Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка і Пуцін — 20 гадоў заклятага сяброўства


У тэлефоннай размове Лукашэнкі з Пуціным 30 сьнежня кіраўнікі дзьвюх дзяржаваў павіншавалі адзін аднаго з Новым годам. Інфармацыі пра тое, ці беларускі лідэр павіншаваў свайго калегу з нагоды 20-годзьдзя знаходжаньня на пасадзе кіраўніка Расеі, няма. І гэта даволі знамянальны факт.

Адносіны паміж двума лідэрамі ня склаліся адразу. Зьяўленьне Пуціна на расейскім палітычным гарызонце зламала такі добра распрацаваны і, здавалася б, вельмі рэальны плян Лукашэнкі заняць крамлёўскі пасад і, як ён сам казаў, схапіць шапку Манамаха. І гэтая псыхалягічная траўма ад няспраўджаных надзеяў засталася на ўсё астатняе жыцьцё.

Другая прычына трохі грэблівага стаўленьня Лукашэнкі да Пуціна зьвязана з спосабам прыходу цяперашняга расейскага лідэра да найвышэйшай улады. У адрозьненьне ад прэзыдэнта Беларусі, які ў 1994 годзе перамог усіх сваіх канкурэнтаў за кошт таленту публічнага палітыка, кіраўнік Расеі стаў на чале дзяржавы ў выніку палацавай камбінацыі, проста Ельцын выбраў яго ў якасьці наступніка. То бок, калі Лукашэнку выбраў народ, то Пуціна выбрала калякрамлёўская алігархія. І гэта абумовіла надоўга пагардлівае стаўленьне «народнага прэзыдэнта» да стаўленіка алігархічнага капіталу.

Зьвярніце ўвагу на тыя прэсавыя канфэрэнцыі Лукашэнкі для расейскіх рэгіянальных журналістаў, якія амаль кожны год ладзяць прэс-тур па Беларусі. Выступ на іх беларускага лідэра ладзіцца паводле таго самага сцэнару: як усё добра ў Беларусі і як усё кепска ў Расеі. Чаму? Бо расейцам, адрозна ад беларусаў, не пашэнціла з кіраўніком.

У сваю чаргу, у Пуціна заўсёды было ня менш паблажлівае стаўленьне да Лукашэнкі. У ім намяшана ўсяго патроху. Тут і погляд імпэрца на кіраўніка залежнай краіны, і рознасьць культур (выпускнік юрфаку Санкт-Пецярбурскага ўнівэрсытэту, супрацоўнік элітнага КГБ у параўнаньні з дырэктарам саўгасу), і раздражненьне завышанымі амбіцыямі саюзьніка, які імкнецца паводзіць сябе як роўны.

Лукашэнку выбраў народ, Пуціна — калякрамлёўская алігархія


Пуціну з самага пачатку недаспадобы аказалася сама ідэя Саюзнай дзяржавы. Бо ў яго, у адрозьненьне ад Ельцына, не было комплексу віны за развал СССР. Як чалавеку, які мысьліць больш рацыянальна, яму была незразумелая гэтая дзяржаўная канструкцыя. Над Расейскай фэдэрацыяй надбудоўваецца яшчэ адна фэдэрацыя ці нават канфэдэрацыя. Як гэта можа працаваць? Адсюль яго знакамітая фраза, што трэба «аддзяліць мух ад катлет», прапанова Беларусі ўступіць у РФ шасьцю абласьцямі. Гэта была спроба паставіць працэс беларуска-расейскай інтэграцыі на рацыянальную глебу, зразумела, з гледзішча Масквы.

Толькі цяпер праект Саюзнай дзяржавы аказаўся запатрабаваным у Крамлі, але гэта ўжо іншая гісторыя.

Лукашэнка шмат разоў казаў, што мы з Пуціным — сябры. Але гэта нейкае дзіўнае заклятае сяброўства. Ні з кім у Расеі не было так шмат канфліктаў, як з сваім нібыта найбліжэйшым саюзьнікам. Тое самае можна сказаць і пра Беларусь.

Ні з кім у Расеі не было так шмат канфліктаў, як з сваім нібыта найбліжэйшым саюзьнікам.


Чаго толькі за 20 гадоў Лукашэнка не нагаварыў пра свайго «сябра». Палітыку Пуціна ён называў «тэрарызм на найвышэйшым узроўні». Пасьля чарговай сустрэчы з прэзыдэнтам Расеі ў 2006 годзе беларускі лідэр заявіў: «Скажу шчыра, адна зь нечаканасьцяў, якую я адкрыў, — найвышэйшая часам непрыстойнасьць кіраўнікоў майго ўзроўню. Я ніколі ня думаў, што палітыка настолькі няшчырая. Што там часьцей кажуць ня тое, што думаюць, вельмі часта хлусяць».

Падчас прэсавай канфэрэнцыі 3 лютага 2017 году кіраўнік Беларусі распавядаў пра тое, як яны спрачаліся з Пуціным аб коштах на газ. І ён, нібыта жартам, сказаў, маўляў, можа ў цябе акцыі «Газпрома» ёсьць? Але, як вядома, у кожным жарце толькі доля жарту... Чуткі пра тое, што сам прэзыдэнт РФ зьяўляецца акцыянэрам газавай манаполіі, ходзяць даўно, пра гэта шмат пісалі расейскія і замежныя СМІ. Таму гэткі жарт — гэта ўдар пад дых.

І апошні сюжэт зь нядаўняга інтэрвію Лукашэнкі Венядзіктаву. Кіраўнік Беларусі прыгразіў Расеі вайной з NАТО, калі тая паспрабуе сілай далучыць Беларусь. Вось такое заклятае сяброўства.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG