Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На фэрмах Польшчы выявілі птушыны грып. Беларускія вэтэрынары напагатове


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Захворваньне птушак на высокапатагенны грып стала прычынай таго, што з 5 студзеня прыпыняюцца пастаўкі ў Беларусь шэрагу відаў прадукцыі зь Люблінскага ваяводзтва Польшчы.

Пра гэта паведамілі карэспандэнту Свабоды ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчаваньня.

Дэпартамэнт вэтэрынарнага і харчовага нагляду часова абмежаваў пастаўкі:

  • жывой птушкі;
  • інкубацыйных яек;
  • мяса птушкі;
  • яечнага парашку, мэлянжу ды іншых прадуктаў перапрацоўкі яйка;
  • пуху і перʼя, паляўнічых трафэяў птушынай дзічыны;
  • кармоў і кармавых дадаткаў з птушкі;
  • расьлінных кармоў.

Таксама дэпартамэнт лічыць неабходным «прыняць дадатковыя захады біялягічнай абароны ўсіх птушкагадоўчых абʼектаў усіх формаў уласнасьці».

На ўсходзе Польшчы, блізу межаў зь Беларусьсю і Ўкраінай, за адзін дзень здохла ня менш за 25 тысяч індыкоў. Прычынаю здыхаты называюць птушыны грып. Gazeta Wyborcza адзначае, што штам грыпу H5N8 у Польшчы раней не фіксаваўся.

Успышкі птушынага грыпу зарэгістраваныя на трох фэрмах у Люблінскім ваяводзтве. Як перадае Польскае радыё, колькасьць заражаных гэтай хваробай птушак можа дасягнуць 100 тысяч.

Цяпер спэцыялісты дакладна пацьвердзілі заражэньне 40 тысяч індыкоў. 2 студзеня пачалася апэрацыя ліквідацыі загінулых індыкоў.

3 студзеня выкрылі чацьвёрты асяродак птушынага грыпу ў мясцовасьці Усьцімаў у Любартаўскім павеце Люблінскага ваяводзтва.

Усьцінаў, дзе адбылася ўспышка птушынага грыпу
Усьцінаў, дзе адбылася ўспышка птушынага грыпу

Птушыны грып таксама зафіксаваны ў Вялікапольшчы. Вэтэрынарныя службы натуюць і асобныя выпадкі сьмерці дзікіх птушак. Аналізы ўзятыя ў лебедзя і некалькіх дзікіх качак.

«Мы напагатове»

Галоўны вэтэрынарны доктар Берасьцейскай вобласьці Сяргей Грамада сказаў карэспандэнту Свабоды, што дазвол увозіць у Беларусь мяса птушкі ці жывую птушку выдае дэпартамэнт вэтэрынарнага і харчовага нагляду пасьля вывучэньня эпізаатычнай сытуацыі.

У Беларусь для перапрацоўчых прадпрыемстваў мяса птушкі мэханічнай абвалкі пастаўляюць з Польшчы, Даніі, іншых краін Эўропы.

«Ніводная машына без дазволу не заедзе на тэрыторыю Беларусі», — сказаў Сяргей Грамада.

Ён дадаў, што ўсе дзесяць (гэта апроч фэрмэрскіх) птушкафабрык Берасьцейскай вобласьці звычайна працуюць у закрытым рэжыме.

«То бок уезд-выезд толькі замацаванага аўтатранспарту, уваход толькі супрацоўнікаў, пабочныя асобы могуць наведаць прадпрыемствы толькі пасьля ўзгадненьня з галоўным вэтэрынарным доктарам вобласьці. Таксама выкарыстоўваюць кармы, вырабленыя на беларускіх камбікормавых прадпрыемствах у строгай адпаведнасьці з патрабаваньнямі», — сказаў Сяргей Грамада.

Паводле Грамады, тэарэтычна пагроза існуе, бо гэта адбываецца ў памежнай Польшчы, але выратоўвае сытуацыю яшчэ і тое, што цяпер няма лёту дзікай птушкі.

«Транспарт, які праяжджае на тэрыторыю птушкафабрык, праходзіць дэзынфэкцыйныя барʼеры. Таму мы напагатове», — сказаў Грамада.

У фэрмэрскай гаспадарцы «Астравецкае», дзе вырошчваюць індыкоў, сказалі, што пакуль (на вечар 3 студзеня. — РС) не атрымлівалі афіцыйнай інфармацыі пра птушыны грып у Польшчы, а ведаюць пра яго з СМІ.

«Але ў кожным разе наша прадпрыемства закрытае, пакуль нейкай небясьпекі мы ня бачым», — сказалі ў «Астравецкім».

«Няма інфармацыі, што птушыны грып пагражае чалавеку»

Паводле прэс-службы беларускага Міністэрства аховы здароўя, «для чалавека найбольш небясьпечныя H7N9, H5N6, H5N1, а ў Польшчы H5N8».

Паводле Ўсьсьветнай арганізацыі здароўя, выпадкаў заражэньня чалавека штамам H5N8 не зафіксавана.

«Але вакцынацыя насельніцтва ў Беларусі праведзена ў вызначаныя тэрміны і зь неабходнымі абʼёмамі. Гэта дазваляе казаць, што сытуацыя па захворваньні на грып будзе кіруемай», — сказаў намесьнік галоўнага лекара Берасьцейскага абласнога цэнтру гігіены, эпідэміялёгіі і грамадзкага здароўя Уладзімер Кляцко.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG