Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму бясплатную прышчэпку ад грыпу можна зрабіць толькі расейскай вакцынай


У Беларусі пачалася масавая вакцынацыя ад грыпу, якая працягнецца да 1 сьнежня. Ужо прышчэплена каля 10% насельніцтва. У мэдустановах бясплатна прапануюць вакцыну толькі расейскай вытворчасьці.

Якія вакцыны даступныя ў Беларусі

Звычайна прышчапляецца 40,3–40,6% насельніцтва, і эпідэміёлягі чакаюць, што такая ж лічба будзе і сёлета.

«Такі адсотак гарантуе, што ня будзе распаўсюду грыпу, гэта аптымальны ахоп прышчэпкамі. Але зрабіць прышчэпку могуць усе ахвотныя. У гэтыя 40% уваходзяць і тыя, хто робіць прышчэпку платна», — сказала карэспандэнту Свабоды намесьніца начальніка аддзелу гігіены, эпідэміялёгіі і прафіляктыкі Міністэрства аховы здароўя Іна Карабан.

Сёлета беларусы могуць выбраць з чатырох прышчэпак:

  • «Грыпол плюс» (Расея),
  • «Ваксігрып» (Францыя),
  • «Інфлювак» (Нідэрлянды) і
  • «Ваксігрып Тэтра» (Францыя).

Аднак ня ўсе яны ёсьць цяпер у наяўнасьці.

На гэты момант у Беларусь увезена больш за 3 мільёны 900 тысяч доз вакцынаў.

«У Беларусі зарэгістраваная толькі адна чатырохкампанэнтная вакцына ад грыпу, гэта „Ваксігрып Тэтра“. Яна яшчэ не паступіла. На яе вельмі вялікі попыт, і кампанія „Санафі“ папярэдзіла краіну, што прывязе гэтую вакцыну крыху пазьней, напрыканцы кастрычніка — на пачатку лістапада. Гэтая вакцына мае чатыры кампанэнты, іншыя вакцыны маюць па тры кампанэнты. У ёй два вірусы групы „А“ і два вірусы групы „В“. Але ў нас другі вірус групы „В“ вельмі мала цыркулюе, выяўляюцца літаральна адзінкі. Таму афіцыйна мы яшчэ не перайшлі на чатырохкампанэнтную», — сказала Іна Карабан.

Каму робяць прышчэпкі бясплатна

Бясплатна грамадзяне Беларусі могуць прышчапіцца толькі расейскай вакцынай. Расейская прышчэпка выйграла тэндэр, бо яна таньнейшая.

«Але ўсе прышчэпкі аднолькавыя па складзе часьцінак вірусаў. „Грыпол плюс“ — гэта сучасная вытворчасьць вакцын», — сказала Іна Карабан.

На бясплатнай аснове прышчэпкі робяць дзецям ад 6 месяцаў да 3 гадоў, дзецям і дарослым з хранічнымі захворваньнямі, асобам з імунасупрэсіяй, старэйшым за 65 гадоў, цяжарным і іншым катэгорыям.

«Ужо пачалі прышчапляцца прадпрыемствы і ўсе групы рызыкі», — сказала Іна Карабан.

Эпідэмія грыпу звычайна чакаецца напрыканцы лютага — на пачатку сакавіка.

«Улічваючы, што апошнія гады як такой эпідэміі няма ў Беларусі, назіраецца рост захворвальнасьці на грып, але ён не перавышае эпідэміялягічных узроўняў. Мы спадзяёмся, што нас гэта ж чакае і сёлета», — сказала Іна Карабан.

Ці раіць Іна Карабан зрабіць прышчэпку ад грыпу?

«Я сама раблю прышчэпку, і ў нас Міністэрства аховы здароўя будзе прышчапляцца 18 кастрычніка расейскай вакцынай. Прыедзе брыгада і будзе нас тут прышчапляць, як і штогод. Хто ня хоча расейскай, можа зрабіць платна іншую», — сказала Іна Карабан.

Колькі каштуюць платныя прышчэпкі

Менск — гэта адзіны горад у Беларусі, які мае гарадзкі цэнтар вакцынапрафіляктыкі.

Там карэспандэнту Свабоды паведамілі, што сёлета закупілі каля 600 тысяч доз «Грыпола плюс».

«Мэта вакцынацыі — зьменшыць захворвальнасьць на грып, зьменшыць колькасьць ускладненьняў і неспрыяльных вынікаў. Страшны ня сам грып, а яго ўскладненьні. Асабліва гэта тычыцца маленькіх дзяцей, асобаў сталага ўзросту, тых хто мае хранічную паталёгію», — сказала Свабодзе загадчыца цэнтру Аксана Таранава.

Зрабіць платную прышчэпку можна ў Менскім цэнтры вакцынапрафіляктыкі, у паліклініках па месцы жыхарства, а таксама ў мэдцэнтрах. У Менскім цэнтры вакцынапрафіляктыкі пакуль прапануюць дзьве прышчэпкі ад грыпу — «Інфлювак» за 15,31 рубля і «Грыпол плюс» за 10,49 рубля.

«Экамэдсэрвіс» прапануе толькі трохкампанэнтную прышчэпку «Ваксігрып» за 22 рублі, а чатырохкампанэнтнай «Ваксігрып Тэтра» сказалі, што ня будзе.

У мэдцэнтры «Ладэ» паведамілі, што можна прышчапіцца ад грыпу дзьвюма вакцынамі — «Ваксігрып» за 21,95 рубля і «Інфлювак» за 20,47 рубля. «Ваксігрыпу Тэтра» ў гэтым мэдцэнтры таксама няма.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG