі ўручную, але паступова вытворчасьць удасканальвалася, многія працэсы мэханізавалі.
  • У 1897 годзе фабрыка згарэла. З нуля яе аднавіў аўстра-вугорскі падданы Ёсіф Гальпэрн.
  • У гады Першай сусьветнай вайны фабрыка адышла немцам. Пасьля далучэньня Заходняй Беларусі да Польшчы на фабрыцы мадэрнізавалі вытворчасьць, але яна працавала са збоямі.
  • Падчас Другой сусьветнай вайны немцы вывезьлі абсталяваньне і спалілі фабрыку. Яе аднавілі ў савецкія гады. Пасьля здабыцьця Беларусьсю незалежнасьці фабрыку вылучылі ў самастойную вытворчую структуру, якая зьяўлялася філіялам «Пінскдрэва».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG