Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РПЦ разарвала зносіны з Александрыйскім патрыярхатам за Украіну


Патрыярх Фэадор II (зьлева) перастаў быць жаданым госьцем у Маскве
Патрыярх Фэадор II (зьлева) перастаў быць жаданым госьцем у Маскве

РПЦ разарвала зносіны з патрыярхам Александрыйскай праваслаўнай царквы Фэадорам II і адмовілася памінаць яго падчас службаў. Такое рашэньне прынята ў чацьвер на пасяджэньні Сыноду ў Маскве, паведаміў у сваім тэлеграм-канале кіраўнік Сынадальнага аддзелу ў пытаньнях узаемаадносін Царквы з грамадзтвам Уладзімір Лягойда. Прыходы расейскай царквы ў Афрыцы будуць перададзеныя пад кіраваньне патрыярха Кірыла.

У лістападзе Фэадор II, які ўзначальвае Александрыйскую царкву, абвясьціў пра прызнаньне незалежнай ад Маскоўскага патрыярхату Праваслаўнай царквы Ўкраіны. Ён сам памянуў прадстаяцеля ўкраінскай царквы Эпіфана (Думенку) падчас службы, відэазапіс літургіі быў выкладзены ў фэйсбуку.

У сьнежні 2018 году ва Ўкраіне аб’ядналіся ў Праваслаўную царкву Ўкраіны некалькі непрызнаных сусьветным праваслаўем украінскіх цэркваў. Яе прызнала Канстантынопальская праваслаўная царква, у 2019 годзе ў Стамбуле яе кіраўнік падпісаў Томас аб царкоўнай незалежнасьці ПЦУ. Пазней ПЦУ прызнала Эладзкая праваслаўная царква. Супраць гэтага катэгарычна выступае Расейская праваслаўная царква. Там лічаць, што Украіна — кананічная тэрыторыя Ўкраінскай праваслаўнай царквы, якая мае аўтаномію ў складзе РПЦ.

У РПЦ называюць прызнаньне ПЦУ расколам у сусьветным праваслаўі. Маскоўскі патрыярхат спыніў малітоўныя зносіны з Канстантынопальскай і Эладзкай цэрквамі. Пры гэтым у Маскве заявілі, што лічаць, што Александрыйская царква ПЦУ не прызнала, і што гэта асабістае рашэньне Фэадора II. Гэты пункт гледжаньня патлумачылі тым, што рашэньне не выносілася на пасяджэньні Сыноду Александрыйскай царквы. Масква плянуе захаваць зносіны з герархамі, якія не падтрымалі свайго патрыярха.

Александрыйская царква аб’ядноўвае праваслаўныя прыходы ў краінах Афрыкі. У Маскве заявілі, што прыходы РПЦ, якія былі пад кіраваньнем александрыйскага Патрыярха, будуць пераведзеныя пад кіраваньне патрыярха Кірыла. Колькі такіх парафій — не паведамлялася.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG