Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Птушыны грып забіў 25 тысячаў індыкоў у Польшчы, на мяжы зь Беларусьсю


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

На ўсходзе Польшчы, блізу межаў зь Беларусьсю і Ўкраінай, за адзін дзень памерлі ня менш за 25 тысячаў індыкоў. Прычынай сьмерці птушак называюць птушыны грып. Gazeta Wyborcza адзначае, што штам грыпу H5N8 у Польшчы раней не зьяўляўся.

Паводле Associated Press, польскія вэтэрынары плянуюць усыпіць да 60 тысячаў птушак у Любартаўскім павеце Люблінскага ваяводзтва. Вірус выявілі на дзьвюх фэрмах у вёсцы Стары Ўсьцімаў, што за 43 км ад мяжы зь Беларусьсю і за 82 км ад Берасьця.

Паліцыя ўжо пачала блякаваць доступ у пацярпелыя раёны для людзей зь іншых раёнаў. Як вірус трапіў на пацярпелыя фэрмы, пакуль ня выяўлена.

Ускладніць барацьбу зь вірусам могуць дзікія птушкі: праз анамальнае надвор’е пералётныя птушкі яшчэ не зьляцелі на поўдзень. Ёсьць рызыка, што яны распаўсюдзяць хваробу.

Птушыны грып выявілі больш за 100 гадоў таму. Розныя віды хваробы выклікаюць сьмерць ад 10% да 100% хворых птушак, могуць перадавацца чалавеку. Менавіта штам H5N8 лічыцца для чалавека менш небясьпечным за высокапатагенны H5N1: захворваньняў людзей ад першага яшчэ не рэгістравалі, а ад другога ў 2003–2017 гадах памерлі сумарна больш за 450 чалавек (у 2018-м ахвяраў не было, у 2019-м памёр толькі адзін чалавек).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG