Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля саміту ў Парыжы Зяленскі назваў Пуціна «складаным перамоўнікам», Пуцін сказаў пра «пацяпленьне стасункаў»


Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі (зьлева) і прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падчас сустрэчы ў Парыжы 9 сьнежня

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі па выніках перамоваў з прэзыдэнтам Расеі канстатаваў, што з Уладзімірам Пуціным «надзвычай складана дамаўляцца». Пра гэта ён заявіў журналістам у Парыжы пасьля саміту лідэраў «нармандзкай чацьвёркі».

Зяленскі: «Пуцін кожнае пытаньне разьбірае на дэталі»

Як перадае агенцтва УНІАН, на пытаньне, ці той Пуцін чалавек, зь якім рэальна весьці перамовы, Зяленскі адказаў, што так.

«Вельмі складана дамаўляцца. Ён кожнае пытаньне разьбірае на дэталі, і мы пачынаем кожнае слова спрабаваць урэгуляваць, гэта складана. Я проста іншы чалавек, я хуткі. Я думаў, што раз-раз — і дамовіліся. Не, тут ня так, іншая, скажам так, біямэханіка», — адзначыў украінскі прэзыдэнт, удакладніўшы, што толькі празь нейкі час стане зразумела, ц змогуць бакі пра нешта дамовіцца.

Уладзімір Зяленскі падчас перамоваў у «нармандзкім фармаце» пазначыў шэраг прынцыпаў, якія ён ніколі не парушыць: немагчымасьць фэдэралізацыі Ўкраіны, зьнешняга ўплыву на вэктар руху краіны і кампрамісы ў абмен на тэрыторыі.

Пуцін: «Расея не зьяўляецца бокам канфлікту»

А вось прэзыдэнт Расеі ня стаў публічна ацэньваць асобу ўкраінскага калегі, але пры гэтым заявіў пра «пацяпленьне стасункаў з Украінай», паведамляе «Настоящее время».

«Глядзіце, ужо адбыўся абмен палоннымі, дасягнулі дамоўленасьцяў аб разьвядзеньні сілаў у трох пунктах. Мы сустрэліся ў „нармандзкім фармаце“, абмеркавалі вельмі важнае кола пытаньняў і па многіх зь іх дасягнулі прагрэсу», — сказаў Пуцін, адзначыўшы неабходнасьць «наўпроставага дыялёгу паміж бакамі канфлікту». Пры гэтым ён настойвае, што Расея такім бокам «не зьяўляецца».

Расейскі прэзыдэнт таксама лічыць неабходным сынхранізаваць працэс замірэньня з правядзеньнем ва Ўкраіне палітычных рэформаў, прадугледжаных Менскімі дамоўленасьцямі. Паводле яго, у першую чаргу гаворка аб унясеньні ў Канстытуцыю Ўкраіны зьменаў, якія замацоўваюць асаблівы статус Данбасу на пастаяннай аснове. Афіцыйны Кіеў заяўляе, што ня пойдзе на аднабаковыя саступкі, калі гаворка пра цэласнасьць краіны.

«Нармандзкая чацьвёрка»: «Сустрэчы будуць працягвацца»

У Парыжы дэлегацыі Ўкраіны, Расеі, Францыі і Нямеччыны абмяркоўвалі спыненьне агню на Данбасе, абмен палоннымі, кантроль над мяжой і правядзеньне мясцовых выбараў.

На прэсавай канфэрэнцыі па выніках саміту было абвешчана пра дамову паміж прэзыдэнтам Украіны і Расеі да канца 2019 году абмяняцца палоннымі паводле формулы «ўсіх на ўсіх».

Таксама была агучана чарговая дамова пра спыненьне агню на Данбасе. Пры гэтым Уладзімір Зяленскі адзначыў, што пра такія дамоўленасьці ўжо гаварылася «два дзясяткі разоў», і кожны раз яны парушаліся.

Зяленскі і Пуцін пацьвердзілі, што не прыйшлі да пагадненьня наконт пасьлядоўнасьці мясцовых выбараў у раёнах Данбасу, якія не кантралююцца ўкраінскім урадам, і вяртаньня Ўкраіне кантролю над мяжой з Расеяй.

Наступная сустрэча «нармандзкай чацьвёркі» заплянаваная праз 4 месяцы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG