Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Іраку магутныя антыўрадавыя пратэсты. Тлумачым, чаму, хто і як пратэстуе


Антыўрадавыя дэманстранты блякуюць дарогу ў Багдадзе, 3 лістапада 2019

Удзельнікі антыўрадавых акцый у Багдадзе 3 лістапада перакрылі дарогі і заблякавалі ўрадавыя будынкі, пайшоўшы на эскаляцыю ў сэрыі распачатых месяц таму мітынгаў з патрабаваньнем палітычных пераменаў.

Чаму яны пратэстуюць

Голас Амэрыкі паведамляе, што дзясяткі тысяч чалавек зьбіраліся ў апошнія дні на плошчы Тахрыр у Багдадзе і ў гарадах на поўдні Ірака ў знак пратэсту супраць палітычнай сыстэмы, якая ўзьнікла пасьля інтэрвэнцыі ЗША ў 2003 годзе і скіданьня дыктатара Садама Хусэйна. Пратэсты спынілі працу рынкаў, фабрык, школ і унівэрсытэтаў.

Прэм’ер-міністар Абдэль Абдул Махдзі заклікаў да адкрыцьця зачыненых устаноў, заявіўшы, што пагрозы нафтавым аб’ектам і блякада дарог абышліся Іраку ў мільёны даляраў і прывялі да павышэньня спажывецкіх цэн у краіне.

Сцэна з антыўрадавай дэманстрацыі ў Багдадзе, 3 лістапада 2019
Сцэна з антыўрадавай дэманстрацыі ў Багдадзе, 3 лістапада 2019

Тысячы студэнтаў прапусьцілі заняткі, каб узяць удзел у пратэстах, абвінавачваючы лідэраў краіны ў разгуле карупцыі, высокім беспрацоўі і няякасных дзяржаўных паслугах.

У нядзелю дэманстранты заблякавалі дарогі вакол галоўнага месца пратэстаў падпаленымі шынамі і калючым дротам.

Як рэагуе ўлада

З пачатку кастрычніка сілы бясьпекі ўжывалі супраць дэманстрантаў баявой сьлезацечны газ, гумовыя кулі і баявыя патроны, у выніку чаго былі забітыя па меншай меры 256 чалавек. Пасьля кароткага перапынку пратэсты аднавіліся 25 кастрычніка.

Урад прапанаваў шэраг рэформаў, уключаючы павелічэньне колькасьці працоўных месцаў і дадатковую сацыяльную дапамогу. Ён таксама прапанаваў правесьці датэрміновыя выбары, як толькі будзе прыняты новы закон аб парадку галасаваньня.

Тым ня менш, дэманстранты па-ранейшаму кідаюць выклік ураду.

«Мы вырашылі разгарнуць кампанію грамадзянскага непадпарадкаваньня, таму што нас раздражняе хлусьня ўраду і яго абяцаньні так званых рэформаў», — Голас Амэрыкі цытуе аднаго з пратэстоўцаў.

Сцэна з дэманстрацыі перад іранскім кансулятам у Карбалі, 3 лістапада 2019
Сцэна з дэманстрацыі перад іранскім кансулятам у Карбалі, 3 лістапада 2019

Хто кіруе пратэстамі

У пратэстнага руху няма лідэраў, няма арганізацыйнай структуры, і дэманстранты не выступаюць адзіным фронтам. Тым ня менш рух прыцягнуў да сябе удзельнікаў з самых розных канфэсійных і этнічных пластоў краіны.

Парлямэнт Іраку ўхваліў законапраект аб адмене льгот і прывілеяў для высокапастаўленых палітыкаў, уключаючы прэзыдэнта, прэм’ер-міністра і міністраў, але гэты крок не аказаў практычна ніякага ўзьдзеяньня на дэманстрантаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG