Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як у Оксфардзе з датэрміновым галасаваньнем?


Фота ©Shutterstock
Фота ©Shutterstock

Усясьветны рэйтынг унівэрсытэтаў (QS World University Rankings) сёньня ўзначальвае Масачусэцкі тэхналягічны ўнівэрсытэт, а найлепшы ўнівэрсытэт Эўропы — Оксфард. Цікава, як там з датэрміновым галасаваньнем? Ці ўсе галасуюць датэрмінова? Якія паказьнікі па зборы макулятуры? І што, нарэшце, з накіроўваньнем студэнтаў «на бульбу»?

Чэргі са студэнтаў, якія стаяць каля скрыняў датэрміновага галасаваньня — такая звыклая карціна для Беларусі апошняга дзесяцігодзьдзя. Адных «папрасілі», іншым «прыгразілі», трэцім «паабяцалі выходны». Выкладчыку (куратару, дэкану, рэктару) таксама маглі «паабяцаць», «прыгразіць», маглі яго «папрасіць». Але хто зь пяцігодкі ў пяцігодку запускае гэты ланцуг? Давайце паглядзім.

Усе ВНУ, вучэльні і каледжы, апроч Мінадукацыі, падначаленыя мясцовым органам улады. У любым выканкаме ёсьць аддзел адукацыі, а ў аблвыканкаме — цэлы камітэт. Кожны раён у сталіцы, у вобласьці і на любой пэрыфэрыі змагаецца за фінансаваньне з цэнтру, а чыноўнікі — за добрыя пасады ў будучыні. Чым выбары не падстава, каб праявіць адданасьць?

Старшыня загадвае начальніку, начальнік — дырэктару ці рэктару, а той выкладчыкам, яны — старастам, а тыя — студэнтам. У гэтым ланцужку мінімальны адсотак тых, хто адмовіць, бо «панізяць», «пазбавяць прэміі», «адлічаць», «выганяць з інтэрнату».

Гэтая схема працуе ня толькі на выбарах, а яшчэ і на прымусовых выездах на сельгаспрацы ў калгасы, зборах макулятуры, прымусовых падпісках і ўступленьні ў БРСМ.

І калі на выбарах ахвяраў няма, то ў бітве за ўраджай — ёсьць. У верасьні 2016 году на полі з бульбай у Маладэчанскім раёне загінула васьміклясьніца. Яна там аказалася праз распараджэньне чыноўнікаў — гэта чулі ўсе прысутныя на судзе пасьля яе сьмерці. Але чыноўнікаў ніяк за гэта не пакаралі, скрайнімі засталіся дзьве настаўніцы.

Але самае галоўнае — каму і навошта патрэбныя лічбы, якія так старанна малююць з дапамогай студэнтаў? У 2010 годзе на прэзыдэнцкіх выбарах вынікі абвясьцілі зранку 20 сьнежня, а ўчасткі для галасаваньня закрыліся ўвечары 19 сьнежня. Лічбы былі папярэднія, але ад асноўных адрозьніваліся мала чым. То бок усе бюлетэні змаглі апрацаваць усяго толькі за некалькі гадзін.

Таму я не зьдзіўлюся, калі ўсе гэтыя прымусы, загоны студэнтаў, як і ўсё датэрміновае галасаваньне, не патрэбныя нават арганізатарам выбараў. Гэта проста спаборніцтва чыноўнікаў паміж сабой за цёплае месца і кар’ерны рост.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG