Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзярждэпартамэнт ЗША: візыт дзяржсакратара ў Менск — гістарычны паваротны пункт у дачыненьнях Беларусі і ЗША


Дзяржаўны сакратар ЗША Майк Пампэо

Дзяржаўны сакратар ЗША Майк Пампэо ў першыя дні новага году наведае некалькі краінаў Усходняй Эўропы і Цэнтральнай Азіі. Пасьля візыту ў Кіеў 3 студзеня, дзе ён сустрэнецца з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім, 4 студзеня ён прыляціць у Менск.

У Менску кіраўнік амэрыканскага замежнапалітычнага ведамства плянуе сустрэцца з прэзыдэнтам Аляксандрам Лукашэнкам і міністрам замежных справаў Беларусі Ўладзімерам Макеем.

Напярэдадні візыту двое высокапастаўленых службоўцаў Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША пазнаёмілі журналістаў з падрабязнасьцямі дыпляматычнага турнэ Майка Пампэo.

Гаворачы пра візыт у Беларусь, яны сярод іншага паведамілі:

«4 студзеня дзяржаўны сакратар наведае Менск, сустрэнецца там з прэзыдэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам і абмяркуе зь ім далейшую нармалізацыю двухбаковых дачыненьняў і абмен амбасадарамі, пра які, як многія памятаюць, намесьнік дзяржсакратара Дэйвід Гэйл абвясьціў беларускаму боку падчас свайго візыту ў беларусь некалькі месяцаў таму».

Паводле прадстаўніка Дзяржаўнага дэпартамэнту, Пампэо сустрэнецца таксама зь міністрам замежных справаў Беларусі Ўладзімерам Макеем і абмяркуе зь ім пытаньні правоў чалавека, эканамічнага супрацоўніцтва і абмену інфармацыяй аб пагрозах для рэгіянальнай і міжнароднай бясьпекі.

Прадстаўнік замежнапалітычнага ведамства ЗША асабліва падкрэсьліў, што ЗША пасьлядоўна падтрымліваюць Беларусь, будучы адной зь першых краінаў, якія прызналі незалежнасьць Беларусі ў 1991 годзе, і застануцца адданымі прыхільнікамі сувэрэннай, стабільнай, квітнеючай і незалежнай Беларусі.

«Мы паважаем жаданьне Беларусі разьвіваць свае ўласныя партнэрствы, вызначаць свой уласны курс і адыгрываць канструктыўную ролю ў рэгіёне.

Мы надалей заахвочваем Беларусь працягваць курс на прагрэс у пытаньнях правоў чалавека, дасягнуты за апошнія гады, і прызнаем, што разьвіцьцё дэмакратычных прынцыпаў узмоцніць сувэрэнітэт і незалежнасьць Беларусі, якія ЗША ў сваю чаргу адназначна і цьвёрда падтрымліваюць. І гэта, вядома ж, падрыхтуе глебу для паляпшэньня двухбаковых сувязяў».

У заключэньне гутаркі з журналістамі, падчас якой задаваліся пытаньні адносна наведаньня Майкам Пампэо Ўкраіны і краінаў Цэнтральнай Азіі, прадстаўнік Дзярждэпартамэнту зноў вярнуўся да тэмы Беларусі:

«Калі можна, я дадам заключны камэнтар. Гэтая тэма не прагучала ў пытаньнях, але я не хачу, каб засталася па-за ўвагай вялікая важнасьць візыту дзяржсакратара ў Менск. Як я зазначыў, улічваючы тое, што ЗША былі адной зь першых краінаў, што прызналі незалежнасьць Беларусі, гэты візыт у Менск стане гістарычным і пазытыўным паваротным пунктам у дачыненьнях ЗША і Беларусі.

Ад часу апошняга візыту дзяржаўнага сакратара ЗША ў Беларусь мінула 25 гадоў. І вось зноў Злучаныя Штаты выступаюць з падтрымкай сувэрэннай і незалежнай, стабільнай і квітнеючай Беларусі, праз 25 гадоў дзяржсакратар зноў рады магчымасьці наведаць гэтую краіну і абмеркаваць шэраг пытаньняў».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG