Лінкі ўнівэрсальнага доступу

50 чалавек застрэленыя на акцыі пратэсту ў Іраку


Пратэстоўцы ў Багдадзе, 6 сьнежня
Пратэстоўцы ў Багдадзе, 6 сьнежня

У ноч з 6 на 7 сьнежня на акцыі пратэсту ў Багдадзе невядомыя адкрылі агонь па дэманстрантах. Паводле зьвестак уладаў Іраку апоўдні 7 сьнежня налічылі 50 забітых і 130 параненых, піша Al Arabia. Спачатку паведамлялася толькі пра 10 забітых, пасьля пра 20.

Хто ўчыніў напад, не паведамляецца, адказнасьць на сябе ніхто ня ўзяў. Вядома, што нападнікі выгналі дэманстрантаў з будынку, які тыя займалі цягам некалькіх тыдняў, а праваахоўнікі, што былі побач, піша Al Arabia, не заміналі невядомым. Нападнікі былі на цывільных машынах, у цывільным адзеньні, адзначае Al Jazeera.

Паводле некаторых зьвестак, у спробе абараніць дэманстрантаў іншая група людзей нібыта забіла некалькіх нападнікаў.

На наступны дзень акцыі пратэсту працягнуліся і ў сталіцы Іраку, і на поўдні краіны. Прадстаўнікі Эўрапейскага зьвязу, а таксама асобна Францыі і Вялікай Брытаніі, асудзілі атаку і заклікалі да правасудзьдзя, а таксама да лепшай абароны дэмакстрантаў.

Атакі на пратэстоўцаў былі і раней. За адзін дзень 28 лістапада былі забітыя больш за 60 чалавек, за тыдзень загінулі больш як 400.

Антыўрадавыя дэманстрацыі ў Іраку працягваюцца з пачатку кастрычніка. Жыхары Багдаду і гарадоў на поўдні краіны выступаюць супраць карупцыі, беспрацоўя, замежнага ўмяшаньня і патрабуюць адстаўкі ўраду.

Прэм’ер-міністар Іраку Адзіль Абдул-Махдзі раней паабяцаў правесьці перастаноўкі ва ўрадзе, а таксама рэалізаваць рэформы ў сацыяльнай сфэры, пазьней падаў у адстаўку. Аднак дэманстранты сталі патрабаваць адстаўкі ўсяго ўраду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG