Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп прыбыў зь неабвешчаным візытам у Аўганістан


Дональд Трамп разам з вайскоўцамі ЗША ў Аўганістане падчас сьвяточнага абеду. 28 лістапада 2019 году

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп 28 лістапада прыбыў зь неабвешчаным візытам у Аўганістан, каб наведаць разьмешчаных у краіне амэрыканскіх вайскоўцаў з нагоды Дня дзякаваньня. Падчас візыту ён заявіў, што ЗША «істотна» скароцяць вайсковую прысутнасьць у краіне, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Гэта першы візыт Дональда Трампа ў Аўганістан за час прэзыдэнцтва. Ён адбыўся праз тыдзень пасьля абмену палоннымі паміж Вашынгтонам і прадстаўнікамі Талібану, які спарадзіў надзеі аднавіць мірныя перамовы.

Трамп прыбыў на авіябазу Баграм у суправаджэньні дарадцы ў нацыянальнай бясьпецы Робэрта О’Браена, невялікай групы памочнікаў, агентаў Сакрэтнай службы і пулу журналістаў.

На авіябазе Трамп правёў двухбаковую сустрэчу з прэзыдэнтам Аўганістану Ашрафам Гані і выступіў перад амэрыканскімі вайскоўцамі. У сталоўні авіябазы прэзыдэнт, як традыцыйна павялося, падаваў смажанага індыка вайскоўцам, што падыходзілі да яго, а затым падзяліў сьвяточны стол з прысутнымі.

Прэзыдэнт ЗША сказаў, што працягвае рэалізоўваць плян памяншэньні вайсковага кантынгенту ЗША зь цяперашніх 12 тысяч да прыкладна 8600 салдатаў, заявіўшы пра «значнае» скарачэньне колькасьці амэрыканскіх вайскоўцаў у Аўганістане. Ён дадаў, што ЗША застануцца ў краіне «датуль, пакуль мы не заключым угоду [з талібамі] або не здабудзем поўную перамогу». Паводле Трампа, Талібан хоча дасягнуць дамоўленасьці і, відаць, імкнецца да пагадненьня аб спыненьні агню.

Як сказала прэс-сакратар Белага дому Стэфані Грышэм, паездка ў Аўганістан была заплянаваная некалькі тыдняў таму.

«Гэта небясьпечная зона, і ён хоча падтрымаць вайскоўцаў. Ён [прэзыдэнт] і спадарыня Трамп ведаюць, што на сьвяты мноства людзей знаходзяцца далёка ад сваіх сем’яў, і мы падумалі, што гэта стане прыемным сюрпрызам», — заявіла Грышэм.

Візыт адбываўся ў атмасфэры абсалютнай сакрэтнасьці, неабходнай для нацыянальнае бясьпекі. Журналісты, якія суправаджалі Трампа, ня мелі права выдаваць інфармацыю пра паездку аж да выхаду афіцыйнага паведамленьня Белага дому.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG