Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Людзі паміраюць ад крупінак у паветры. Наколькі забруджанае яно ў Беларусі?


Горадня

Днямі амэрыканская газэта The New York Times апублікавала артыкул пра забруджваньне паветра ў сьвеце. Журналісты прапанавалі чытачам паглядзець, наколькі адрозьніваецца паветра ў іхным горадзе ад самага забруджанага ў сьвеце.

Свабода спыталася ў экаактывіста Зьмітра Гераловіча, ці бясьпечна дыхаць у Беларусі.

Агенцтва аховы навакольнага асяродзьдзя ЗША замярае колькасьць у паветры цьвёрдых крупінак, якія маюць назву РМ2.5. Паводле шкалы, вызначанай агенцтвам, мяжа нармальнай якасьці паветра — 12 мікраграмаў такіх крупінак на кубічны мэтар на працягу 24 гадзін. У Менску сёлета найгоршая канцэнтрацыя небясьпечных цьвёрдых крупінак дасягнула 69 мкг/м3. Гэты ўзровень лічыцца кепскім.

«Гэта даволі высокая канцэнтрацыя. Я кажу гэта, проста зыходзячы з таго, што мэта Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ ) у тым, каб зьнізіць сусьветны ўзровень колькасьці крупінак з 70 да 20, — кажа Зьміцер Гераловіч, сябар рады грамадзкага аб’яднаньня „Экадом“. — Можна сьмела сказаць, што Менск знаходзіцца на той верхняй планцы, пра якую кажа СААЗ. Трэба рабіць нейкія захады для таго, каб зьніжаць узровень».

Што такое PM2.5?

«Гэта цьвёрдыя крупінкі памерам 2,5 ці менш мікронаў. Яны могуць складацца з розных рэчываў, іх дыямэтар розны», — тлумачыць Гераловіч.

Зьміцер Гераловіч
Зьміцер Гераловіч

Чаму гаворка менавіта пра гэтыя крупінкі? Экаактывіст кажа, што якраз яны ўплываюць на здароўе чалавека.

«Яны трапляюць у лёгкія і не выводзяцца зь іх. Сусьветная арганізацыя аховы здароўя займаецца гэтай тэмай, таму што празь невысокую якасьць паветра і высокую колькасьць цьвёрдых крупінак пакутуюць людзі».

NYT прыводзіць такія дадзеныя: у 2015 годзе з прычыны забруджваньня паветра памерла 4,2 мільёна чалавек. Большасьць зь іх — насельніцтва Ўсходняй і Паўднёвай Азіі.

У Злучаных Штатах, якія лічацца адной з найлепшых краінаў у якасьці паветра, праз дробныя часьцінкі ў 2015 годзе памерла 88 тысяч чалавек. Сьмяротнасьць ад забруджваньня стала больш высокай, чым ад дыябэту і грыпу.

Згодна з дадзенымі СААЗ, у 2012 годзе Беларусь дзяліла з Расеяй трэцяе месца ў сьвеце па сьмяротнасьці на душу насельніцтва ад хваробаў, зьвязаных з забруджваньнем паветра: памерлі 110 з кожных 100 000 чалавек.

Найбруднейшае паветра ў сьвеце

Нью Дэлі
Нью Дэлі

Журналісты NYT параўналі найгоршыя паказьнікі ў розных гарадах сьвету з забруджваньнем паветра ў Каліфорніі. Там колькасьць крупінак у пэўны час дасягала 200 мкг/м3. Паводле шкалы, гэта знаходзіцца ў межах «вельмі нездаровага» дыяпазону, у такім выпадку людзям раяць менш часу праводзіць на вуліцы. Але гэтая лічба ня самая горшая.

У лістападзе сёлета ў сталіцы Індыі Нью-Дэлі колькасьць крупінак дасягнула 900 мкг/м3. Індыйскія чыноўнікі абвясьцілі пра надзвычайную сытуацыю, закрылі школы і раздалі людзям маскі. Сотні рэйсаў у горад і за яго межы былі ці адмененыя, ці затрыманыя праз кепскую бачнасьць. Урад нават часова спыніў усе будаўнічыя праекты і абмежаваў колькасьць аўтамабіляў на дарозе, каб толькі ачысьціць туманнае неба.

Вярхоўны суд Індыі раскрытыкаваў чыноўнікаў штату за тое, што пытаньне забруджанасьці паветра не вырашалася раней, а папярэднія загады суду аб абмежаваньні спальваньня ў сельскай гаспадарцы ігнараваліся. Суд назваў чыстае паветра і ваду канстытуцыйным правам і заявіў, што ўлада павінна выплачваць кампэнсацыю сваім грамадзянам, калі яна не ачышчае паветра.

Чаму забруджваецца паветра?

У асноўным паветра забруджваецца ад спальваньня нечага. Напрыклад, вугалю на электрастанцыях, бэнзіну ў аўтамабілях, хімікатаў у прамысловых працэсах. Крупінкі ўтвараюцца пры пажарах. Яны настолькі маленькія, што чалавечае вока ня здольнае іх убачыць — прыкладна ў 35 разоў меншыя, чым пясчынка. У вялікіх канцэнтрацыях яны ствараюць у небе смугу, як гэта адбылося ў Нью-Дэлі.

Людзі «ня могуць працаваць і ня могуць квітнець» ва ўмовах высокага ўзроўню забруджваньня паветра, прыводзіць NYT словы Аляксандры Карамбэлас, аналітыка навакольнага асяродзьдзя і навуковай супрацоўніцы Калюмбійскага ўнівэрсытэту ў Нью-Ёрку.

А што адбываецца ў Беларусі?

Зьміцер Гераловіч кажа, што адзіныя зьвесткі, якімі можна карыстацца, дае Белгідрамэт. Але датчыкі, якія фіксуюць якасьць паветра, усталяваныя далёка не паўсюдна. Напрыклад, у Менску іх толькі пяць.

«У Беларусі ёсьць стацыянарныя пасты вымярэньня паветра і яны пастаянна манітораць сытуацыю, штодзённа дадзеныя публікуюцца на сайце Белгідрамэту, — кажа Зьміцер Гераловіч. — Але гэта сярэдняя колькасьць такіх крупінак у паветры. Немагчыма адсачыць дынаміку па часе, такая сыстэма дае сярэднія паказчыкі за дзень.

Калі грамадзяне адчуваюць, што ёсьць непрыемны пах, нейкае забруджваньне ці пажар, яны могуць напісаць заяву на вымярэньне якасьці паветра ў санэпідэмстанцыю. Прыедуць спэцыялісты, установяць мабільны пункт і будуць вымяраць якасьць паветра непасрэдна ў тым месцы, дзе людзі занепакоеныя. Гэтыя дадзеныя дасылаюць чалавеку, які напісаў заяву».

«Мы ў „Экадоме“ працуем над тым, каб зрабіць грамадзкую сыстэму маніторынгу на наяўнасьць цьвёрдых крупінак у паветры, — расказвае Гераловіч. — Але гэты працэс няхуткі. Мы хочам выйсьці на тое, каб гэта каштавала не даражэй, чым павесіць градусьнік на акно. Людзі мераюць тэмпэратуру на вуліцы, і такім жа чынам яны могуць вымяраць колькасьць цьвёрдых крупінак у паветры. Чым больш будзе людзей з такімі датчыкамі, тым больш якасныя і актуальныя будуць сабраныя зьвесткі».

На думку экаактывіста, дадзеныя трэба выводзіць на мапу, каб людзі маглі зразумець, які раён больш забруджаны ў канкрэтны час.

«З гэтага можна будзе рабіць аналітыку, чаму так адбываецца, таму што па тых жа дасьледаваньнях СААЗ было паказана, што найбольшае забруджваньне ў паветра беларускіх гарадоў прыносіць транспарт. Зразумела, што ў час пік колькасьць цьвёрдых крупінак падвышаецца, асабліва побач з дарогай.

Тыя датчыкі, якія хочам усталёўваць мы, будуць вымяраць колькасьць цьвёрдых крупінак трох тыпаў: PM2.5, PM1 і PM10. У нас будзе магчымасьць зразумець, наколькі вялікія крупінкі маюцца ў паветры тут і цяпер. Але ўсё роўна гэта не дае магчымасьці зразумець, што менавіта знаходзіцца ў паветры, зь якіх рэчываў складаюцца крупінкі. Пра гэта можна даведацца з дапамогай мабільных пунктаў».

Як палепшыць паветра ў Беларусі? На думку Зьмітра Гераловіча, гэта павінна быць комплекснае рашэньне ўладаў і грамадзкага сэктару. Напрыклад, улады могуць перавесьці грамадзкі транспарт цалкам на электрычнасьць, рабіць яго больш прывабным для людзей, каб тыя не карысталіся ўласнымі аўта. Ці яны маглі б карыстацца машынамі, якія працуюць за кошт электрычнасьці. Яшчэ адзін аспэкт — варта вывесьці прамысловасьць па-за межы гораду. Гераловіч прыводзіць у якасьці прыклада Заводзкі раён у Менску, у якім сапраўды хапае прамысловых прадпрыемстваў.

«Бяз комплекснага і цэласнага падыходу гэта немагчыма. Трэба, каб уключаліся і дзяржава, і прыватны сэктар (вытворцы, прамысловасьць), і, зразумела, людзі і грамадзкія арганізацыі», — рэзюмаваў Гераловіч.

Свабода зьвярнулася па камэнтар у «Белгідрамэт», але на момант публікацыі адказу мы не атрымалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG