Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Францыі — усеагульны страйк супраць пэнсійнай рэформы. Чым незадаволеныя пратэстоўцы


Удзельнікі страйку супраць пэнсійнай рэформы, Парыж, 5 лістапада 2019 году.

У Францыі распачаўся ўсеагульны страйк. Пратэстоўцы незадаволеныя пэнсійнай рэформай, якую рыхтуе ўрад. З прычыны страйку настаўнікаў закрылі большасьць школаў. Да пратэстаў далучыліся авіядыспэтчары, лекары, паліцыянты і супрацоўнікі судоў. Па ўсёй краіне заплянаваныя амаль 250 маніфэстацый.

У Парыжы пратэстуюць працаўнікі грамадзкага транспарту. У сталіцы Францыі ўведзеныя павышаныя захады бясьпекі. Там пачынаецца шэсьце ад Усходняга вакзалу праз плошчу Рэспублікі да плошчы Нацыі. На вуліцах, прылеглых да Елісейскіх палёў, усталяваныя мэталічныя загароды. Па маршруце руху пратэстоўцаў зачыненыя крамы, банкі і рэстараны. Не працуюць 11 ліній мэтро, паведамляе міжнароднае радыё RFI.

Радыкальная пэнсійная рэформа — адно з перадвыбарных абяцаньняў прэзыдэнта Францыі Эмануэля Макрона. Рэформа прадугледжвае зьмену прынцыпу налічэньня пэнсій — у французаў застанецца права выхаду на пэнсію ў 62 гады, але для атрыманьня поўнай пэнсіі ім прыйдзецца прапрацаваць мінімум да 64 гадоў. Гэты ўзрост будзе паступова павышацца, каб пэнсійная сыстэма заставалася бездэфіцытнай. Урад Францыі павінен скончыць працу над рэформай у пачатку 2020 году.

Беларусь таксама пайшла шляхам падвышэньня пэнсійнага ўзросту, але гэта ня выклікала масавых пратэстаў.

Паэтапнае падвышэньне прадугледжвае, што да 1 студзеня 2022 мужчыны будуць выходзіць на пэнсію ў 63 гады замест цяперашніх 60, а жанчыны — у 58 замест 55.

У Беларусі асновы пэнсыйнага забесьпячэньня захоўваюцца нязьменнымі ад часоў Савецкага Саюзу. У краіне дзейнічае салідарная (дзяржаўная разьмеркавальная) пэнсійная сыстэма. Права на атрыманьне пэнсіі паводле ўзросту маюць асобы, якія ажыцьцяўлялі ўнёскі ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва ня менш за 15 гадоў. У выпадку адсутнасьці мінімальнага працоўнага стажу з выплатай неабходных страхавых узносаў дзяржавай прызначаюцца сацыяльныя пэнсіі. На сёньня яны складаюць палову пражытковага мінімуму (каля 50 даляраў), для інвалідаў прадугледжаная надбаўка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG