У Парыжы на акцыі супраць рэформаў прэзыдэнта Францыі Эмануэля Макрона адбыліся сутыкненьні. Работнікі шпіталёў, пошты, дзяржаўныя служачыя і студэнты абвясьцілі агульнанацыянальны страйк, у сталіцы Францыі прайшоў марш, у якім удзельнічалі некалькі тысяч чалавек, паведамляе Міжнароднае францускае радыё.
Акцыя перарасла ў беспарадкі, актывісты пачалі граміць вітрыны банкаў і рыэлтарскіх агенцтваў. Людзі ў масках кідалі ў паліцыянтаў камянямі і бутэлькамі. Паліцыя ў адказ ужыла сьлезацечны газ.
У Францыі таксама пратэстуюць працаўнікі транспартнай сфэры. Яны выступаюць супраць рэформы Нацыянальнай кампаніі чыгунак, якая пазбавіць яе работнікаў шэрагу ільгот. Шматлікія забастоўкі выклікалі перабоі з транспартам. Прэзыдэнт Эмануэль Макрон заклікаў чыгуначнікаў «ня браць людзей у закладнікі» і не адмяняць рэйсы.
Па словах кіраўніка Францыі, рэформы дапамогуць даць новы штуршок эканоміцы краіны, а пратэстоўцы баяцца пераменаў. Апанэнты рэформаў асьцерагаюцца, што зьмены прывядуць да масавых скарачэньняў работнікаў бюджэтнай сфэры.