Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Латвіі забаранілі вяшчаньне дзевяці расейскіх тэлеканалаў


Юры Кавальчук
Юры Кавальчук

Нацыянальная Рада Латвіі па электронных СМІ (NEPLP) прыняла рашэньне спыніць у Латвіі трансьляцыю дзевяці расейскіх тэлеканалаў.

Рашэньне прынятае на падставе таго, што гэтыя каналы ўваходзяць у холдынг, бэнэфіцыярам якога зьяўляецца расейскі бізнэсовец Юры Кавальчук, які ўключаны ў санкцыйны сьпіс Эўразьвязу «за падрыў тэрытарыяльнай цэласнасьці, сувэрэнітэту і незалежнасьці Ўкраіны».

Чалец Рады па электронных СМІ Івар Абаліньш паведаміў, што пад забарону трапляюць тэлеканалы «Пецярбург — Пяты канал», «Дом кіно», «Час: далёкі і блізкі», «Бабёр», «Дом кіно прэміюм», «Музыка Першага», «О!», «Паехалі», «Тэлекафэ».

Забарона будзе дзейнічаць да моманту, пакуль Кавальчука ня будзе выкрасьлены з санкцыйнага сьпісу.

Забароненыя тэлеканалы на тэрыторыі Латвіі рэтрансьлявала кампанія Baltcom — адзін з найбуйнейшых тэлекамунікацыйных правайдэраў, якія прадстаўляюць паслугі тэлебачаньня і інтэрнэту. У пакет «Стандартны» кампаніі Baltcom акрамя дзевяці каналаў, бенэфіцыярам якіх зьяўляецца Кавальчук, уваходзяць таксама СТС Baltic і РЕН ТВ Baltic — ліцэнзаваныя вэрсіі расейскіх тэлеканалаў.

У Расеі СТС і РЕН ТБ, нароўні з Першым і Пятым каналамі, уваходзяць у «Нацыянальную Мэдыя Групу», адным з заснавальнікаў і акцыянэраў якой зьяўляецца Кавальчук. Аднак у сьпіс забароненых на тэрыторыі Латвіі тэлеканалаў СТС Baltic і РЕН ТВ Baltic не ўвайшлі.

Юры Кавальчук — расейскі мільярдэр, асноўны акцыянэр і былы старшыня рады дырэктараў банку «Расея», а таксама адзін з заснавальнікаў і акцыянэраў «Нацыянальнай Мэдыя Групы». У 2014 годзе пасьля расейскай анэксіі Крыму Кавальчук трапіў пад фінансавыя і візавыя санкцыі ЭЗ і ЗША. У заяве міністэрства фінансаў ЗША гаварылася, што бізнэсовец уваходзіць у «блізкае кола» расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна і зьяўляецца ягоным «асабістым касірам».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG