Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У Расеі ёсьць супольнасьць, а ў Беларусі суполкі па інтарэсах». Расейскія беларусы пра розьніцу паміж краінамі


Раскажыце пра вашу Расею — з такой просьбай мы зьвярнуліся да беларусаў, якія стала жывуць у Расейскай Фэдэрацыі. Мы папрасілі іх апавесьці жыцьцёвую гісторыю, у якой адлюстравалася б, як у кроплі вады, сутнасьць Расеі, як яны яе разумеюць.

Напэўна, невыпадкова атрымалася, што многія падзяліліся гісторыяй свайго жыцьця, бо што для чалавека бліжэйшае і больш паказальнае за ягоны ўласны лёс?

Усе нашы суразмоўцы маюць досьвед жыцьця і ў Расеі, і ў Беларусі, досьвед двух розных грамадзтваў, краінаў, культур.

Гэтыя іх досьведы неабавязкова суадносяцца як лепшае і горшае. Гэта і рознае, і іншае, і ў нечым падобнае, а ў нечым і ледзь не супрацьлеглае.

Уладзімер Казлоў, пісьменьнік:

Уладзімер Казлоў
Уладзімер Казлоў

— Улетку 2002 году, праз пару гадоў пасьля пераезду ў Маскву, я быў у службовай выправе ў Валгаградзе. Мяне вёз па горадзе таксіст-прыватнік на сіняй «пяцёрцы». Размаўлялі мы, у асноўным, аб малазначных рэчах. Але потым ён раптам прамовіў:

«Ты ведаеш, калі раптам пачнецца заваруха, я вазьму аўтамат і пайду бараніць Радзіму».

Я ня стаў пытацца, што за «заваруху» ён мае на ўвазе. Мы знаходзіліся на поўдні Расеі. Параўнальна недалёка, на Каўказе, ішла Другая чачэнская вайна, якая пачалася з уварваньня баевікоў у Дагестан за тры гады да гэтага. Празь некалькі месяцаў здарыцца захоп закладнікаў падчас мюзіклу «Норд-Ост» у Маскве, а праз два гады — напад на школу ў Бэслане.

І мне тады падалося, што таксіст казаў абсалютна шчыра, што гэта — не панты, ня рысоўка перад «маскоўскім госьцем».

За мінулыя гады шмат зьмянілася. Сёньня Расея ўспрымаецца як краіна-агрэсар у адносінах да сваіх суседзяў. Але мне хочацца верыць, што гэтая агрэсія, памножаная на імпэрскія амбіцыі, сыходзіць зьверху і накідаецца звычайным людзям з дапамогай прапаганды, і што просты таксіст у Валгаградзе ці іншым горадзе гатовы абараняць Радзіму, але не нападаць на яе суседзяў.

Кацярына Кібальчыч, журналістка Першага каналу расейскага тэлебачаньня:

Кацярына Кібальчыч
Кацярына Кібальчыч

— Я жыву ў Маскве каля 15 гадоў і, вядома, назапасіла шмат цікавых гісторыяў. Я праўда моцна задумалася, якую зь іх выбраць? Выбраць трэба актуальнае.

Найважнейшая сёньня гісторыя пра Расею — яна нам усім добра вядомая і называецца «Я/Мы Иван Голунов». Калі я даведалася пра сытуацыю з Галуновым, побач акурат былі сябры зь Менску. Мы разам разьбіраліся ў акалічнасьцях справы. Першая мая рэакцыя: «Яго хутка вызваляць». Сябры не далі веры, але я добра ведаю, як расейскае грамадзтва рэагуе на несправядлівасьць.

Галунова вызвалілі і зьнялі абвінавачваньні ўжо празь 5 дзён. Акрамя акцыяў пратэсту, была моцная салідарнасьць журналістаў, адкрыты ліст у падтрымку Галунова падпісалі 6.500 калегаў (у тым ліку і я). Вы памятаеце газэты з вокладкамі «Я/Мы Иван Голунов». Была і нябачная частка барацьбы. Уплывовыя журналісты ехалі ў адміністрацыю прэзыдэнта і патрабавалі тэрмінова зьвярнуць увагу на гэтую справу.

Аналягічна грамадзтва і акторскі цэх заступіліся за маладога актора Паўла Ўсьцінава, хоць, можна сказаць, сам ён зь іншага «лягеру», нядаўна служыў у Расгвардыі.

Гэтыя гісторыі вельмі тыповыя для Расеі. І нават да эпохі сацсеткаў, нават у правінцыі расейцы ўмелі аб’яднацца, калі бачылі тое, што тут называюць «беспредел». Пагугліце справу Алега Шчарбінскага, на якога павесілі адказнасьць за аварыю, у якой загінуў губэрнатар Алтайскага краю. Пра Алега я рабіла рэпартаж яшчэ ў 2006 годзе, зусім маладой журналісткай, якая нядаўна пераехала зь Менску. Мяне моцна ўразіла, як справа аднаго простага чалавека можа падняць усю Расею. Бо акцыі пратэсту адбываліся ва ўсіх гарадах.

Менавіта гэтым, на жаль, расейскае грамадзтва адрозьніваецца ад нашага. Справа беларускага журналіста Чудзянцова вельмі нагадвае кейс Галунова. Сумнеўнае затрыманьне з наркотыкамі — як па адным сцэнары. Адрозьненьне толькі ў рэакцыі журналісцкай супольнасьці.

Экс-кіраўнік Чудзянцова — Юры Зісер адразу падтрымаў вэрсію міліцыі і пасьмяяўся з Чудзянцова: «Ну каму ён патрэбны?» Газэткі нашыя ня сталі праводзіць уласныя расьсьледаваньні. Затое ўзгадалі ўсе брудныя падрабязнасьці асабістага жыцьця Чудзянцова. Пра Галунова, дарэчы, таксама былі спробы ўкідаў, накшталт ягоных паходаў па гей-клюбах. Але ніводнае прыстойнае СМІ ня клюнула. Задача была — дамагчыся справядлівасьці, а не ўтапіць сутнасьць у бруднай бялізьне.

А наш БАЖ, наадварот, выступіў як аддзел прапаганды МУС: «Чудзянцоў не журналіст», «Я/мы не Чудзянцоў». Чаму? Дробныя асабістыя крыўды пераважылі прынцыпы. Бо калісьці (дваццаць гадоў таму) Чудзянцоў крытыкаваў апазыцыю.

БАЖ, дарэчы, «адзначыўся» не ўпершыню. У 2014 годзе на ўсходзе Ўкраіны затрымалі прадусара НТВ беларуса Сьцяпана Чырыча паводле бязглуздага (як цяпер усе прызналі, нават Украіна) абвінавачваньня ў шпіянажы. БАЖ аўтарытэтна выступіў: так яму і трэба, беларускаму агенту Лубянкі. Аднакурсьнікі Чырыча па журфаку БДУ сядзелі ціха, як мыш пад венікам. А калі я публічна падтрымала хлопца, адразу ж прыйшлі з камэнтарамі ў стылі «дзе дым, там і полымя», «як мы можам не давяраць СБУ».

Вось вам і гісторыя, чым Расея адрозьніваецца ад Беларусі.

У Расеі супольнасьць абараняе не канкрэтнага чалавека, а прынцыпы і законы краіны, у якой мы хочам жыць.

А ў Беларусі кожны думае пра сябе, уласныя крыўды, рэпутацыю. Гэта значыць, што грамадзянскай супольнасьці проста няма. Ёсьць толькі суполкі па інтарэсах.

Кірыл Коктыш, выкладчык Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных адносінаў:

Кірыл Коктыш
Кірыл Коктыш

— Першае ўражаньне — гэта далёкае студэнцтва менчука, які трапіў у найбольш прэстыжны ўнівэрсытэт савецкай часткі сьвету, МГИМО. Гэта была журналісцкая практыка пасьля першага курсу, якая была ў Пудажы, далёкім раённым цэнтры ў Карэліі, каля Анежскага возера, куды мы трапілі з маім аднакурсьнікам. Уражаньняў тады хапіла надоўга: такога подыху лясной магутнасьці не адчувалася нават у Белавескай пушчы, калі праз гады туды трапіў.

Аднак, найбольш цікавае адбылося ў пудаскай лазьні, куды мы з маім калегам празь які тыдзень журналісцскіх вандровак па бясконцых азёрах зь дзіўнымі назвамі ды шматлікіх лясгасах упэўнена накіраваліся. Лазьню я люблю шчыраю любоўю яшчэ зь дзяцінства, калі дзед у вёсцы браў нас са стрыечным братам, а тут — амаль такая ж утульная, вясковая, і нават пабудаваная паводле падобнага праекту. У парылцы я падліваю вады на камяні, пытаюся ў шаноўнай грамады на паліцах, ці досыць, зразумела, на расейскай, і нехта з дзядоў кажа нешта накшталт «падкінь крышачку». Нешта знаёмае прагучала, на беларускі капыл, але вуха магло і памыліцца... «Трошачкі?» — пытаюся я ў адказ. «Так, так, хлапчо! Трошачкі падкінь, калі ласка!» — задаволена гучыць з паліц у адказ. «Адкуль ты?»

Потым было піва ў агульнай залі, якім беларускія дзяды, іх там было трое, частавалі нас, і доўгі аповед пра міграцію зь Беларусі ў канцы саракавых — пачатку пяцідзесятых тых, хто не пажадаў на тыя галодныя часы пайсьці ў калгас. Зьехала тады ў Карэлію беларусаў шмат, але не згубіліся, а працавітасьцю многія выбіліся наверх — больш за дзьве траціны тагачасных леспрамгасаў ачольваліся этнічнымі беларусамі. Атрыманае тады годнае адчуваньне, што нават і ў далёкай Карэліі ёсьць беларуская плынь, што яна пачалася «з нуля», але хутка здолела стаць даволі ўплывовай у мясцовых раскладах, цяжка з чым параўнаць.

Потым часта пераконваўся, што спалучэньне беларускай кемлівасьці, руплівасьці ды працавітасьці з расейскімі маштабамі часта дае выбітны вынік, калі сіла абодвух народаў складваецца ў агульную моц. Назіраў гэта і на Ўрале, і ў запалярнай Поўначы, і ў Сібіры, і на Далёкім Усходзе. Так атрымлівалася, што кожны раз гэта была добрая годная гісторыя жыцьця, якое атрымалася — ці ішла размова аб маіх сваяках, а дакладней, інжынэрнай сям’і брата майго дзеда, што на пачатку XX стагодзьдзя зьехала на Ўрал, ці аб варкуцінскіх гарняках, ці аб прыморскіх рыбаках.

За гады высьветліліся дзьве рэчы. Па-першае, савецкая імпэрыя, як да яе і расейская, нават у самыя цяжкія гады дазваляла ў якасьці нормы даволі высокі ўзровень свабоды — як мінімум, свабоды перасоўваньня. Калі не задавальняла існае, можна было пераехаць на новае месца, і там будаваць тое, што хацеў. Калі праект, кажучы сёньняшнімі словамі, быў гаспадарчы ці навуковы, і ў яго ўкладвалася душа ды натхненьне, ён зазвычай адбываўся.

Другое — што беларусы — гэта імпэрская нацыя, якая ўспрымала і савецкую, і расейскую імпэрыю як свае, дзе таленты розных народаў спалучаюцца, дзе інвэстуеш, каб атрымаць агульны плён, а не працуеш на некага чужога. Бо і сёньня цяжка знайсьці кут у Расеі, дзе не бывалі беларусы, зрабіўшы свой унёсак у агульную справу.

Зь іншага боку, існуе і доўгая гісторыя расейцаў, якія падобным жа чынам знайшлі сабе ў Беларусі. Адна з найбольш выбітных гісторыяў — гэта гісторыя Ўладзіміра Мулявіна, які стварыў славуты брэнд «Песьняроў».

Зараз іншыя часы. Расейскі маштаб і беларускі звычай рабіць усё якасна ўсё часьцей трапляюцца паасобку, што, шчыра кажучы, не на карысьць ні адным, ні іншым. Беларусы маюць свой дом, сваю дзяржаву, але без прастору для самарэалізацыі ўсё часьцей проста не рэалізуюць сябе — не хапае рэсурсаў, імпэту ды магчымасьцяў. Расейцы ня маюць праблемаў з маштабамі, але часам бракуе беларускай руплівасьці ды дбайнасьці.

І агульнае пытаньне — як выйсьці са стану, галоўнымі арытмэтычнымі дзеяньнямі зьяўляюцца «адбіраць і дзяліць», а не «дадаваць і памнажаць».

Закончыць гэтыя развагі хочацца думкай бацькі майго добрага сябра, які мае габрэйска-беларускія карані. Зараз мой сябра — адзін зь безумоўных слупоў палітычнай навукі і на Далёкім Усходзе, і ў Расеі, і нават за яе межамі, які стварае ўласныя сэнсы, а не тыражуе чужыя. Але тады, калі распаўся СССР, яму давялося вырашаць экзыстэнцыйную праблему і разам са сваім бацькам, вядомым навукоўцам, тэрмінова вывозіць сям’ю з адной з краінаў Цэнтральнай Азіі. Уласнага ўплыву ў навуцы ён тады не меў, і месца працы абіраць наўрад ці мог, а бацька, які мог выбіраць (любы ўнівэрсытэт у Расеі яго б з радасьцю ўзяў), абраў Далёкі Ўсход.

На пытаньне майго сябра ягоны бацька ўзяў мапу ды сказаў: «Глядзі, на якой адлегласьці мы тут ад Масквы. Пакуль сёньняшняя дурасьць дасюль дойдзе, у Маскве зноў ужо ўсё на месца стане». Часткова, канешне, гэтае чаканьне спраўдзілася. Але, здаецца, той праект, што аб’яднае абодва народы агульнай мэтай, яшчэ толькі павінен узьнікнуць.

Марыя Лагацкая-Зіміна, актрыса Санкт-Пецярбурскага музычнага тэатру, ляўрэатка расейскай тэатральнай прэміі «Залатая маска»

Марыя Лагацкая-Зіміна
Марыя Лагацкая-Зіміна

— Мая гісторыя — пра беларускую сьпявачку, якая ня марыла трапіць у Расею, але трапіла ў Расею. У 96-м годзе я была салісткай ансамблю «Бяседа» беларускага радыё і тэлебачаньня. Я паехала ў Санкт-Пецярбург. Я ня ведала, каму я тут буду патрэбнай са сваім беларускім мінулым і народным вакалам.

Я працавала ў рэстарацыях, на мерапрыемствах. Я пазнаёмілася з Сусанай Цырук, таксама беларускай, у Менску яна была рэжысэркай беларускага тэатру апэрэты. У Пецярбургу яна тады перакладала сусьветна вядомы мюзікл «Джэкіл і Гайд». Дзякуючы ёй мяне запрасілі на кастынг у тэатар музычнай камэдыі. Туды я ня трапіла. Але засталася ў базе тэатру і празь нейкі час мяне запрасілі ў іншы праект, на брадвэйскі мюзікл «Чаплін». Мяне ўзялі, я спадабалася як актрыса брадвэйскаму рэжысэру, і ён зацьвердзіў мяне на галоўную ролю — журналісткі Геды Хопер. За гэтую ролю я атрымала «Залатую маску» — гэта галоўная расейская тэатральная прэмія. Пра яе мараць усе людзі тэатральнага сьвету Расеі.

Гэта была казачная гісторыя.


Мне Расея падабаецца. Яна для мяне не зусім чужая краіна. У мяне па лініі маці расейскія карані. Маці нарадзілася ў Арэнбурскай вобласьці, дзядуля адтуль, бабуля з Тулы.

Пецярбург для мяне ня самы пазытыўны горад, я і зараз часта сумую па Менску, і бываю там часта, балазе ёсьць, да каго туды прыехаць. Маці там жыве, сяброў вельмі шмат. Менск больш сонечны, і Беларусь больш сонечная краіна ў параўнаньні з Пецярбургам.

Але Пецярбург мяне прыняў і я яму ўдзячная. Я даволі хутка стала пецярбуржанкай, я не пэдалявала тое, што я зь Беларусі. Хаця калі я на розных культурных мерапрыемствах агучвала са сцэны, што я беларуска, выконвала беларускія песьні, калі мяне пра гэта прасілі, гэта часта знаходзіла водгук. У Піцеры наагул вельмі любяць беларусаў. І іх тут шмат, у любой кампаніі заўсёды сустракаесься з землякамі.

Калі параўноўваць расейцаў зб беларусамі, то беларусы больш спакойныя і мэтадычныя. Расейцы больш шпаркія, больш тэмпэрамэнтныя. Але мне такі больш шпаркі тэмп жыцьця ўжо бліжэй.
Аднак Масква яшчэ шпарчэй, чым Піцер. Піцер для мяне тым і добры, што ён — нешта сярэдняе паміж Менскам і Масквой. Я спрабавала працаваць у Маскве — яна занадта шпаркая для мяне.

У Маскве іншы лад жыцьця. Масква — больш жорсткі горад, там больш суровыя ўмовы для выжываньня. Піцер прасьцей, але ў ім вышэй культурны складнік. Масква больш усяядная. Але ў Піцеры і складаней артысту-рэвалюцыянэру. Масква прымае ўсё, і трэш у тым ліку.

Генадзь Лех, інжынэр-мэталюрг, доктар тэхнічных навук, старшыня Таварыства беларускай культуры імя Францішка Скарыны гораду Масквы

Генадзь Лех
Генадзь Лех

— Будучы прафэсійным мэталюргам, шмат падарожнічаў па Расеі ў доўгатэрміновых камандзіроўках, найперш па прадпрыемствах каляровай мэталюргіі. Геаграфія вельмі шырокая — Поўнач, Паволжа, Хакасія, Урал. Пэўны час голдынг, у якім я працаваў, супрацоўнічаў з «Русским аллюминием» Алега Дэрыпаскі. Мае працоўныя паездкі былі ў Самару, Краснаярск і Саянагорск.

Ва ўсіх гэтых падарожжах мяне ўражвалі праблемы сьмецьця, кінутых гарадоў і вёсак, а таксама грандыёзных савецкіх будоўляў. Калі прылятаў у сталіцу Хакасіі Абакан, то першае, што мяне ўражвала ў аэрапорце — гэта грандыёзны макет кітайскага намесьніка Хакасіі І стагодзьдзя нашай эры. Ён займае ўсю цэнтральную прастору вэстыбюлю да самага даху. На шыльдзе напісана, што гэта падарунак амбасады Кітаю у РФ.

Алюміневы завод у Саянагорску — адзін з найбуйнейшых у сьвеце, калі ня самы вялікі. Ён вельмі добра абсталяваны, вельмі чысты, вельмі аўтаматызаваны. Выпускае тысячы тонаў алюміневых паўвырабаў у суткі па заходніх стандартах. Пераважны спажывец гэтай прадукцыі — зьнешні сьвет. 98-99% вырабаў заводу ідзе на экспарт.

Гэта было адно з апошніх прадпрыемстваў, якое пачало працаваць у СССР. Яно спажывае энэргію з Саяна-Шушанскай ГЭС, якая знаходзіцца ў 20 кілямэтрах ад заводу. Пэўны час таму Саяна-Шушанская ГЭС была самай магутнай у сьвеце, пакуль не пабудавалі яшчэ больш магутную на Амазонцы.

Адміністрацыя «РусАл» зрабіла для мяне пэрсанальную экскурсію па ГЭС. Станцыя ўражвае, плаціна вышынёй у 400 мэтраў паміж двума горнымі хрыбтамі, калясальнае вадасховішча, больш за 50 кілямэтраў у даўжыню.

Але як высьветлілася з 8 турбінаў станцыі працуюць толькі дзьве. Няма каму спажываць гэтую электрычнасьць, няма каму прадаваць. Пэрсанал станцыі ўвесь час спадзяваўся на кантакты з Кітаем. Наколькі я ведаю, праблема ня вырашылася дагэтуль.

Зь дзьвюх турбінаў ГЭС адна пачынае працаваць толькі тады, калі ў эўрапейскай частцы Расеі наступае вечар.

Калі пабудавалі Саяна-Шушанскую ГЭС, клімат у навакольлі моцна зьмяніўся. Там сталі высьпяваць грушы, яблыкі, пэрсікі.


Паміж Абаканам і Краснаярскам ходзіць хуткасны цягнік-экспрэс. Ён ідзе праз Кулундзінскі стэп, вельмі прыгожае месца, двухмэтровай вышыні трава, на небасхіле — белыя горы Саяны. Але станцыі, паселішчы, вёскі, гарады на гэтым шляху ў 600 кілямэтраў закінутыя. Людзі адтуль практычна сышлі.

Цягнік спыніўся ў адным гарадку, дзе на вуліцах не было бачна ніводнага чалавека. На вакзале — выбітыя шыбы, дрэвы, якія вырасьлі ў вэстыбюлі вакзалу, праламілі дах і выйшлі вонкі.

Калі падʼяжджаеш да Краснаярску, то бачыш велізарныя цяпліцы — яны пачынаюцца літаральна ад шляху і цягнуцца за небасхіл. Усё гэта належыць кітайскім бізнэсоўцам, якія зьяўляюцца зараз асноўным вясковым насельніцтвам Сібіру, якія кормяць сібірскія гарады.

Барыс Пастэрнак, галоўны рэдактар выдавецтва «Время», выдавец Сьвятланы Алексіевіч і Альгерда Бахарэвіча

Барыс Пастэрнак
Барыс Пастэрнак

— Душа Расеі беларускімі вачыма? Наконт вачэй я адразу задумаўся. Яны чые? Куды і адкуль глядзяць? Зь Беларусі ў Расею ці ў адваротным кірунку? Справа ў тым, што я ўжо больш за трыццаць гадоў жыву паміж Менскам і Масквой. Спачатку ў адной краіне, потым у розных, потым у нейкай... агульнай ці што? Вось, падабраў папулярнае слова — у гібрыднай.

Грамадзянства я не мяняў. Спачатку таму, што меркаваў, што будзе хуткае зьліцьцё ў адзіную краіну — да таго ішло. Калі стала зразумела, што зьліцьця ня будзе, мяняць грамадзянства расхацелася. Мне сіні пашпарт падабаецца больш за чырвоны.

Жыць у Маскве і весьці тут справы зь беларускім пашпартам не заўсёды зручна — рэгістрацыя, дадатковыя паперы, некаторыя складанасьці ў банках... Але ёсьць і цалкам адчувальныя выгады. Вось адна з апошніх. Чарговы расейскі патрыёт цікавіцца ў мяне, чый Крым. І я ўпэўнена адказваю: мая краіна займае на гэты конт выразную пазыцыю — Крым ня ваш. Ён украінскі. А калі вы хацелі, каб ён быў ваш, трэба было ўступаць з Украінай у перамовы. І адчуваю сябе пачэсным субʼектам міжнароднага права. І, што прыемна, нават толькі што заснаванае ганаровае званьне «замежны агент» мне нельга прысудзіць, таму што гэта для сваіх, а я грамадзянін іншай дзяржавы.

Беларусь — гэта для мяне яшчэ і бацькаўшчына ў самым прамым значэньні гэтага слова. Мае тата і дзядуля родам з мястэчка Варонічы Лепельскага павету Гомельскай воласьці. Зразумела, што ў пачатку мінулага стагодзьдзя ўраджэнцы мястэчка разьляцеліся адтуль па ўсім сьвеце, але самі Варонічы на карце захаваліся. Я міма іх часта праяжджаю па дарозе зь Менску ў Піцер. Трэба было б як-небудзь спыніцца.

Атрымліваецца, што на Расею я гляджу ня толькі беларускімі (па пашпарце), але і збольшага габрэйскімі вачыма. Чаму збольшага? Таму што другі мой дзед — немец. Рускі немец, разанскі аграном. Але цалкам сапраўдны — Фрыдрых Ота, лютэранін.

Дачкі Фрыдрыха Ота ўпісвалі сабе імя па бацьку хто як: адны «Фрыдрыхаўна», іншыя «Фёдараўна». Мая мама — Фёдараўна, па пашпарце руская, і гэты выбар аказаўся ўдалым. Яе сёстрам Фрыдрыхаўнам у вайну было дрэнна, хоць іх мама, мая другая бабуля — руская, з пецярбурскай шляхецкай сямʼі. (Зрэшты, калі б даведаліся, што з шляхецкай, ім бы яшчэ дадалі). Міма дому, які да семнаццатага года належаў яе бацьку, майму прадзеду, я, калі бываю ў Пецярбургу, таксама часам праходжу. І таксама варта было б, напэўна, зазірнуць. Не для рэстытуцыі, а так.

Барыс Пастэрнак і Сьвятлана Алексіевіч
Барыс Пастэрнак і Сьвятлана Алексіевіч

Такім чынам, вочы, якімі я гляджу на Расею — беларуска-габрэйска-нямецка-рускія.

Але Расея вялікая, яе адным поглядам не акінеш. Майго старэйшага брата і маму забіралі з радзільні на танку. Гэта было далёка і ад сталіц, і ад лініі фронту, у Ніжнім Тагіле. Там на Ўралвагонзаводзе танкі бязь вежаў былі ўнутрызаводскім транспартам. Яго і выдзелілі шчасьліваму бацьку, начальніку пралёту ў ліцейцы, з нагоды нараджэньня першынца.

Яшчэ адно лірычнае адступленьне. Мой брат — апошні сямейны праект мірнага часу, ён зьявіўся на сьвет роўна праз дзевяць месяцаў пасьля пачатку вайны. Я ж — першы праект пасьляваеннага міру. Нарадзіўся празь дзесяць месяцаў пасьля заканчэньня Другой усясьветнай. І ўжо ў Менску. Тады гэта быў нават не зусім Менск, а Краснае Ўрочышча, неўзабаве — Аўтазавод. На чым мяне забіралі з радзільні, ня памятаю. Але вельмі хутка па выхадных нас, юных аўтазаводцаў, бацькі вывозілі за горад на першых бартавых МАЗ-200 з лавамі. Было вельмі зручна.

Такім чынам, адно кола замкнулася — бацька ў Беларусь вярнуўся. А другое кола пачалося — я тут узьнік, але на зваротны курс пакуль ня лёг. Дарэчы, вось, мабыць, самае дакладнае самавызначэньне — я мянчук. Гэта такое наднацыянальнае паняцьце — як адэсіт або масквіч. І яно ідэалягічна нэўтральнае, што мне асабліва падабаецца. І мая дачка мянчанка. І абедзьве мае ўнучкі таксама мянчанкі, хоць старэйшая — ужо грамадзянка Ізраілю. Гэта добра, там таксама «на чвэрць наш народ». А вось мая жонка, хоць нарадзілася ў Падмаскоўі і жыве ў Менску, лічыць сябе ленінградкай. Яе бацька быў вайскоўцам і доўга там служыў.

У кожнага з нас у галаве ёсьць такі тумблер — «свой-чужы». Ён уключаецца не заўсёды па законах лёгікі, хутчэй па прыкметах сымпатыі... А часам наогул не зразумела чаму. Глядзіш футбол: «Манчэстар Сіці» супраць «Манчэстар Юнайтэд». І раптам пачынаеш заўзець за «Сіці». Або за «Юнайтэд». Зь якой нагоды?

Заўзець — адпаведнае слова! Я мянчук, і я заўзею за Расею. Як па ўсіх абʼектыўных прычынах (гісторыя сямʼі, мова, культура, сябры, радня, праца), так і не заўсёды зразумела за што. Проста яна для мяне свая, нават калі яна ўчыняе дурасьць або гадасьці. Так, і я заўзею за БАТЭ, таму што яны таксама свае. І за «Днепр», па звычцы. І пачаў заўзець за ЦСКА. Ну, гэта якраз зразумела — туды з БАТЭ перайшоў Ганчарэнка.
Па шчырасьці, я не хацеў пісаць аўтабіяграфічны эсэ. Так атрымалася, тумблер шчоўкнуў.

Алесь Чайчыц, спэцыяліст па міжнародным PR, радны БНР

Алесь Чайчыц
Алесь Чайчыц

Я нарадзіўся ў Маскве і пражыў тут больш, чым дзе-небудзь яшчэ. Зацікавіўшыся беларушчынай і вывучыўшы мову, я пачаў заўважаць, колькі навокал мяне заўсёды было беларусаў або людзей зь беларускімі сувязямі.

У маёй клясе ў школе ў некалькіх чалавек раптам высьветлілася, што як мінімум таты — беларусы (па прозьвішчах можна было здагадацца). Ва ўнівэрсытэце былі людзі з калярытнымі ліцьвінскімі прозьвішчамі і ліцьвінскай зьнешнасьцю, якія, праўда, казалі, што іхныя продкі з Украіны (людзі тут увогуле часта блытаюць Беларусь з Украінай).

На адной з маіх працаў дзяўчына з гучным прозьвішчам генэрала-антысаветчыка аказалася ня проста зь Менску, але нават выпускніцай Коласаўскага ліцэя, якая ў дзевяностыя размаўляла выключна па-беларуску. Праўда, на момант нашага знаёмства ніводнага беларускага слова зь яе чамусь было ўжо ня выцягнуць.

На іншай працы мая падначаленая аказалася па маці напалову беларускай, народжанай у Віцебску, дзе ў дзяцінстве таксама праводзіла ўсё лета. Яшчэ адна дзяўчына да распаду СССР жыла ў Горадні, але ў пачатку 90-х з бацькамі зьехала ў расейскую правінцыю і цяпер ад Беларусі падкрэсьлена дыстанцуецца.

Адзін знаёмы хмуры маскоўскі фінансіст, сам не беларус, нарадзіўся ў Нясьвіжы, пасьпеў у апошнія гады СССР перад адʼездам у Расею пахадзіць у беларускамоўны дзіцячы садок. Час ад часу празь ягоную цяперашнюю тыпова расейскую дзелавую суворасьць праступае глыбокая цёплая настальгія па Беларусі.

Іншы стары знаёмы — беларус на якуюсь мінімальную долю, але вывучыў беларускую мову і ўдзельнічаў у нашым беларускім студэнцкім грамадзкім жыцьці. Жартаваў, што цар Мікалай ІІ амаль ня меў расейскай крыві, але ж тым ня меней быў расеец.

І нават адзін мой калега-габрэй на жартаўліва-строгае пытаньне, «а якія дакладна габрэі ў цябе продкі? Украінскія? Ці, можа, польскія?», адказаў: «канечне ж, беларускія».

Паводле афіцыйных дадзеных, у Расеі пражывае паўмільёна беларусаў. Гэтая лічба, бясспрэчна, заніжаная ў некалькі разоў. Рэальная колькасьць людзей зь беларускімі каранямі, што жывуць у Расеі, — да некалькіх мільёнаў: ад ня ўлічаных ніякай статыстыкай сьвежых імігрантаў да нашчадкаў сталыпінскіх перасяленцаў у Сыбір або аўтахтонных беларусаў на Смаленшчыне. Інвэстыцыйныя банкіры, пракрамлёўскія блогеры, ІТ-прадпрымальнікі, дэпутаты Дзяржаўнай думы, алігархі, гумарысты, тэлевядоўцы, генэралы. Адны беларусы навокал.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG