Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Узгаднялі тысячу разоў». Лукашэнка «выратаваў» будынкі KFC і Burger King ад зносу


Кампанія «РэвіТар Інвест», якая мае шэраг будынкаў каля станцыяў менскага мэтро «Ўсход» і «Каменная горка», змагла падпісаць адпаведныя дамовы арэнды зь Менгарвыканкамам пасьля распараджэньня Аляксандра Лукашэнкі.

Раней Менгарвыканкам зьбіраўся зьнесьці будынкі «РэвіТар Інвест», дзе разьмяшчаюцца, сярод іншага, KFC, Burger King, Texas Chicken і «Хінкальная».

Прычына была ў тым, што чыноўнікі дапусьцілі памылкі пры выдачы дазвольных дакумэнтаў. Справа цягнулася гадамі і дайшла да суду. Аднак у сакавіку 2019 году падчас «Вялікай размовы» ў Аляксандра Лукашэнкі эканаміст Яраслаў Раманчук расказаў пра сытуацыю, і кіраўнік дзяржавы загадаў «разабрацца». Пасьля гэтага Менгарвыканкам адклікаў пазоў і скасаваў свае рашэньні.

«Дамовы арэнды працягнулі, гэта была больш тэхнічная працэдура. Калі Менгарвыканкам адклікаў з судоў свае пазовы, прыйшла папера ад прэзыдэнта, і там ужо іншага варыянту не было. Проста тэхнічна гэтая працэдура заняла доўгі час, блыталі, памыляліся, узгаднялі тысячу разоў. Дзяржкантроль узяў на кантроль, яны патрабавалі, каб усё было выразна, дасканала аформлена. Бо пры выдачы было вельмі многа памылак. Таму гэта была тэхнічная праца і яна дайшла амаль да канца», — сказаў карэспандэнту Свабоды заснавальнік кампаніі Сяргей Тарасюк.

Паводле Сяргея Тарасюка, цяпер праблемаў не павінна быць з усімі будынкамі, якія ўзводзіць кампанія.

«Раней забраную зямлю пад усімі будынкамі аддалі назад», — сказаў Сяргей Тарасюк.

Паводле Тарасюка, на шэрагу аб’ектаў зроблена мадэрнізацыя і рэканструкцыя. Аднак цяпер паўторна падаюць дакумэнты на ўзгадненьне, бо ранейшы галоўны архітэктар Менску Павал Лучыновіч «нічога не ўзгадняў, „драконіў“ нас па поўнай праграме, даваў каманду ніякіх рашэньняў наконт нас не прымаць», — кажа Тарасюк.

Таксама пасьля «Вялікай размовы» ў Аляксандра Лукашэнкі мясцовыя ўлады пачалі вырашаць на карысьць кампаніі пытаньні афармленьне аграсядзібы і тэнісных кортаў, хоць раней Сяргей Тарасюк прайграў суды. Цяпер мясцовыя ўлады зарэгістравалі на яго зямлю, афармляюцца дакумэнты на будынкі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG