Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як скандальны Інавацыйны ўнівэрсытэт вучыў вязьняў


Менскі інавацыйны ўнівэрсытэт

Больш за 100 зьняволеных, якія адбываюць пакараньне ў 8 беларускіх калёніях, цягам апошніх 4 гадоў дыстанцыйна атрымлівалі вышэйшую адукацыю ў Менскім інавацыйным унівэрсытэце. Сёлета так атрымалі дыплёмы МІУ 17 вязьняў, а яшчэ двое перавучыліся, атрымаўшы новую спэцыяльнасьць.

Унівэрсытэт цяпер пад пагрозай закрыцьця. Яго пазбавілі акрэдытацыі на навучаньне ў 5 асноўных спэцыяльнасьцях, хаця вучоба ў ім працягваецца. Студэнты выходзілі на страйк у абарону alma mater, рэктар МІУ Мікалай Суша падаў у міністэрства апэляцыю на рашэньне камісіі, якая правярала ўстанову. Але што да дыстанцыйнага навучаньня студэнтаў-завочнікаў МІУ, якія адбываюць пакараньне, дык яно спынілася яшчэ ўлетку. Чаму?

Рэктар МІУ Мікалай Суша дэманструе ліст з подпісам міністра адукацыі Ігара Карпенкі ад 24 траўня 2019 году.

Ліст за подпісам Карпенкі
Ліст за подпісам Карпенкі

«Да 31 жніўня 2019 году прыняць захады для спыненьня падрыхтоўкі ў дыстанцыйнай форме атрыманьня адукацыі асобаў, якія знаходзяцца ў папраўчых установах», — загадвае міністар.

У канцы ліста пазначана, што 1 красавіка прызнана, што дакумэнт, які даваў МІУ права на дыстанцыйнае навучаньне, страціў моц. Рашэньне мусіла пачаць дзейнічаць з 1 верасьня.

«У выніку мы вымушаныя былі ўсіх такіх студэнтаў адлічыць», — разводзіць рукамі Мікалай Суша.

Мікалай Суша
Мікалай Суша

Ён кажа, што для яго з калегамі гэта было цяжкае рашэньне, бо за ім лёс людзей, якім яшчэ вяртацца ў нармальнае жыцьцё.

«Але загад ёсьць загад. Давялося выканаць, хоць мы былі супраць і зьвярталіся ў міністэрства са сваім меркаваньнем. Але самае дзіўнае тое, што, калі гэтыя навучэнцы былі адлічаныя, 15 жніўня міністар Карпенка даслаў ліст, у якім тое рашэньне адклікаў. І як гэта разумець? Хто вінаваты ў закрыцьці дыстанцыйнага навучаньня для вязьняў? Мы ці ўсё ж Мінадукацыі?» — Мікалай Суша ня стрымлівае эмоцый.

«Вучыць трэба, але неяк законна». Гэта як?

У Менскім інавацыйным унівэрсытэце
У Менскім інавацыйным унівэрсытэце

Адной з прэтэнзій Мінадукацыі да дыстанцыйнага навучаньня, якое наладжана ў МІУ, ёсьць тое, што для здачы курсавых работ і праходжаньня кантрольных ды тэстаў студэнты-завочнікі могуць карыстацца аплатнымі паслугамі пэўных сайтаў. Маўляў, пра якую якасьць адукацыі можна казаць, калі заплаці — і за цябе пройдуць любы тэст, а ты яго толькі адашлеш на свой уласны акаўнт на сайце ўнівэрсытэту?

Начальнік галоўнай управы прафэсійнай адукацыі Мінадукацыі Сяргей Касьпяровіч ва ўчорашнім інтэрвію «Нашай ніве» паведаміў, што міністар адукацыі Ігар Карпенка ў выніку пазбавіў МІУ такога «прывілею», як магчымасьць кантраляваць веды студэнтаў праз тэхналёгіі онлайн. Сяргей Касьпяровіч патлумачыў, чаму гэта было зроблена.

«Пры акрэдытацыі МІУ камісія не знайшла адказаў на пытаньні, як арганізаваны вучэбны працэс у гэтых студэнтаў (завочнікаў, якія вучацца дыстанцыйна. — РС) — не паказалі нават раскладу заняткаў. Незразумела, як адбываюцца кантрольныя і бягучыя атэстацыі (практычныя, тэставыя і самастойныя работы)».

Паводле Сяргея Касьпяровіча, шмат прэтэнзіяў у правершчыкаў з дэпартамэнту кантролю якасьці Мінадукацыі ўзьнікла і да завочнікаў, якія знаходзяцца ў месцах зьняволеньня і вучыліся ў МІУ дыстанцыйна.

«Як гэта было арганізавана? Ладна, калі чалавек трапляе ў калёнію, быўшы студэнтам, — ён можа ў нейкай форме аднавіцца. Але на практыцы было так: людзі нібыта паступалі ў расейскі ўнівэрсітэт (іх было два), а пасьля першага курсу „пераводзіліся“ ў МІУ. Гэта было зроблена, каб абысьці патрабаваньне аб здачы ЦТ», — лічыць чыноўнік Мінадукацыі.

Дзівіцца Сяргей Касьпяровіч і таму, як кантраляваліся веды навучэнцаў у калёніях. Кажа, што камісія прыяжджала толькі на кантрольную атэстацыю, і гэта выклікала ў Міністэрства пытаньне да якасьці ведаў.

Страйк студэнтаў МІУ 11 лістапада
Страйк студэнтаў МІУ 11 лістапада

Рэктар МІУ Мікалай Суша зьняпраўдзіў зьвесткі пра тое, што ад Ігара Карпенкі прыходзілі лісты з прапановамі аб арганізацыі дыстанцыйнага навучаньня ў калёніях.

«Гэтага не было. Вось ліст, вы яго бачылі, што нам забаронена такое навучаньне, а вось новы ліст праз 3 месяцы, што зноў дазволена. Ды і пра што можна весьці гаворку, калі арганізавана было добра: рэгулярна пасылалі выкладчыкаў на экзамэны, давалі свой транспарт, рабілі ўсё магчымае, каб у калёніях адміністрацыяй былі створаныя належныя ўмовы для навучаньня. Цесна супрацоўнічалі з Дэпартамэнтам выкананьня пакараньняў МУС. Якасьць ведаў кантралявалася праз тэсты і кантрольныя, а навучэнцы не маглі карыстацца платнымі сайтамі — у калёніі ў інтэрнэце не паходзіш. Вядома, праводзіць заняткі ў самой калёніі нам не дазвалялі: гэта зразумела, ахоўная зона. І ніхто б такога не дазволіў», — пракамэнтаваў словы Сяргея Касьпяровіча рэктар МІУ Мікалай Суша.


«Шкада ня грошай, а патрачанага часу»

Мінчанка Людміла Ждановіч расказала, як дыстанцыйна вучыўся ў МІУ яе сын, асуджаны паводле 328-га «антынаркатычнага» артыкулу.

Аляксей трапіў у калёнію яшчэ непаўналетнім. Спачатку паступіў завочна ў расейскі ВНУ, а адтуль перавёўся ў Менскі інавацыйны ўнівэрсытэт. Адвучыўся дыстанцыйна два гады па спэцыяльнасьці «Транспартная лягістыка». Цяпер гэтую спэцыяльнасьць адмянілі. Але для Аляксея вучоба спынілася яшчэ раней.

«Улетку мне паведамілі, што ён адлічаны, бо я несвоечасова заплаціла за вучобу, — расказвае Людміла. — Пайшла разьбірацца; высьветлілася, што яны вывешвалі сьпісы ва ўнівэрсытэце, а я іх не пабачыла».

У Менскім інавацыйным унівэрсытэце
У Менскім інавацыйным унівэрсытэце

Жанчына кажа, што сына мусілі аднавіць, але ў сувязі з апошнімі падзеямі яна ўжо ня ведае, чым скончыцца для Аляксея гэтая сытуацыя.

«Каму верыць? Калі шчыра, я ўжо ня веру ні таму боку, ні другому. Вядома, шкада, што страцілі амаль 1,5 тысячы даляраў аплаты за вучобу, але больш шкада, што страцілі магчымасьць вучыцца. Калі да Лёшы прыменяць амністыю, ён у студзені выйдзе на волю, змог бы пайсьці давучвацца па спэцыяльнасьці „Транспартная лягістыка“ — яму вучоба падабаецца. Але цяпер гэта пад пытаньнем. Ня ведаю, што і рабіць», — расчаравана Людміла Ждановіч. Сын расказваў, як была арганізавана дыстанцыйная вучоба ў МІУ, і яна была гэтай сыстэмай задаволеная.

«Сьпісаць там было немагчыма, гэта дакладна, бо ў іх не было магчымасьці заходзіць на нейкія сайты, каб сьпісаць. І грошы б яны не перавялі — такое выключана. І патрабаваньні ў іх былі жорсткія, гэта таксама дакладна. Бо пасьля году навучаньня сына выключалі за непасьпяховасьць, але аднавілі: прызналі памылку і аднавілі. Мне сам рэктар званіў, прасіў прабачэньня», — кажа Людміла Ждановіч.

Мікалай Суша ў размове з карэспандэнтам Свабоды шчыра прызнаў, што ў гэты момант сіл на тое, каб аднавіць дыстанцыйнае навучаньне зьняволеных, у МІУ няма: «Спачатку трэба захаваць ВНУ, а там паглядзім».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG