Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адкрыў «Дом Масквы», а жонка будавала ў Менску элітную нерухомасьць. Што зьвязвала памерлага Юрыя Лужкова зь Беларусьсю


Былы мэр Масквы Юрый Лужкоў, 2010 год

Былы мэр Масквы Юрый Лужкоў памёр на 84-м годзе жыцьця ў адной з клінік Мюнхэна, дзе яму рабілі апэрацыю на сэрцы. Свабода прыгадала, што зьвязвала яго зь Беларусьсю.

Юрый Лужкоў быў мэрам Масквы з 1992 па 2010 год. Яго адхілілі ад пасады прэзыдэнцкім указам з фармулёўкай «у сувязі са стратай даверу». Апроч Масквы, інтарэсы Юрый Лужкоў меў і ў Беларусі.

Гуляў у тэніс з Лукашэнкам, пабудаваў «Дом Масквы»

Юрый Лужкоў быў адным зь першых спарынг-партнэраў Аляксандра Лукашэнкі на тэнісным корце.

«Выбачайце за нясьціпласьць, — сказаў неяк журналістам Лукашэнка на прэс-канфэрэнцыі, — але Ельцын са мной на корце не спраўляецца. Каржакоў не спраўляецца. Лужкоў прайграў тры разы. Апошнім разам з Лужковым мы гулялі на 5 тысяч тон масла».

Яшчэ ў 2006 годзе Юрый Лужкоў асабіста прыяжджаў у Менск кантраляваць пачатак будоўлі «Дома Масквы». Яго будавалі ў асноўным на сродкі маскоўскай мэрыі пры патранажы Лужкова. Адкрыцьцё адбылося толькі ў 2011 годзе.

Адначасова будаваўся і гандлёвы дом «Масква — Менск».

Жонка Лужкова Алена Батурына мела бізнэс у Беларусі

У Расеі Алена Батурына мае будаўнічую кампанію «Итера Девелопмент Груп». У Менску ў кампаніі ёсьць «дачка» — «ІтэраБелБуд». Гэтая кампанія займалася будаўніцтвам 32-павярховага комплексу «Парус» на скрыжаваньні вуліц Ціміразева, Танка і Кальварыйскай.

Комплекс элітнай нерухомасьці ўвялі ў эксплюатацыю ў 2015 годзе, ягоны кошт ацэньваюць у 54 мільёны даляраў. Будаўніцтва было зьвязана са скандалам, калі беларускім падрадчыкам ня выплацілі грошай.

Юры Лужкоў і Алена Батурына, 2006 год
Юры Лужкоў і Алена Батурына, 2006 год

Гэтая ж кампанія першапачаткова зьбіралася ўдзельнічаць у будаўніцтве «Мінск-сіці», але пасьля ізноў жа са скандалам выйшла з праекту. Таксама Алена Батурына хацела ўдзельнічаць і ў будаўніцтве гатэлю «Кемпінскі», але гэтага не адбылося.

Цяпер «ІтэраБелБуд» на стадыі банкруцтва і ліквідацыі.

Апроч жыльлёвага комплексу «Парус» кампанія будавала ў Беларусі:

  • Чатыры жылыя дамы з гаражамі ў Мядзьведжыне
  • Сядзібную забудову ў пасёлку Манчакі Лагойскага раёну
  • Праводзіла рэканструкцыю адміністрацыйнага будынку на вуліцы Каліноўскага.

Алену Батурыну ў 2010 годзе называлі «самай уплывовай жанчынай Расеі». У 2016 годзе яна зноў узначаліла рэйтынг Forbes з 50 самых багатых жанчын Расеі. Ёй таксама належаць кампаніі «Інтэка» і «Маскоўская інвэстыцыйная будаўнічая кампанія».

Крэслы для стадыёнаў

Алена Батурына трапіла ў «Крамлёўскі даклад ЗША», зь якога вынікае, што адзін зь яе бізнэсаў — пастаўка плястыкавых крэслаў для беларускіх спартовых арэнаў.

Гэтыя крэслы сьпярша зьявіліся на стадыёне «Дынама», а пасьля на іншых арэнах у Менску і рэгіёнах.

Паводле аўтараў даклада, Алена Батурына хацела прыватызаваць як мінімум адзін з цэмэнтных заводаў, аднак працэс быў прыпынены на ініцыятыву беларускіх уладаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG