Магілёўская мытня выявіла спробу паставіць з Расеі ў Беларусь больш як 23 тоны шклоамывальнай вадкасьці зь перавышэньнем дапушчальнай канцэнтрацыі мэтылявага сьпірту ў больш як 440 разоў.
Блізу беларуска-расейскай мяжы мытнікі спынілі грузавік MAN, у якім заўважылі партыю вадкасьці з падазронай маркіроўкай, што суправаджалася сумнеўнымі дакумэнтамі. Вадкасьць накіравалі на экспэртызу, і выявілі, што яе прымяненьне можа пагражаць атручваньнем.
Атрутную вадкасьць перадалі ў абласны цэнтар эпідэміялёгіі, а матэрыялы паводле прыкметаў адміністрацыйнага правапарушэньня перадалі ў Мінздароўя і Рэспубліканскі цэнтар гігіены.
Што пагражае кіроўцу або юрыдычнай асобе, адказнай за пастаўку, не ўдакладняецца.