Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Масавае атручэньне ці ротавірусная інфэкцыя? На што захварэлі школьнікі ў Чавусах


Знак на ўезьдзе ў Чавусы

У Чавусах Магілёўскай вобласьці кіраўніцтва раённага аддзелу адукацыі і мясцовай сярэдняй школы № 2 адмаўляе факт масавага атручэньня вучняў і закрыцьцё гэтай навучальнай установы на карантын.

«Пасьля школы дзіця мела высокую тэмпэратуру...»

Пра атручэньне вучняў Свабодзе паведамілі некалькі крыніц з Чавусаў. Паводле іх, у шпіталь райцэнтру трапілі ад 4 да 10 дзяцей. Пасьля гэтага паўстала пытаньне пра закрыцьцё школы на карантын. Пытаньне пра яго нібыта маюць разглядаць у райвыканкаме 9 сьнежня.

«Дзіця 5 сьнежня прыйшло са школы з высокай тэмпэратурай, яго ванітавала. Бацькі выклікалі хуткую дапамогу. У лякарні сказалі, што атручэньне. Рабілі кропельніцу. Дзіця яшчэ ў шпіталі», — паведаміў Свабодзе жыхар Чавусаў, які назваўся родзічам вучня з другой чавускай школы.

Чавуская сярэдняя школа № 2
Чавуская сярэдняя школа № 2

Дырэктарка школы: ад ротавіруснай інфэкцыі пацярпелі «чалавек чатырнаццаць»

Дырэктарка гэтай школы Натальля Кірпічова настойвае: навучальная ўстанова працуе ў звычайным рэжыме. Колькасьць адсутных дзяцей у норме.

Яна кажа, што некаторыя дзеці не хадзілі ў школу празь немач, выкліканую «ротавіруснай інфэкцыяй». Вірус «выявілі ў навучальнай установе на мінулым тыдні».

«З агульнай колькасьці адсутных ротавірусная інфэкцыя была зафіксаваная ў чалавек чатырнаццаці», — даводзіць дырэктарка школы.

Паводле яе, спэцыялісты патлумачылі, што гэтая інфэкцыя, як разнавіднасьць грыпу, для яе характэрная высокая тэмпэратура. Па словах дырэктаркі школы, «пасьля трох дзён хваробы дзеці ўжо на занятках».

Каб папярэдзіць распаўсюджваньне вірусу ў навучальнай установе, узмацнілі прафіляктычныя захады бясьпекі.

Аддзел адукацыі: гэта была вонкавая крыніца інфэкцыі

Чавускі райвыканкам
Чавускі райвыканкам

Паводле начальніка раённага аддзелу адукацыі Мікалая Варанцова, вучні пачатковых клясаў зьвяртаюцца ў лякарню з галаўным болем і расстройствам страўніка, але «масавага атручэньня няма». Ён кажа, што з праблемай разьбіраліся спэцыялісты абласной і рэспубліканскай санстанцыі і ў школьнай сталоўцы ня выявілі крыніц інфэкцыі. Школу не зьбіраліся закрываць на карантын.

«Гэта была вонкавая крыніца і, як мяркуецца, у бабкі аднаго дзіцяці выявілі дызэнтэрыйную палачку, — адзначае Мікалай Варанцоў. — У людзей, якія трапілі ў лякарню, было звычайнае расстройства страўніка. Інфэкцыі не было, і іх адпускалі дамоў».

Гэты артыкул падрыхтаваны з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG