Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інтарэсы Лужкова і Батурынай у Беларусі – хмарачосы і стадыёны


Юры Лужкоў і Алена Батурына
Юры Лужкоў і Алена Батурына
Добра пазьдзекаваўшыся з кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, расейскія мэдыі з такім жа імпэтам узяліся за новую ахвяру — мэра Масквы Юрыя Лужкова. Чырвонай ніткай у тэлесюжэтах і газэтных артыкулах прыходзіць думка, што абодва бесцырымонна "прыватызавалі" ўладу (Лукашэнка на пасадзе ўжо 16 гадоў, а Лужкоў увогуле 18), не зьбіраюцца добраахвотна яе аддаваць і ня супраць атрымаць дывідэнды ад свайго высокага статусу. Якія бізнэс-інтарэсы маюць Лужкоў і ягоная жонка Алена Батурына ў Беларусі?

Калі ў сэрыяле "Хросны Бацька" тэлеканалу “НТВ” сам Лукашэнка і ягоныя старэйшыя сыны падазраюцца ў адмываньні грошай праз разнастайныя "ліпавыя" фонды, у віну Лужкову перадусім ставяць непрыкрытае лабіраваньне бізнэс-інтарэсаў сваёй жонкі Алены Батурынай, чыя фірма "Интеко" мае значныя прэфэрэнцыі і атрымлівае самыя выгодныя замовы. Прычым, і Лужкоў, і Батурына, карыстаючыся ўваходжаньнем у высокія кабінэты на Карла Маркса, 38, пакінулі пра сябе памяць і ў Беларусі. Дарэчы, менавіта Лужкоў быў першым спарынг-партнэрам Лукашэнкі на тэнісным корце, але беларускага кіраўніка гэты арыстакратычны від спорту неяк ня ўзрушыў.

Летась у цэнтры Менску на вуліцы Камуністычнай быў адкрыты Дом Масквы, які ўзводзіўся пад патранажам і за сродкі маскоўскай мэрыі. У 4-павярховым будынку разьмясьціліся офісныя памяшканьні для прадстаўніцтваў расейскіх кампаніяў, невялікі гатэль, кінаканцэртная і канфэрэнц-заля. Меркавалася, што прымаць аб'ект будзе непасрэдна Юрый Лужкоў, але з-за траўмы нагі ягоны візыт адмяніўся.

А вось Батурына, якая ўваходзіць у лік багацейшых жанчын сьвету, на дробязі не разьменьваецца і заяўляе пра сябе куды больш маштабна — як і належыць сапраўднаму алігарху. Будаўнічая фірма "ИтераБелСтрой", даччыная кампанія холдынгу Батурынай "Итера Девелопмент Груп", пачала ўзьвядзеньне першага ў Беларусі хмарачоса на вуліцы Кальварыйскай у Менску. 32-павярховае збудаваньне вышынёй у 133 мэтры атрымала назву "Парус" і будзе першым у краіне "будынкам ХХІ стагодзьдзя". Будаўніцтва "высоткі" мяркуецца завершыць праз год.

Увогуле статыстыка сьведчыць, што ў звышпрыбытковай сфэры будаўніцтва жыльля беларускія кампаніі можна пералічыць на пальцах адной рукі. Уся дзялянка падзеленая паміж арабскімі і расейскімі забудоўшчыкамі, і расейскі сэктар так ці інакш кантралюе Батурына.

Яшчэ ў 2006 годзе маскоўскія ўлады "заслупавалі" зямельныя надзелы ў рысе Менску для будаўніцтва жылых дамоў. У склад спэцыяльна заснаванай пад гэтыя мэты "Маскоўскай інвэстыцыйна-будаўнічай кампаніі" ўвайшлі фірмы, якія заслужылі "асаблівы давер" Юрыя Лужкова. Сярод іх і "Интеко", якая ўзводзіць нерухомасьць у раёне менскага праспэкту Дзяржынскага і ў мікрараёне Лябяжы. Апроч таго, у плянах Лужкова-Батурынай — збудаваць у Беларусі ня меней за 10 сучасных гіпермаркетаў з падземнымі паркоўкамі, кінатэатрамі і рэстаранамі. Ёсьць у маскоўцаў і іншая прапанова: удзел у інвэстыцыйных праектах на прадпрыемствах прамысловых і будаўнічых матэрыялаў пры ўмове перадачы ім у пэрспэктыве кантрольнага пакету акцый.

"Наклала лапу" Алена Батурына і яшчэ на адзін надзвычай прыбытковы від бізнэсу. Некалькі гадоў таму беларускія стадыёны ў масавым парадку пачалі пераабсталёўвацца новымі плястыкавымі крэсламі, прычым, на асобных дэмантавалі сядзеньні, якія ўжо там былі. Пачалася перабудова зь менскага "Дынама", потым дадаўся "Трактар", крыты футбольны манеж. Пасьля хваля захліснула абласныя і раённыя цэнтры. Спартовы аналітык Ўладзімер Даўжэнка кажа, што ўся гэтая плястмаса — гэтаксама справа рук Батурынай. А дзеля мільённых прыбыткаў давялося расправіцца зь мясцовымі канкурэнтамі:
Лукашэнка заручыўся падтрымкай Лужкова і трэба было нейкім чынам разьлічвацца ...

"Наколькі я разумею, у свой час Лукашэнка заручыўся падтрымкай Лужкова і трэба было нейкім чынам разьлічвацца. І разьлік быў вельмі просты: раптам у Беларусі на ўсіх стадыёнах, уключна нават са Шкловам, дзе гуляе каманда трэцяй лігі "Спартак", пачалі зьяўляцца вось гэтыя сядзеньні. Хоць дзесьці ў Ўзьдзе быў наш, беларускі заводзік, які выпускаў аналягічныя сядзеньні. Каштавалі яны ад 7 да 9 даляраў за крэсла, тады як батурынскія — 18-20 даляраў. Але прыйшла санэпідэмстанцыя, пажарныя, той завод зачынілі і паўсюдна пачалі навязваць крэслы Батурынай. Нават шклоўскаму стадыёну "Спартак", дзе гуляюць каровы па цэнтры поля на тле каляровых сядзеньняў. Гэта ўвогуле трагедыя. Але такім чынам, як мне падаецца, адбыўся разьлік. І гэта ж ня толькі ў Шклове, ва ўсіх райцэнтрах. Але галоўнае, што зачынілі беларускую вытворчасьць, якая нашмат таньней".

Бізнэс "Интеко" пачаўся ў 1991 годзе зь невялікай вытворчасьці плястмасавых вёдзер і тазікаў. За наступныя 20 гадоў Алена Батурына пераўтварыла сваю кампанію ў буйны холдынг, які налічвае дзясяткі прадпрыемстваў — ад вытворчасьці будматэрыялаў да нафтахіміі і сельскай гаспадаркі. Але асноўны бізнэс кампаніі — будаўніцтва жыльля, бізнэс-цэнтраў і гатэляў. Апанэнты Батурынай перакананыя, што такі ўзьлёт быў бы немагчымы без патранажу мужа — менавіта Маскоўская дума разьмяркоўвае надзелы пад будаўніцтва, а апошнія 18 гадоў яна цалкам падпарадкаваная Юрыю Лужкову.

Дарэчы, уважлівыя назіральнікі заўважылі, што Аляксандар Лукашэнка праігнараваў 45-годзьдзе прэзыдэнта Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева, але павіншаваў з 74-м днём нараджэньня Юрыя Лужкова, пажадаўшы "здароўя і ўдачы яму і ягонай сям'і". Удача, відавочна, маскоўскаму галаве сапраўды не перашкодзіць: у абвешчанай інфармацыйнай вайне ён яўна прайграе магутнаму супэрніку — Крамлю. Пакуль жа Лужкоў узяў тайм-аўт і зьехаў адпачыць у Аўстрыю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG